Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія МВФ – ізноў у Менску


Сёньня ў Менску пасьля перапынку пачынае працу місія Міжнароднага валютнага фонду ў справе выдзяленьня Беларусі стабілізацыйнага крэдыту памерам 2 мільярды даляраў.

Паводле дарадцы прадстаўніцтва Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Юліі Лысковай, чакаецца, што місія пад кіраўніцтвам сталага прадстаўніка МВФ у Расеі Нэвэна Мацеса працягне сваю працу да пятніцы. Пра задачы місіі спадарыня Лыскова сказала:

“Працягваць перамовы па праграме, якая можа быць падтрымана крэдытам фонду. Высьвятляюцца розныя дэталі. Пакуль ідзе размова пра 2 мільярды”.

Пакуль ідзе размова пра 2 мільярды
Карэспандэнт: А зь кім яны будуць сустракацца?

“Як заўсёды з прадстаўнікамі Нацбанку, зь міністэрствам фінансаў, міністэрствам эканомікі, з усімі эканамічнымі інстытутамі”.

Місія пад кіраўніцтвам спадара Мацеса працавала ў Менску ад 27 кастрычніка да 23 лістапада. Тады ж для ўдзелу ў дыскусіі прыбыў таксама намесьнік дырэктара эўрапейскага дэпартамэнту Міжнароднага валютнага фонду Юха Кяхкянэн. Аднак лёс крэдыту застаўся нявырашаным і місія вярнулася ў Вашынгтон. У Нацыянальным банку назвалі першы этап перамоваў пасьпяховым.

Афіцыйны Менск зьвярнуўся за крэдытам у МВФ у сярэдзіне кастрычніка для павелічэньня золатавалютных рэзэрваў і стварэньня “падушкі бясьпекі” ва ўмовах крызысу. Паводле працэдуры, пасьля ўзгадненьня тэхнічных пытаньняў місія павінна падаць свае прапановы для зацьвярджэньня выканаўчай радай фонду. Раней першы намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Павал Калаур выказаў спадзяваньне, што цяперашні этап перамоваў будзе заключным, “пасьля якога рада дырэктараў МВФ прыме станоўчае рашэньне”.

Аднак паводле неафіцыйнай інфармацыі, адной з умоваў выдзяленьня крэдыту Беларусі МВФ назваў 20-працэнтную дэвальвацыю беларускага рубля.

Што памянялася ў краіне за час адсутнасьці місіі? Ці дасьць МВФ крэдыт Беларусі? Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук нагадаў, што сёньня завяршае працу тэхнічная місія МВФ:

Сёньня сытуацыя, безумоўна, крытычная, бо памяншаюцца валютныя
рэзэрвы
“А прыяжджае місія, якая будзе весьці палітычныя размовы. Дадуць ці не дадуць – залежыць на якіх варунках. Сёньня сытуацыя, безумоўна, крытычная, бо памяншаюцца валютныя рэзэрвы. Я думаю, што адно з патрабаваньняў будзе ў дэвальвацыі беларускага рубля, адмена розных адміністрацыйных мераў рэгуляваньня эканомікі. Беларускі ж урад пайшоў і на тое, што перагледзеў прагноз валавога ўнутранага прадукту і панізіў заробкі. Гэта тое, што сьведчыць пра жаданьне ўраду атрымаць гэты крэдыт. Але калі ня будуць зроблены больш рашучыя крокі, то нават гэтых двух мільярдаў даляраў хопіць на два месяцы”.

За часы супрацоўніцтва з МВФ Беларусь атрымала ад фонду два траншы крэдыту па праграме сыстэмнай трансфармацыі ў жніўні 1993 году (98 мільёнаў даляраў) і ў лютым 1995 году (амаль 102 мільёны даляраў), а таксама адзін транш крэдыту stand-by ў верасьні 1995 году(таксама амаль 102 мільёны даляраў). Пасьля гэтага МВФ больш не выдаваў Беларусі крэдытаў, бо эканамічная палітыка краіны не адпавядала рэкамэндацыям гэтай міжнароднай арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG