Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліпнішкі ўжо не ліпяць


Новае падарожжа "Свабоды" — у Ліпнішкі Івейскага раёну. Эфір — 11 сьнежня.


У Ліпнішках, на Івейшчыне ўпершыню быў 4 гады таму. Ад тае вандроўкі засталося ўражаньне жабрацтва. Праўда, 2 гады таму тут узьнік аграгарадок, трывала, як казалі, запрацавалі камэрцыйныя структуры. Але на месцы пачалося з жалобнага. За два дні да прыезду заўчасна памёр адзін з асноўных герояў мінулай перадачы, кіроўца Іван Пашкоў. Той, што спрабаваў злучыць кіроўцаў, якія сядзелі без заробкаў, у незалежны прафсаюз. Ля яго хаты сустрэў івейскага энэргетыка Зьмітра Крутава.

Крутаў: “Ехаў я з надзеяй пабачыцца са сваім аднакашнікам. Я працаваў у „Сельгасхіміі“ з 81 па 93 год. У тыя часы працавалі ў 3 зьмены. Выгружалася 4 вагоны кожныя суткі. Трымалі па 10—12 парсюкоў гаспадары. Мелі грошы, толькі што на іх не накупіцца, былі даўжэзныя чэргі. Працавала кнігарня, было некалькі прамтаварных, было некалькі ўрачоў…”

4 гады таму я пад’ехаў да невялікага аўтавакзальчыка. Пасьля архітэктурных “вышукаў” стваральнікаў аграгарадка ён “не ўпісаўся” ў плошчу, і ад яго засталася толькі лаўка пад паветкай, пра якую мясцовыя кажуць:

Спадарыня: “Зрабілі ў цэнтры лаўку — прыбіральня!”

Крочу ўбок ад цэнтру. Па вуліцы гоніць статак кароў спадарыня Алена Русакевіч. Гутарым на хаду.

Русакевіч: “У месяц 33 каровы пасьвім. 100 было гады два таму. Маладыя ня хочуць іх мець, старыя адміраюць…”

58-гадовая спадарыня Тэрэса Зянюк ды 88-гадовая цётка Ганна Кузьма вярталіся з ранішняй імшы.

Зянюк: “Як наша вуліца Млынавая — усе старыя. Кароў няма, мужыка няма — трэба наймаць пагараць. У гародзе пасадзіш мяшкоў 12 бульбы, і хапае…”

Кузьма: “Дзеткі, я не жыла добра і не жыву… Голад быў, згарэла першы год замужам, мужыка забралі. Я ўсю б вуліцу сьпісала бядотамі. Дзеткі, малюся за вас усіх, каб даў бог здароўя, каб не дачакаліся таго жыцьця, што я пражыла. Каб ня елі мякіны і лебяды, каб вайна мінула, каб былі вясёлыя і вольныя да жыцьця…”

У вернікаў Ліпнішак, аднак, адбылася падзея — у касьцёле загучала беларуская мова. Зьявіліся нацыянальна сьвядомыя сьвятары мясцовага паходжаньня. Для старых, аднак, засталася, паводле іх жаданьня, імша па-польску. Для дзяцей адкрылася нядзельная школа — таксама беларускамоўная.

Тэрэса: “Ня тое, што Кшыштаў быў паляк. Там два — айцец Юры і Андрэй.
Народу падабаецца, што на роднай мове…
Народу падабаецца, што на роднай мове…”

42-гадовую Тэрэсу ўбачыў у гародзе ля хаты. Побач днямі набытая каза — гаспадыня чакае першага малачка. У адказ на тое, як жывецца, маша рукой…

Тэрэса: “200 рублёў маю — я вартаўніца. У трактарыста 500 — што гэта за заробкі?! Вялікае беспрацоўе — закрылі плястмасавы цэх на 25 чалавек, і што? Ідзіце, людзі, куды хочаце. Бальніцу закрылі — дзе людзям лячыцца?! 25 млн. далі, каб закрыць, а чаму не 25 млн., каб пабудаваць яе далей — ніводнага акенца ня згінуўшы?! У Іўі няма месцаў. Давайце, кажуць, 100 тысяч — дадзім палату. Трэба паміраць, і ўсё…”

Прыма: “Уколы ноччу няма дзе прыняць.Урача няма ў Ліпнішках! Зь Іўя, бывае, наедуць, але ня ведаем, калі прыяжджаюць. А маладым сем’ям зь дзецьмі — што, ня трэба?!”

Апошнія словы належаць спадарыні Прыме, сустрэча зь якой наперадзе. Я ж накіроўваюся ў мікрараён Заходні, дзе пабудавана 10 “прэзыдэнцкіх” домікаў. Над першым зь іх — спадарожнікавая антэна. Ля хаты вывешвае бялізну 43-гадовая даярка Рэгіна. Разам з мужам пераехалі зь Любаншчыны. Пытаюся, як абжывалася.


Рэгіна: “Усё клеілі — столь, сьцены. Хлеўчык малы — кароў не трымаем. Зарабляем больш, чым там зараблялі — улетку 600. Там пад 280. Прыехалі ад горшага да ня надта горшага…” (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: “А што па „талерцы“ любіце глядзець?”
Мужык любіць беларускую праграму „Белсат“ глядзець…


Рэгіна: “Я — НТВ і музычныя праграмы. Мужык любіць беларускую праграму „Белсат“ глядзець…”

Браты Карабковы ўтрох жывуць на іншай ускраіне Заходняга. Усе — жывёлаводы. Хата ўмоўна падзелена на ўпарадкаваную палову з паклеенымі шпалерамі ды пафарбаванай падлогай — і неабжытую, пра якую Андрэй, старэйшы з братоў, кажа: “голы Вася”. Ацяпленьне ня ўключанае. Таму ён і сяброўка Вольга — у ватоўках. Вольга расказвае, чаму браты гаспадараць самі.


Вольга: “А яны сіроты засталіся, іхныя бацькі паўміралі, калі ім было па 8—10 гадоў…”

Карабкоў: “Ужо домік не забяруць — у мяне стаж працы 19 год. Плацяць слаба — 240 у месяц. За кватэру і прадукты заплаці, і ўсё. Я за стаж 290 маю. Ну як пражыць? На кірмашы купляем сала, гаспадаркі не трымаем — а за што?! 500 рублёў кг мукі — дзе накупляць? Бульбу пасадзілі — 5 тон накапалі. Браты памагаюць — таксама мільён атрымліваюць. (Сьмех.) Мы за гэтыя капейкі спрабуем, каб усё талкова і на хлеб хапіла…”

Накіроўваюся ў сельсавет, дзе нязьменна засталася сакратаркай выканкаму спадарыня Масло. Расказваю Марыі Францаўне пра папярэднія сустрэчы. Тая са скрухай ківае.

Масло: “Бальніцу прафукалі. Праводзілі шмат сходаў, людзі зьбіраліся — не прыслухаліся. Пабудавана вуліца Калгасная — больш за 20 домікаў і Заходняя — 10, газ падведзены. Школу новую пабудавалі гады тры як — прыродны газ, цеплата, кампутары. Усіх пэнсіянэраў брыкетам, дровамі забясьпечылі…”

4 гады таму ў поўным развале была тутэйшая, раённага маштабу, “Сельгастэхніка”. 150 кіроўцаў, якія павінны былі абслугоўваць 11 гаспадарак, сядзелі па хатах бяз працы. Цяпер тут па 22 трактары ды грузавікі. А нядаўна набылі 3 новыя МАЗы. Гэта хваліцца новы дырэктар, спадар Франц Розум.

Розум: “А павелічэньне адбылося за кошт аб’яднаньня „Сельгастэхнікі“ былой, „Сельгасхіміі“ і „Райаграпрамснаба“ — атрымалася ААТ „Івейская сельгастэхніка“. І тэхніку сагналі ў купу. Тут і эканомія сродкаў, паменшылася колькасьць дырэктараў, бухгальтараў на 50% — эканомія вялікая. Самае балючае пытаньне — з разьлікамі: больш за 5 млрд. калгасы вінны…”

Карэспандэнт: “Як гэта адбіваецца на заробках?”

Розум: “У паўтара раза больш быў бы заробак. У гэтым годзе зернем разьлічваліся. Калгасы здаюць мяса, а грошы плоціць мясакамбінат…”

Кароткае рэзюмэ ад Зьмітра Крутава, які пахадзіў са мной па вёсцы.

Крутаў: “Лукашэнкаўскія часы ня самым лепшым чынам адбіліся на вёсцы. Болей моладзі стала зьяжджаць. І што значыць, калі адно прадпрыемства, дзе людзі баяцца страціць „завышаныя“ заробкі?!”

* * *


А цяпер пра тое, ад чаго, як той казаў, “жыць стала лепей, жыць стала весялей”. У Ліпнішках каля 4 гадоў таму адкрылася першае прыватнае прадпрыемства з загадкавай назвай “Ромакс”. Я тут жа папрасіў расшыфраваць назоў заснавальніка фірмы Іосіфа Ромука, чый сын цяпер ёй кіруе.

Ромук: “Прозьвішча Ромук наша, а ў яго ў той час нарадзіўся сын Максім…”

Фірма вырабляе 14 відаў сурвэтак, туалетную паперу, якія распаўсюджваюцца па ўсёй краіне. Але галоўнае — яна дала на дзьве тысячы насельнікаў Ліпнішак яшчэ каля 80 працоўных месцаў. Іду па шумным цэху, які гаспадары выкупілі калісьці ды перарабілі з пустуючага будынка былой Сельгастэхнікі”.

Рамук: “Галя Рамук — ад „Ромакс“. (Сьмяецца.) Тры гады працуем — там 160 атрымлівалі. Ведаем, за што, хоць цэлы дзень паробім…”

22-гадовы Андрэй Барташэвіч 3 гады — адразу пасьля школы — працуе матальшчыкам паперы.


Барташэвіч: “Каб не было прадпрыемства, іншую працу шукаў бы. У калгасе дык не — за капейкі. А тут 500. Зь Ліпнішак ужо ня зьеду…”

Да гутаркі з заснавальнікам “Ромакса” спадаром Ромукам далучаецца яшчэ нядаўна галоўная бугальтарка Эвэліна Прыма.

Спадарства: “Прадукцыі даем на 3 млрд., прыбытак 240 млн. за 9 месяцаў. Па 9 дэкрэце мы ня плацім падатак на прыбытак. 90 млн. даецца на разьвіцьцё і за тое, што ў нас маладыя працуюць. І самае галоўнае — на сяле. У нас калектыў — 25—35 гадоў. Самыя незанятыя людзі, якія ня маюць прафэсіі. Мы іх навучаем, бо станкі кітайскія, польскія, з праграмным кіраваньнем. Шмат вясельляў тут гралі, 9 маладых жанчын у нас у дэкрэце…”

Я ня мог не сустрэцца з чалавекам, які ўразіў яшчэ 4 гады таму. Спадар Уладзімір Розум — адзіны ліпнішкаўскі фэрмэр. Інжынэр-тэхноляг паводле спэцыяльнасьці. Старшыня Івейскай філіі Беларускага саюзу фэрмэраў. Некаторыя не бяз зайздрасьці называюць яго “самым багатым ліпнішкаўцам”. Каржакаваты, зь цьвёрдым, дапытлівым позіркам, Уладзімір Аркадзевіч сустрэў мяне на ганку. Параўноўваем, што адбылося за 4 гады.



Карэспандэнт: “Вы па колькасьці гектараў займелі на 6 болей, па ўраджайнасьці тады 33, цяпер 75 цэнтнэраў, па вытворчасьці зерня — у 2,5 раза болей. Вы на ўздыме?”

Розум: “31 тону пшаніцы здалі ў гэтым годзе, і добра заплаціла дзяржава. Так і застаўся старшынёй фэрмэраў у раёне. Няма ўмоў — няма ахвотных. Тут цяжка ўзяць добрыя землі — яму б за 10 км далі. Крэдыт цяжка ўзяць, а з цэнамі на паліва і мэтал — немагчыма. У 98 годзе трактар каштаваў 2 тысячы даляраў, а цяпер — 17. Адна цагліна — 500 рублёў. Уявіце, як пабудаваць фэрму, гаражы?!”

На Івейшчыне 45 фэрмэраў, якія маюць у асноўным надзелы зямлі да 20 гектараў. Найбуйнейшая гаспадарка — 270. У самога Ўладзіміра Розума — за 30 гектараў.

Карэспандэнт: “Вядзецца спрэчка — калі зямлі меней за 1000 гектараў, пра будучыню і гаварыць ня варта…”

Розум: “Катэгарычна ня згодны! Сёньня можна мець 50 гектараў і быць больш рэнтабэльным, чым пры 5000. Я быў у Нямеччыне і больш за 100 гектараў ня бачыў. І яны маюць паказчыкі, да якіх нам надта доўга ісьці. Дзякуючы інтэнсыфікацыі. Там фэрмэр кажа — я павінен выйсьці і штохвілінна бачыць кароў сваіх. Ён назірае разоў 20 на дзень.

Я не прыхільнік стварэньня монстраў-калгасаў. Аграгарадкі ў маім разуменьні — дарогі, сацкультбыт, зоны адпачынку. А калгасы працягласьцю на 30—40 км — Ліпнішкі на 35 — я з гэтым ня згодны. Нерэнтабэльна. Бо адносіны спэцыялістаў — “усё роўна гэта не маё”. Нізкі ўзровень заробкаў, праца з раніцы да вечара, з сакавіка да позьняй восені без выхадных…“

Карэспандэнт: “Але й фэрмэры працуюць па 25 гадзін у суткі…”

Розум: “Я б не сказаў. Я ж і старшыня, і бухгальтар, і фэрмэр. Устаю ў 5 раніцы і працую да 11. Калі пыл устае — кідаю працу. А калгасы з 9 раніцы ў самы пыл. Я прыхільнік прыватнай уласнасьці. У нас жа на ўзроўні прэзыдэнта — „калгас павінен быць монстрам на 5—10 тысяч га!“ А чаму ён ня можа быць прыватным на іх жа?! Зьменіцца стаўленьне да працы, тэхнікі. Калгаснаму мэханізатару заплацілі, а што вырасьце, яму нецікава…”

Карэспандэнт: “Вы — мэр Ліпнішак. Што б зрабілі, каб вёска квітнела?”

Розум: “У нас паўвёскі ў Менску жывуць, хоць ня лепей. Усё роўна ў калгас не ідуць! Для ўсіх форм уласнасьці трэба падатак усталяваць ад зямлі. Хай будзе ўдвая, але дайце свабоду ў выкарыстаньні грашовых сродкаў. Другі падатак — ад выручкі. І сацфонд. І ніякіх прэтэнзіяў ня мець ні да фэрмэраў, ні да калгасаў! Бо зараз у калгасах па 30 бухгальтараў. Сёньня галоўнае — ня вытварыць зерне, а яго сабекошт. Усё роўна мы прыйдзем да прыватнай уласнасьці. Украіна, Расея, Польшча, Літва прыватныя — выжылі! І Ліпнішкі выжывуць!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG