Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь павольна набліжаецца да эўрапейскіх стандартаў у функцыянаваньні мяжы. Ад сёньня адмянілі штампы, але пакуль застаюцца памежныя зоны і “палітневыязныя”.


Штампы адмянілі, памежныя зоны — скарачаюць

З 12 сьнежня памежнікі больш ня ставяць штампаў аб перасячэньні дзяржаўнай мяжы ў пашпартах грамадзянаў Беларусі. Якія выгоды гэта дае людзям?

Афіцыйна скасаваньне штампаў тлумачыцца ўступленьнем у дзеяньне ўказу Аляксандра Лукашэнкі “Аб дакумэнтаваньні насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, які быў прыняты ў ліпені. Паводле кіраўніка прэсавай службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандра Цішчанкі, фактычна неабходнасьць у штампах адпала з-за ўвядзеньня аўтаматызаванай сыстэмы ўліку грамадзянаў, якія праяжджаюць празь мяжу:

“Зараз усе пункты пропуску на мяжы маюць аўтаматызаваныя сыстэмы ўліку, і ранейшыя мэтады ўліку, як штампы ў пашпартах, сталі атавізмам”.

Як будуць зараз правярацца дакумэнты на мяжы? Паводле палкоўніка Цішчанкі, усё засталося па-ранейшаму, акрамя таго, што ў пашпарт ня будуць ставіць штамп з датай праезду. На чыгунцы ўсе беларускія памежнікі ўжо карыстаюцца адмысловымі партатыўнымі прыстасаваньнямі для праверкі дакумэнтаў. Дарэчы, гэтыя прыстасаваньні айчыннай вытворчасьці. Яны дазваляюць счытаць інфармацыю з магнітных стужак у пашпартах і нават спраўдзіць інфармацыю ў пашпарце, набраўшы, што трэба, уручную. Такім чынам зьвесткі пра праезд мяжы трапляюць у агульную сыстэму ўліку. У цягніках такі мэтад значна скарачае час праверкі, кажуць памежнікі. На памежных пунктах у аэрапортах і на аўтамабільных дарогах памежнікам будуць дапамагаць яшчэ і стацыянарныя кампутары. Скасаваньне штампаў зьберажэ старонкі пашпартоў, адзначаюць памежнікі.

Навацыя ня тычыцца асоб без грамадзянства і замежнікаў. Аляксандар Цішчанка кажа, што гэта адпавядае сусьветнай практыцы, да таго ж будзе ў інтарэсах саміх замежных гасьцей.

“Уявіце сытуацыю: замежнік спрабуе ўладкавацца ў гатэль, а ў яго ў пашпарце няма адзнакі аб праезьдзе мяжы. Пытаньне? А такі штамп ёсьць доказам, што ён прыехаў легальна”.

Паводле Аляксандра Цішчанкі, паступова вырашаецца яшчэ адна вострая для беларускай мяжы праблема — з наведваньнем мясьцін у прымежных зонах. Памеры гэтых зон значна скараціліся, спрашчаецца рэжым іх наведваньня, паведаміў палкоўнік. Прыкладам, са сьнежня цалкам адкрыты для турыстаў Аўгустоўскі канал, які праходзіць праз прымежную зону на Гарадзеншчыне.

Назіральнікі прызнаюць, што Беларусь павольна, але набліжаецца да эўрапейскіх стандартаў у функцыянаваньні мяжы. Між тым нявырашанай застаецца праблема невыязных, сярод якіх шмат палітычных актывістаў. Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч — таксама сярод дзясяткаў актывістаў, якім праезд празь мяжу забаронены:

“Любога палітыка, грамадзкага дзеяча зь любой прычыны могуць уключыць у гэты сьпіс. Я вось у ім ужо амаль год і не магу дамагчыся тлумачэньня, зь якой прычыны. Гэтак было і зь іншымі актывістамі „Маладога фронту“. Прыкладам, Насту Палажанку, калі яны ехала на важныя мерапрыемствы за мяжой, проста ссаджвалі зь цягніка як нібыта невыязную. А потым, калі яна скардзілася ў пракуратуру, памежнікі казалі: прабачце, выйшла памылка”.

У дзяржаўным памежным камітэце не камэнтуюць пытаньні адносна сьпісаў невыязных, спасылаючыся на тое, што гэтыя сьпісы фармуюць іншыя ведамствы.
XS
SM
MD
LG