Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанна Літвіна ўганараваная прэміяй Фонду Фрыдрыха Эбэрта


Жана Літвіна
Жана Літвіна

Сёньня ў Бэрліне старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна ўганараваная прэміяй Фонду Фрыдрыха Эбэрта па правах чалавека.


Ва ўрачыстасьцях бяруць удзел старшыня Фонду Эбэрта Анке Фукс, прэм’ер-міністар фэдэральнай зямлі Брандэнбург Матыяс Пляцэк.

Прэмія Фонду Фрыдрыха Эбэрта па правах чалавека была заснаваная ў 1994 годзе сужэнцамі Карлам і Ідай Фэйст з Гамбургу, якія ўсё сваё жыцьцё прысьвяцілі абароне правоў працоўных і перадалі ўсю сваю спадчыну гэтаму Фонду.У розныя гады ляўрэатамі прэміі Фонду станавіліся прадстаўнікі Тайлянду, Чылі, Пэру, Руанды, Судану, Індыі, Казахстану, няўрадавыя арганізацыі Сэрбіі, Расеі, Ізраілю, Палестыны. Сёлета кіраўніцтва Фонду вырашала ўганараваць старшыню БАЖу Жанну Літвіну. Беларускія журналісты вельмі радыя за сваю калегу.

Рэдактар “Новага часу” Аляксей Кароль: “Гэтая прэмія заслужаная. Яна адлюстроўвае той унёсак, які рабіў БАЖ ва ўтрыманьне вольнага слова ў Беларусі. Усё ж такі з дапамогай БАЖу захавалі свае пазыцыі папяровыя СМІ і ўзьнікла новая сфэра, дзе дэмакратычная апазыцыя згуляла на апераджэньне — гэта незалежныя сайты ў інтэрнэт-прасторы. І трэцяе — гэта дзейнасьць самой Жанны Літвіной як старшыні гэтай структуры, якая здолела аб’яднаць незалежную журналісцкую супольнасьць, скіраваць яе дзейнасьць на абарону свабоды слова ў Беларусі”.

Адзін з асноўных напрамкаў дзейнасьці БАЖу — падтрымка рэгіянальнай прэсы.

Уладзімер Янукевіч, галоўны рэдактар баранавіцкай “Intex-press”: “Калі казаць пра ролю БАЖу ў захаваньні рэгіянальных СМІ, то гэта адзіная арганізацыя, якая гэтым займаецца. Калі казаць пра ролю БАЖу ў адукацыі маладых журналістаў, то большасьць тых адукацыйных сэмінараў, якія адбываюцца, праходзяць пад эгідай Беларускай асацыяцыі журналістаў, у супрацоўніцтве з замежнымі партнэрамі. Асабіста адзначана Жанна Літвіна, чалавек, які столькі гадоў займаецца гэтай дзейнасьцю, цягне вялікую працу. Гэта год за тры, як на фронце”.

Галоўны рэдактар “Газэты Слонімскай” Віктар Валадашчук: “Прэмію, якая прысуджаная Фондам Эбэрта, Жанна Літвіна заслужыла. Гэта і журналіст вельмі прафэсійны, і як кіраўнік яна вельмі энэргічны чалавек, добра ведае асабіста ўсіх журналістаў, якія працуюць у рэгіёнах. Прэмія зьяўляецца менавіта яе заслугай”.

У 2003 годзе Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала “Залатое пяро Свабоды” Ўсясьветнай асацыяцыі газэт, у 2004 годзе Эўрапейскі парлямэнт адзначыў БАЖ прэміяй імя Сахарава “За свабоду думкі”. І вось цяпер уганараваная асабіста кіраўніца арганізацыі Жанна Літвіна, якая ачольвае БАЖ ад заснаваньня — зь верасьня 1995 году.



Сёньня ў БАЖ налічваецца больш за 1200 сябраў. БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў. Сярод партнэраў арганізацыі — Эўрапейскі цэнтар журналістыкі, Літоўскі Саюз журналістаў, швэдзкі інстытут FOJO, дацкі, нарвэскі, расейскі Саюзы журналістаў, Фонд Фрыдрыха Эбэрта. Пры БАЖы стала дзейнічае Цэнтар прававой абароны СМІ, дзе працуюць юрысты, адмыслоўцы ў галіне мас-мэдыя. Асацыяцыя выдае прафэсійны часопіс “Абажур”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG