Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка згодзіцца на лібэралізацыю толькі пад ціскам”


У праграме «Званкі на Свабоду» слухачы разважаюць пра акцыю пратэсту прадпрымальнікаў, якая мае адбыцца 15 сьнежня, а таксама пра ўладу і апазыцыю. Юлія Казуліна адказвае на пытаньне, дзе зараз знаходзіцца і чым займаецца яе бацька — былы кандыдат на прэзыдэнта і былы палітвязень Аляксандар Казулін.


Сёньня Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненьне паміж Беларусьсю і Эўракамісіяй пра адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ў Беларусі.

Зіноўеў: “Думаю, Эўропа павінна прапанаваць партнэрства і Кубе. Рауль Кастра ўжо даўно ў Празе ня быў”.

Міністэрства эканомікі прапануе на год працягнуць для індывідуальных прадпрымальнікаў ільготны рэжым увозу тавараў з Расеі. 15 сьнежня актывісты аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” плянуюць правесьці марш прадпрымальнікаў. Мэта акцыі — захаваць ранейшыя ўмовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, а менавіта — каб тавары, якія маюць паходжаньне з трэціх краінаў, па-ранейшаму дазвалялася ўвозіць без дакумэнтаў.

Шаўчэнка: “Лічу неабходным папярэдзіць прадпрымальнікаў пра ажыятаж наконт заявы Андрэя Тура. Добра, калі гэта спраўдзіцца і ўмовы застануцца ранейшымі. Але гэта можа быць і спэкулятыўным крокам напярэдадні перамоваў з МВФ пра крэдыт у два мільярды з мэтай прадухіліць крыжовы ход прадпрымальнікаў 15 сьнежня. Ня трэба губляцца і зьмяншаць націск на ўладу. Лукашэнка згодзіцца на лібэралізацыю толькі пад жорсткім уплывам абставінаў і салідарнасьці гандляроў”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:


Cпадарыня: “Спадары дэмакраты! Вы абралі не зусім слушную палітыку. Трэба змагацца не за пераабраньне Лукашэнкі, а за поўнаўладзьдзе народа шляхам павелічэньня паўнамоцтваў парлямэнту: усю ўладу парлямэнту, народу ў выглядзе парлямэнта, а не цару ў асобе Лукашэнкі”.

Адказвае намесьнік старшыні Партыі БНФ і намесьнік старшыні незарэгістраванага руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

“Натуральна, што ў будучай дэмакратычнай Беларусі менавіта заканадаўству будзе аддавацца большая ўвага, алё сёньня вельмі цяжка ўплываць на тое, каб парлямэнт меў дадатковыя паўнамоцтвы. Усім нам вядома, як фармаваўся склад гэтага парлямэнту. Людзі, якія туды патрапілі, не абіраліся, а фактычна прызначаліся. Таму бязь зьмены выканаўчай улады, бязь зьмены той асобы, якая знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта, зьмены ў іншых галінах улады немагчымыя.

Наш слухач цікавіцца:

“Дзе зараз знаходзіцца Казулін? Яго нешта не чуваць. Радыё „Свабода“ не перадае. Газэты апазыцыйныя ня пішуць. Дзе ён зараз знаходзіцца?”

Адказвае дачка былога кандыдата на прэзыдэнта і былога палітвязьня Юлія Казуліна:

“Пакуль ён адпачывае. Увесь вольны час праводзіць зь сям’ёй. Зараз зьехаў на сустрэчу да сваіх сяброў. Ён не ў Беларусі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску —
266—39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375 29 391—22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG