Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьменаў у кіраўніцтве Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў не адбылося. Пасьля ўчорашняга зьезду яго па-ранейшаму ўзначальвае Аляксандар Ярашук.

У зьезьдзе бралі ўдзел каля 100 дэлегатаў з Беларускага незалежнага прафсаюзу, Свабоднага прафсаюзу мэталістаў і Cвабоднага прафсаюзу беларускага. Бліжэйшым часам структура кангрэсу павялічыцца на яшчэ адзін прафсаюз. Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіль Леўчанкаў, які ачольваў рэдакцыйную камісію на зьезьдзе:

“У кангрэс хацеў уступіць прафсаюз РЭП (радыёэлектроннай прамысловасьці), які ўзначальвае Фядыніч. Мы гэта вітаем, але ж яны падалі заяву толькі 4-га сьнежня, а зьезд быў сёньня, - за тыдзень толькі. Пры тым яны хацелі, каб мы іх прынялі і яны ўжо адразу дэлегатамі былі. Мы заяву іх разгледзелі, віталі іх намер, натуральна, але ж ёсьць пэўныя працэдуры, якія мы не маем права парушаць”.
Нягледзячы на рост колькасьці сяброў кангрэсу і якасьці іх працы, складанасьць задач на будучыню таксама расьце, кажа зноў абраны старшыня Аляксандар Ярашук:

“Раней было ўсё зразумела і проста: нас спрабавалі зьнішчыць. Нашай задачай было зьберагчыся, зьберагчы арганізацыю перамагчы пры ўсіх непараўнальных магчымасьцях”.

З плянаванага ўдалося шмат. Прыкладам, сесьці за стол перамоваў з дзяржаўнымі структурамі, прыцягнуць да сытуацыі з прафсаюзамі ў Беларусі ўвагу міжнародных арганізацый, дабіцца адмены прэфэрэнцыяў для Беларусі на пратэст супраць парушэньня правоў беларускіх працоўных. І ўсе гэтыя дасягненьні вымагаюць адказнасьці за далейшыя крокі, працягвае Аляксандар Ярашук:

“Мы сёньня ўжо з’яўляемся арганізацыяй сыстэмнай апазыцыі, якую вымушаны прызнаваць урад, зь якім мы можам сядзець за адным сталом, дзе вырашаюцца пытаньні сацыяльна-эканамічнай палітыкі і ўплываць на гэтыя рашэньні. І гэтая сытуацыя патрабуе новай якасьці, і арганізацыі, і прынятых рашэньняў, і стратэгіі і гэтак далей. Таму тое, што мне аказалі давер сёньня, гэта ня толькі радасьць, гэта і вялікая заклапочанасьць, таму што наша сытуацыя будзе разьвівацца ў адпаведнасьці выключна з тым, як будзе разьвівацца палітычная сытуацыя ў краіне. А колькі будзе доўжыцца палітычная адліга, нікому невядома”.

Асноўнае, чаго сёньня дабіваюцца прафсаюзы, свабоднага права на стварэньне першасных арганізацый прафсаюзаў.

XS
SM
MD
LG