Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зэеў Бэн Ар’е: “Гэтыя кнігі – помнікі маёй працы ў Беларусі”


Сёньня ўвечары ў Менску ў ізраільскім культурным цэнтры адбылася прэзэнтацыя кнігі “Чалавек, які скраў сьцяну плачу”.

Імпрэза стала разьвітальным жэстам амбасадара Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Зэева Бэн Ар'е.

“Чалавек, які скраў сьцяну плачу” – гэта зборнік пятнаццаці сучасных ізраільскіх апавяданьняў у перакладзе на беларускую мову Паўлы Касьцюкевіча. Дзесяць апошніх гадоў са сваіх дваццаці дзевяці спадар Касьцюкевіч жыў у Тэль-Авіве, дзе вывучыў іўрыт і добра абазнаўся ў тамтэйшым літаратурным працэсе. Узі Вайль, чый твор даў назву кнізе, Амас Оз, Эфраім Кішон, Юдыт Кацыр – выбар аўтараў і твораў кнігі невыпадковы для маладога перакладчыка:

“Пад гэтай стракатай вокладкай хаваецца прадоньне чалавечых пачуцьцяў і будні самотных душаў. Калі чытаеш гэтую літаратуру, то як і мяне, спадзяюся і вас, чытачы, не пакіне адчуваньне, што вы зрабіся сьведкамі цуду, які магчымы нават у асобна ўзятай малагабарытнай кватэры вялікага гораду”.



А рэдактар кнігі Валянцін Акудовіч цудам назваў іўрыт, які за некалькі дзесяцігодзьдзяў з мовы храмаў і біблійных тэкстаў стаў мовай ізраільскай літаратуры і яе чытачоў:

“Так хутка дэсакралізаваць гэтую мову – гэта яшчэ адзін цуд ізраільскага народу”.

Два гады таму ў беларускіх перакладах Паўлы Касьцюкевіча выйшла кніга Этгара Керэта “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам”. Абодва выданьні сталіся магчымымі, дзякуючы амбасадару дзяржавы Ізраіль у Беларусі Зэеву Бэн Ар’е. У сёньняшнім разьвітальным слове ён сказаў.

Гэта тыя два помнікі матэрыяльнай культуры, якія я па сабе пакідаю
“Вельмі добра і мне дужа прыемна, што маё разьвітаньне прыпадае менавіта на прэзэнтацыю гэтай кнігі. Таму што “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам” і цяпер “Чалавек, які скраў сьцяну плачу” – гэта тыя два помнікі матэрыяльнай культуры, якія я па сабе пакідаю, завяршаючы сваю працу на пасадзе пасла Ізраілю ў Беларусі”, – сказаў спадар Зэеў і выказаў пажаданьне дзеячам беларускай культуры рабіць усё мажлівае, каб ягонаму наступніку не даводзілася тлумачыць, навошта перакладаць ізраільскіх пісьменьнікаў на беларускую мову, калі ўсе тут гавораць па-расейску.

Зэеў Бэн Ар'е


Імпрэзу аздобіла знакамітая ізраільская песьня “Залаты Ерусалім”, якую спачатку на іўрыце прасьпявала навучэнка музычнага каледжу Маргарыта Саладухіна, а потым у перакладзе Паўлы Касьцюкевіча па-беларуску – рок-сьпявачка Настасься Чарвінская.
XS
SM
MD
LG