Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Па выніках 2008 году інфляцыя можа скласьці 13,5% замест прагназаваных 6—8%. Беларусь у далейшым разьлічвае купляць газ у Расеі па цане ня больш як 160 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў.

Індэкс спажывецкіх цэн не перавысіць у 2009 годзе 9—11%. Такія лічбы назваў сёньня намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч.

Намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч сёньня распавёў пра вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны за 11 месяцаў. Нягледзячы на праявы крызісу, па выніках працы за 11 месяцаў у цэлым у эканоміцы захоўваюцца станоўчыя тэмпы росту, адзначыў Уладзімер Адашкевіч: прырост валавага ўнутранага прадукту склаў 10,8%, тэмпы росту прамысловасьці — 12,7%, тэмпы росту інвэстыцыяў — 21,9%.

Някепска спрацавала сельская гаспадарка — год быў вельмі спрыяльны. Вырасьлі рэальныя даходы насельніцтва — гэты паказьнік пакуль вышэйшы за прагнозны — 12,1%, вырасла рэальная заработная плата. Ня выкананыя два асноўныя паказьнікі, кажа Ўладзімер Адашкевіч:

“Перавышэньне імпарту над экспартам, і другі паказьнік, што адсюль вынікае, — адмоўнае сальда зьнешняга гандлю: па выніках 10 месяцаў — мінус 2,9 мільярда даляраў, я маю на ўвазе сальда са знакам мінус”.

Па выніках году мы прагназуем інфляцыю парадку 13,5%
З-за павелічэньня цаны на газ спажывецкія кошты таксама апярэдзілі прагнозы: “Мы маем па выніках 11 месяцаў інфляцыю ў краіне 12%. Хаця мы прагназавалі інфляцыю 6%, максымум 8%. Па выніках году мы прагназуем інфляцыю парадку 13,5%”.

Тарыфы на камунальныя паслугі павялічыліся амаль на 10 даляраў у эквіваленце замест прагназаваных 5 даляраў, закупачныя цэны на збожжа, на цукровыя буракі, і вельмі істотна — на прадукцыю жывёлагадоўлі, кажа намесьнік міністра эканомікі:

“Найбольш нявыгадная вытворчасьць буйной рагатай жывёлы. Стратнасьць складала на пачатку году мінус 35%. Таму сёлета мы павялічылі закупачныя цэны на 39% на буйную рагатую жывёлу, на малако — на 25,5%, што тычыцца сьвіней — рост склаў 21%”.

Усё адно стратнасьць вытворчасьці буйной рагатай жывёлы складае 10%. Значна пагоршылася рэалізацыя сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расею, і прагнозы несуцяшальныя. Летась кіляграм сухога малака Расеі прадавалі па 4 даляры, сёлета цана ўпала да 2,5 даляраў. Сухое малако, сыры, сьметанковае масла прадаём са стратай.

На 1 сьнежня складзкія запасы вырасьлі на 8% і зараз складаюць 63% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці. Таму за апошнія дні прынятыя дзьве пастановы: беларускім прадпрыемствам дазволена фармаваць цэны на экспартаваную прадукцыю ў залежнасьці ад кан’юнктуры рынку. Гэтая ж норма распаўсюджваецца і на ўнутраны рынак. Гэта захады вымушаныя, кажа намесьнік міністра эканомікі спадар Адашкевіч:

Ужо ня кажам мы ні пра прыбыткі, ні пра нулявую рэнтабэльнасьць
“Ужо ня кажам мы ні пра прыбыткі, ні пра нулявую рэнтабэльнасьць. А ў асобных выпадках будзе рэалізацыя і сабе на страту. Каб ні ў якім выпадку не дапусьціць спыненьня вытворчасьці”.

Пачатак наступнага году будзе вельмі няпросты, прагназуе Ўладзімер Адашкевіч. Натуральна, эканамічная сытуацыя ў краіне значна залежыць ад цаны на газ.

“Нам вельмі важна, на колькі мы дамовімся з расейцамі пра кошты на газ. Вядома, мы разьлічваем, што ў наступным годзе цана на газ павінна скласьці ня больш за 160 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Але мы хацелі б разьлічваць і на 140 даляраў таксама”.

У наступным годзе інфляцыя прагназуецца 9—11%. На заканчэньне Ўладзімер Адашкевіч згадаў несуцяшальную статыстыку з суседніх краін: у Расеі па выніках 11 месяцаў інфляцыя склала 12,5%, ва Ўкраіне — 19,5%.
XS
SM
MD
LG