Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрсанальныя пэнсіі: каму — тысячы, каму — мільёны


Якую пэнсію плаціць дзяржава людзям, чые асаблівыя заслугі прызнае? Чаму пры быццам роўным падыходзе адныя атрымліваюць трыста тысяч, а іншым пашчасьціла расьпісвацца за некалькі мільёнаў?

Сяргей Законьнікаў ня памятае памер сваёй пэнсіі. Зразумела — паэт, лунае ў аблоках, жыве рыфмамі. Што яму да нашага, да зямнога?.. Але Сяргей Іванавіч абяцае ўсё ж назваць суму. Толькі спытаецца ў жонкі…

Сяргей Законьнікаў
“Ліля, колькі ў мяне пэнсія? Калі ёсьць сэкундачка, пачакайце, зараз назаву па цэтліку, бо я люблю, каб усё было дакладна. Вось. На сёньня мая пэнсія складае 479 930 рублёў. Гэта пэнсія звычайная, хаця і трошкі большая за сярэднюю. Ведаю, што бываюць пэнсіі і па 250 тысяч, але ў мяне стаж вялікі працоўны”.

Паэт Сяргей Законьнікаў — ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, якую давалі яшчэ ў савецкія часы. Паколькі Рэспубліка Беларусь абвясьціла сябе спадкаемцам БССР, то прэміі ды іншыя дзяржаўныя ўзнагароды пры налічэньні пэнсій мусяць улічвацца. Камусьці гэта дапамагае, але — ня ўсім. Сяргей Законьнікаў нават ня стаў хадайнічаць пра дадатковае налічэньне з улікам асаблівых заслуг. Чаму?

“Там жа трэба быць „сваім“, а ў нас жа ёсьць „нашы“ і „ня нашы“, „роўныя“ і „раўнейшыя“. Я гэта разумею. Разумею, што гэта не для мяне, улічваючы маю сёньняшнюю пазыцыю. Гэтую пазыцыю я не хаваю, публічна яе выказваю, і таму на пэнсію за асаблівыя заслугі не прэтэндэнт”.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны мне патлумачылі: пэнсіянэр, які мае асаблівыя заслугі і разьлічвае на адпаведную дадатковую суму, мусіць сам падаць пра гэта заяву, прыкласьці адпаведныя дакумэнтальныя доказы. Заява разглядаецца на розных узроўнях і трапляе нарэшце ва ўрад, які вырашае яе лёс.

Між тым, паводле Сяргея Законьнікава, у гэтым ланцужку не названае яшчэ адно зьвяно — адміністрацыя прэзыдэнта. Нібыта там насамрэч прымаецца канчатковае рашэньне, ад якога залежыць лёс прэтэндэнта на прызнаньне асаблівых заслуг. Камэнтаваць гэтыя зьвесткі ў міністэрстве адмовіліся. Сяргей Законьнікаў распавёў пра свайго сябра, паэта Ўладзімера Някляева: той як ляўрэат Дзяржаўнай прэміі хадайнічаў аб прызначэньні падвышанай пэнсіі, але атрымаў адмову.

Вось як, паводле былога міністра працы Аляксандра Саснова, працуе ў Беларусі пэнсійная сыстэма:

Аляксандар Сасноў
“У нас людзей падзяляюць на катэгорыі. Адна — гэта звычайныя, цывільныя. Яны атрымліваюць пэнсію паводле закону аб пэнсійным забесьпячэньні. У іх бярэцца пэўны тэрмін з працоўнага стажу, вылічваецца сярэдняя зарплата і адпаведна ёй налічаецца пэнсія. Прычым існуе адмысловая норма, і ўсё, што зараблялася звыш яе, не бярэцца пад увагу. Таму розьніца ў пэнсіях для звычайных грамадзянаў нязначная.

Але ёсьць і другая катэгорыя — былыя вайскоўцы, міліцыянты, КДБ. Карацей, хто насіў пагоны. Для іх свой закон. Пэнсіі там большыя амаль удвая.

І, нарэшце, трэцяя катэгорыя — высокія чыноўнікі, дэпутаты “палатак”. Ім паводле адмысловага ўказу пэнсія вызначаецца ў межах пэўнага адсотку ад ранейшага заробку. Але там
Ёсьць умова — чыноўнік мусіць адпрацаваць пяць гадоў менавіта пры Лукашэнку
ёсьць умова — мусіць адпрацаваць пяць гадоў менавіта пры Лукашэнку”.

Міхаіл Чыгір
У 1996-м, напярэдадні рэфэрэндуму, які пашырыў паўнамоцтвы прэзыдэнта, Аляксандар Сасноў на знак пратэсту падаў у адстаўку.
Міхаіл Марыніч
Міністрам ён пасьпеў адпрацаваць усяго два гады і на падвышаную пэнсію разьлічваць ня можа ў любым выпадку, нават каб стаў зараз на бок Лукашэнкі. Гэтак жа, як былы прэм’ер Міхаіл Чыгір ды некаторыя іншыя міністры, якія не паразумеліся з Аляксандрам Лукашэнкам ці былі кінутыя за краты, як Міхаіл Марыніч
Мечыслаў Грыб
той паспрабаваў вылучацца на прэзыдэнта.

Некаторыя з апазыцыянэраў усё ж атрымліваюць пэнсію, большую за звычайную: болей за мільён — былы старшыня Вярхоўнага савету Мечыслаў Грыб як генэрал-лейтэнант міліцыі, былы міністар абароны
Павал Казлоўскі
Павал Казлоўскі як колішні вайсковец. Сярод тых, каму пашанцавала болей, — і Станіслаў Багданкевіч, былы дэпутат Вярхоўнага савету, цяпер ганаровы старшыня Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, якая знаходзяцца ў апазыцыі. Станіслаў Антонавіч патлумачыў, як ён апынуўся ў ”прывілеяванай” групе:
Станіслаў Багданкевіч


“Мне таксама не прызначалі, дык я падаў у суд. Бо паводле закону мусяць даваць як чыноўніку, калі адпрацаваў болей за 25 гадоў у дзяржаўным банку, а не ў камэрцыйным. Пашанцавала, добры судзьдзя папаўся. А вунь Станіславу Шушкевічу ўвогуле нічога фактычна не даюць”.

Станіслаў Шушкевіч
Выпадак са
Пэнсія Станіслава Шушкевіча — прыблізна тры даляры.
Станіславам Шушкевічам сусьветна вядомы: ягоная пэнсія вартая кнігі рэкордаў Гінэса — прыблізна тры даляры. Атрымалася гэтак з-за таго, што паводле адмысловага ўказу Аляксандра Лукашэнкі пэнсія першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу з 1990-х гадоў не індэксуецца.

Паводле нядаўняга дэпутата Нацыянальнага сходу, які пажадаў захаваць ананімнасьць, ягоны заробак у парлямэнце складаў болей за 2 тысячы даляраў. Такім чынам, ён можа разьлічваць на пэнсію ў два-тры мільёны.

Васіль Шлындзікаў
Экс-дырэктар аб’яднаньня “Амкадор” Васіль Шлындзікаў таксама чуў менавіта пра такія лічбы. Сам былы дэпутат Васіль Шлындзікаў атрымлівае звычайную пэнсію — крыху болей за чатырыста тысяч. Гэткі ж мізэр маюць цяпер ці ня ўсе дырэктары прадпрыемстваў, у тым ліку найбуйнейшых, на якіх сёньня трымаецца эканоміка краіны. Спадар Шлындзікаў:

“Гэта мне быў такі тост ад аднаго вядомага чалавека, які сказаў на маім юбілеі: “Вы шмат зрабілі, Васіль Міхайлавіч, але наколькі вас за гэта шануе дзяржава, вы зразумееце, калі атрымаеце сваю першую пэнсію”.

Пётра Садоўскі
Васіль Шлындзікаў ня кінуў працаваць і дагэтуль разьлічвае толькі на свае сілы і розум. Гэтак, як і былы амбасадар у Нямеччыне і былы дэпутат Пётра Садоўскі. Ягоная пэнсія — 480 тысяч, але ён не перастаў працаваць, нядаўна напісаў кнігу, удзельнічае ў грамадзкім жыцьці. Паводле Пятра Садоўскага, непразрыстасьць у справе заробкаў і пэнсій ёсьць прыкметай палітычнага ладу краіны:

“Вось у Нямеччыне, прыкладам, кожны год выходзіць кніга, якая называецца: „Хто колькі зарабляе?“ У мяне такая кніга ёсьць, толькі не апошняя. Там табліцы, графікі, і вельмі лёгка вылічыць, хто колькі атрымлівае пэнсіі”.
XS
SM
MD
LG