Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ціхана і Дзевятоўскага забралі алімпійскія мэдалі


Вадзім Дзевятоўскі й Іван Ціхан на алімпійскіх гульнях у Пэкіне

Вадзім Дзевятоўскі й Іван Ціхан на алімпійскіх гульнях у Пэкіне

Беларускія лёгкаатлеты, кідальнікі молата Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі абвінавачаныя ва ўжываньні забароненых прэпаратаў падчас Алімпійскіх гульняў у Пэкіне ў жніўні 2008 году.

Такая інфармацыя зьявілася на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК). Дысцыплінарны камітэт МАК паведамляе, што Іван Ціхан пазбаўляецца трэцяга месца, бронзавай узнагароды і дыплёму Алімпіяды-2008. Вадзім Дзевятоўскі мусіць таксама вярнуць у распараджэньне МАК атрыманую срэбную ўзнагароду і дыплём. Апроч таго, ён дыскваліфікуецца за паўторнае ўжываньне допінгу і ўжо ніколі ня зможа ўзяць удзел у галоўных стартах чатырохгодзьдзя. У 2000 годзе спартовец ужо быў дыскваліфікаваны за ўжываньне стымулятараў.

У інтэрвію Радыё Свабода Вадзім Дзевятоўскі спадзяецца, што гаварыць пра радыкальныя наступствы яшчэ заўчасна:

“Наконт дыскваліфікацыі яшчэ рана гаварыць, таму што мы маем права абараняць свае правы.
Мы ведаем, што ні ў чым не вінаватыя, і таму будзем змагацца да канца.
Мы ведаем, што ні ў чым не вінаватыя, і таму будзем змагацца да канца. Натуральна, што зараз пойдуць працэдурныя, юрыдычныя спосабы абароны. Дагэтуль у нас не было варыянтаў, як проста чакаць гэтага часу, таму што яны самі там усё гэта і распачалі. Але ніхто не спадзяваўся на станоўчае рашэньне”.

Дысцыплінарны камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэту канстатуе, што рашэньне набывае сілу “неадкладна”. Аднак канчатковы вэрдыкт усё ж павінна агучыць Міжнародная асацыяцыя Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі — калі спартоўцы ўсё ж будуць аспрэчваць “прысуд” МАК.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG