Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завод “Электра­рухавік”: Каляды за свой кошт


Управа заводу “Электрарухавік”

Управа заводу “Электрарухавік”

Магілёўскі завод “Электрарухавік” ад лістападу мае праблемы са збытам прадукцыі, блізу дзьвюх трацінаў якой пастаўляе ў Расею.


Паводле кіраўніцтва, расейскія спажыўцы не пацьвярджаюць канкрэтнымі заяўкамі заключаныя дамовы на пастаўку электрарухавікоў. Расейцы тлумачаць гэта адсутнасьцю грошай. Тым часам новы год працоўныя “Электрарухавіка” сустрэнуць у адпачынку за свой кошт.

У Маскоўскай кампаніі “Энэрал-цэнтар”, які забясьпечвае электратэхнічным абсталяваньнем сталічны рэгіён Расеі, паведамілі, што ня могуць набыць прадукцыі магілёўскага заводу з прычыны фінансавага крызісу:

“У Расеі цяпер сытуацыя складаная, бо грошай цяпер наяўных, грошай ліквідных мала. Аб’ёмы продажу насамрэч зьменшыліся, адпаведна зьменшыліся заказы, і ўсё гэта пайшло па кругу”, — зазначыла супрацоўніца кампаніі Натальля Разумоўская.

Паводле яе, з усёй намэнклятуры прадукцыі магілёўскага заводу запатрабаванымі на расейскім рынку застаюцца электрарухавікі, якія здольныя працаваць у выбухованебясьпечным асяродзьдзі.

“Па агульнапрамысловай прадукцыі ім ёсьць з кім канкураваць у Расеі. Адзінае, што па выбуховікам застануцца, бо замяніць іх сапраўды няма чым”.

Аднак такая прадукцыя не патрабуецца ў вялікай колькасьці. Дый яе набываць сталі менш.

“Яны набываюць іх, але не ў такім аб’ёме, як раней. Замаўлялі па пяць тысяч. Бяруць не пад склад, а менавіта пад вытворчасьць. Вось ім сто штук патрэбна — яны сто штук бяруць, а ня сто дваццаць. У гэтым пляне, канечне, дрэнна”.

Акрамя выбухаабароненых электрарухавікоў, завод вырабляе яшчэ некалькі дзясяткаў відаў электратэхнічнай прадукцыі. На постсавецкай прасторы ў “Электрарухавіка” шаснаццаць канкурэнтаў, таму пераарыентавацца на іншых спажыўцоў заводу надзвычай цяжка. Зьмяншэньне попыту на прадукцыю нэгатыўна адбіваецца на фінансавай стабільнасьці прадпрыемства — паменела абаротных сродкаў.

Сталоўку здалі пад краму
Рабочыя кажуць: ім ужо паведаміла начальства, што ад 25 сьнежня да 12 студзеня іх адпраўляюць у адпачынак за свой кошт. У гэтую пятніцу яны будуць працаваць за дзьве траціны заробку.

Каб вырашаць свае фінансавыя праблемы, “Электрарухавік” прадае і здае ў арэнду недабудаваныя завадзкія цэхі і іншыя плошчы. Прыкладна месяц таму ў сталоўцы прадпрыемства разьмясьцілася мэблевая крама.
XS
SM
MD
LG