Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нашы сходы-зборкі-тусоўкі страцілі сваю дзівоснасьць.

Мы раптам заўважылі, што сядзім у халодным памяшканьні ў куртках, як рэвалюцыйныя матросы; што выступоўца на сцэне асьветлены са спіны; што яго кепска чуваць і гаворыць ён нешта ня тое; што ў залі дзьве траціны месцаў пустыя, што канцэрт зладжаны абы як...

“Нас не паважаюць” – закралася невядомая раней думка.

Кудысьці прапала дзіва, эўфарыя, безумоўнасьць посьпеху беларускай тусоўкі. Як тое было апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў. Мы ўжо не пытаемся, дзе ўсё пачутае можна набыць на дыску (трэба аж да зарэзу!), а толькі бурчым: арганізатары “лажануліся”. Яшчэ й грошы садралі немалыя.

Мы сталеем

Дзіва ранейшых тусовак трымалася зусім не на добрай арганізацыі, гук быў яшчэ горшы, а ў залі набівалася столькі, што не было чым дыхнуць. Але энэргетыка сцэны й натоўпу забірала нас даастачы. Людзі, што выходзілі з паказам, былі нібы чымсьці азораныя й выцягвалі любое дзейства ў шэдэўр. Ды нават проста сумоўе паміжсобку давала нам адчуваньне ўздыму.

Дзіва, між іншым, ніхто не выклікаў. Яно як прыйшло само, так само цяпер і прапала. Можа быць, здарылася тое, што здараецца з кожным – да сталасьці твае гадЫ цябе нясуць, а пасьля – ты іх? Як у старым вершы:

Калі спаўняюцца сямнаццаць
Тваіх надзеяў і гадоў,
Слабеюць крылы у Пэгаса,
Ён пачынае спатыкацца
Ў выбоінах чужых сьлядоў.

Навокал толькі пыл-курога
І нудны звон пад абадом,
І аднастайная дарога,
І конь вязе так марна-доўга,
Што ты саскокваеш на дол

І сам узвальваеш на сьпіну
Свайго стамлёнага каня,
І цягнеш, цягнеш несупынна
Ўжо не каня, а груд каніны,
І ўсё бліжэй, бліжэй зямля.

Сыход дзіва з тусоўкі супаў па часе з дыскусіяй вакол “Нашай Нівы” і, як у мэтафары, адбіўся ў ёй. Большасьць камэнтатараў абурыліся тым, як “лажанулася” рэдакцыя з правапісам, рэдка хто выказаў разуменьне, тым больш -- словы падтрымкі. Атрымаўся люстэркавы адбітак нашых цяперашніх тусовак ды імпрэзаў. Дзейства не дае эўфарыі, значыць – лажа. А можа быць, гэта сталеньне?

Профі замест шаманаў

Ну ўявіце сабе, што ў разумна сабранай залі пры адэкватнай тэмпэратуры добра асьветленыя выступоўцы гавораць і сьпяваюць цікавыя рэчы. Цалкам верагодна, што вы пакінеце такую імпрэзу з адчуваньнем дзіва, але гэта будзе ўжо ня зь неба ўпалае дзіва, а -- рукатворнае, стварэньне якога патрабуе арганізатарскага ўменьня, прафэсіяналізму й таленту. Прадуманасьць імпрэзы ў дэталях сьведчыць пра павагу да нас, хто сабраўся ў залі. Цяпер мы ня будзем наракаць на дрэнную арганізацыю, на дэталі (бо няма тых недахопаў), а замест гэтага адчуем удзячнасьць ініцыятарам сходу, канцэрту ці чаго б там ні было.

І вось -- “Наша Ніва”. Тое, што яна блізкая вам ідэйна, нікуды ня дзелася (інакш гаворкі не было б наогул). Але вам забракавала Газэты – прафэсійнага прадукту. Вы гэта адчулі, а “мачыць” іх кінуліся за правапіс.

Здаецца, Рыгор Родчанка прыдумаў калісьці такі каламбур: “Які ж ты, браце, журналіст, калі ліеш ты жур на ліст?”

Вядома, сёньня журналістам называе сябе кожны ахвочы. Вядома й тое, што пры наяўнасьці пэўнае інтуіцыі журналістам можа стаць чалавек без адмысловае адукацыі. Але ўся штука ў тым, што журналістыка, як ні сьмешна гучыць, – гэта прафэсія. Нічым ня менш прафэсія, чым архітэктура альбо мэдыцына. І як кожнае рамяство, журналістыка -- гэта комплекс навыкаў, прынцыпаў і вычуваньняў, без чаго з самых удалых тэкстаў немагчыма зрабіць прадукт – газэту.

“Наша Ніва”, якая цалкам лягічна ўзяла курс на шырокую беларускую аўдыторыю, знаходзіцца яшчэ толькі ў пачатку трансфармацыі зь літаратурна-шаманскага альманаху ў прафэсійную газэту, у журналісцкі прадукт. І калі яна вам сапраўды блізкая паводле базавых уяўленьняў, вы мусіце разумець гэта, падтрымліваць гэта і ў гэтым пляне чакаць ад яе поступу й разьвіцьця. Задача вырашылася б шматкроць хутчэй для ўсіх, калі б “НН” мела сабе ў сваім полі канкурэнтаў.

Што толку наракаць на халодную залю, калі на сцэне няма “драйву”, праўда?

Час пашырацца

Любую тусоўку бывае можна выцягнуць пры адпаведным раскладзе зорак на небе. І мы гэта бачылі. Нехта выходзіць наперад, бярэ “верхняе ля”, і ўсе ў экстазе забываюць на дрэннае сьвятло й адсутнасьць мяккіх знакаў. Але дзівосы, паўтару, як налятаюць самі, так і адлятаюць, нібы вецер з пушчы. Між тым, шлях поступу як тусоўкі, так і газэты ляжыць у рукатворнасьці, у рамястве, у прафэсіі. Тады магчыма пусьціць корань -- падрыхтаваць зьмену, закласьці традыцыі, сфармаваць аўдыторыю.

Нашы тусоўкі страчваюць сваю халяўную чароўнасьць. І гэта добра. Цяпер што-небудзь распачынаючы, сто разоў праверыш, ці тых запрасіў, ці ўтульная заля, дзе публіка распранецца і г.д. і да т.п.

А можа... А можа мы проста перастаем быць тусоўкай “па нацыянальнай прыкмеце”? Там даравалася ўсё. А цяпер на нашы добра зладжаныя імпрэзы зможа зазірнуць і хтосьці “чужы”, якому раней не зразумець было нашай эўфарыі ды расчырванелага шчасьця? І калі так, калі мы насамрэч ступаем на шлях прафэсійнай аганізацыі сваіх тусаў, значыць, нехта падказвае нам зь неба: прыйшоў час пашырацца.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG