Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША настой­ваюць на вызваленьні Зэльцэра


Эмануіл Зэльцэр

Эмануіл Зэльцэр

ЗША настойваюць на вызваленьні амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра “зь меркаваньняў гуманнасьці, пакуль сытуацыя не прыняла незваротны характар”. Пра гэта гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту ЗША.

Супрацоўнікі амбасады ЗША ў Беларусі апошні раз наведвалі Эмануіла Зэльцэра 19 лістапада ў лякарні калёніі № 15 Магілёва. Турэмны доктар назваў стан здароўя зьняволенага задавальняючым, хаця той прыбыў на месца з высокім ціскам і быў неадкладна зьмешчаны ў турэмную лякарню, дзе застаецца дагэтуль.

Як далей гаворыцца ў заяве, Зэльцэр працягвае пакутаваць ад хранічных боляў у сьпіне і ў нагах, а павышаны ціск выклікае сур’ёзную боязь.

Амбасада ЗША накіравала запыт пра паўторны агляд зьняволенага незалежным лекарам і перавод яго ў звычайную лякарню. Аднак беларускія ўлады адмовілі ў гэтым.

25 лістапада з ініцыятывы амэрыканскага боку адбылася тэлефонная размова намесьніка дзяржсакратара ЗША Дэніэла Фрыда і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава. Спадар Фрыд заклікаў беларускія ўлады вызваліць Зэльцэра на гуманных падставах.

Эмануіл Зэльцэр і яго сакратарка, расейка Ўладлена Функ былі затрыманыя ў Менску 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня Менскі суд прыгаварыў Зэльцэра да трох гадоў пазбаўленьня волі за выкарыстаньне заведама лжывых дакумэнтаў і спробу камэрцыйнага шпіянажу. Яго сакратарка асуджана на адзін год пазбаўленьня волі. 31 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме.

Абарона не плянуе зьвяртацца з просьбай аб памілаваньні да кіраўніка Беларусі, бо асуджаныя не прызнаюць сваёй віны, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG