Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі хрысьціянскіх дэмакратаў залічылі ў экстрэмісты


Гомельскага дэмакратычнага актывіста, лекара-псыхіятра Сяргея Трыфанава мэдычнае начальства папярэдзіла пра недапушчальнасьць удзелу ў экстрэмісцкіх арганізацыях.

“Мяне выклікаў у кабінэт галоўнага лекара псыхіятрычнага шпіталю начальнік аддзелу кадраў Гомельскай абласной управы аховы здароўя Міхаіл Торцаў і сказаў, што ў яго ёсьць зьвесткі пра мой удзел у нейкай тэрарыстычнай арганізацыі, — распавёў спадар Трыфанаў. — Адкуль такія зьвесткі, начальнік не паведаміў.

На гэта я яму запярэчыў: “Я ўваходжу ў аргкамітэт стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Ніякая гэта не экстрэмісцкая арганізацыя, пра мэты яе можна пачытаць на адмысловым сайце БХД”.

Начальнік аддзелу кадраў стаў казаць, што сам баіцца тэракту. Цікавіўся, ці не навучаю я рознай непатрэбшчыне сваіх пацыентаў. Я адказаў яму, што ён гаворыць зараз акурат, як пацыент шпіталя. Тады кадравы начальнік стаў палохаць, што ў мяне ўзьнікнуць праблемы, калі я надалей буду займацца апазыцыйнай дзейнасьцю”.

Сяргей Трыфанаў — выпускнік Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту, шчыры прыхільнік беларушчыны. Сёлета ўвесну за ўдзел у гістарычнай экскурсіі, зьвязанай зь дзяячкай БНР Палутай Бадуновай, быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.

У 2006 годзе ўрача Трыфанава арыштоўвалі на 15 сутак за распаўсюджваньне ў горадзе ў вольны час агітацыйных матэрыялаў за кандыдата ў прэзыдэнты ад АДС Аляксандра Мілінкевіча.

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка, як мяркуюць назіральнікі, пакарала тады спадара Трыфанава максымальна жорстка, бо ён запатрабаваў, каб суд вёўся на беларускай мове, і давялося шукаць перакладчыка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG