Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У канцэртнай залі філярмоніі адбылася прэм’ера музычна-плястычнага спэктаклю ў супольным праекце некалькіх музычных калектываў, прысьвечаная дню нараджэньня Максіма Багдановіча.

Гледачам прапанавалі дзевяць містэрый, у якіх галоўным героем зьяўляецца паэт Максім Багдановіч. На сцэне ягоныя пэрсанажы — русалкі, вадзянікі. Нечакана Моцарт і Сальеры на сцэне сустракаюцца з вулічнымі музыкамі ў стылі “рэп”, Лявонам Вольскім і гуртом “N.R.M.”, фальклёр-тэатрам “Госьціца”, ансамблем салістаў “Клясык-авангард”, гуртам “Ліцьвінскі хмель”, рэжысэрам Мікалаем Пінігіным, новымі імёнамі — гуртом “In Search For”, і ягоным лідэрам, аўтарам і выканаўцам новых песень на вершы Максіма Багдановіча Янам Жанчаком.

Музыка Піт Паўлаў апавёў “Свабодзе”:

“У нас расейскі тэлевізар, нам расейская мэнтальнасьць навязваецца на дзяржаўным узроўні, у нас прапагандуюць нейкіх расейскіх зорак. У нас цяпер не зьяўляюцца ні зоркі спорту, ні зоркі мастацтва, ні зоркі паэзіі… На жаль, апошнія гады не даюць зорак ні ў якай галіне. “N.R.M.” падрыхтаваў дзьве песьні на вершы Максіма Багдановіча да праекту, але высьветлілася, што ў праекце “N.R.M.” патрэбны ў якасьці культуралягічнай зьявы. “N.R.M.” выконвае дзьве песьні “Лёгкія-лёгкія” і ”Тры чарапахі”.

Саліст гурту “In Search For” Ян Жанчак выступаў першы:

“У мяне былі любімыя тэксы Багдановіча. Там ня толькі любоўная лірыка. Папросту мне цікавы ён сам як чалавек. Ён ня жыў на сваёй Радзіме, але заўсёды хацеў туды патрапіць. Хацеў памерці толькі на Радзіме: “нават мае косткі няхай там ляжаць”…

Для мяне гэта паэт, які жыў душой і з душой падыходзіў да сваёй Радзімы. Пісаў вершы пра сваю Радзіму, пра высокае”.

Вольнага квітка не было. У канцэртную залю філярмоніі ўнесьлі некалькі дадатковых крэслаў.

Неадназначна людзі ставіліся да прэм’еры. Некаторыя выказваліся, што чакалі іншага, і задумка аўтара наблізіць навэлі да творчасьці Максіма Багдановіча, яму не ўдалося.

Містэрыя “Дзень Максіма” адбылася ў рамках кампаніі “Будзьма”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG