Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ”Доме літаратара” Сяргей Законьнікаў, Пётра Садоўскі, Анатоль Сідарэвіч


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 6 сьнежня.









КНІГАНАВІНЫ

Пётра Садоўскі: “Мая кніга — напамін пра ўміручасьць”

Усе жарсьці ўсясьветнае клясыкі блякнуць перад расповедам пра прыгоды маленства і дарослыя пэрыпэтыі жыцьцёвага шляху Пётры Садоўскага — аўтара новай кнігі сэрыі “Бібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя”. Мовазнавец, перакладчык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня і першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне паўстае ў гэтай кнізе ў яшчэ адной сваёй іпастасі — літаратара. Зь літаратарам Пётрам Садоўскім гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Садоўскі, ва ўступных разьдзелах кнігі вы падрабязна патлумачылі, што азначае такая нязвыклая для бальшыні чытачоў назва вашай кнігі — „Мой шыбалет“. Распавялі старазапаветную гісторыю пра тое, як, прапануючы ўцекачам, што хацелі перайсьці раку Ярдан, вымавіць гэтае слова, біблійныя Гілеядцы адрозьнівалі сваіх ад чужынцаў, бо тыя прамаўлялі яго скажона. Але чаму ўсё ж так назвалі кнігу сваіх мэмуараў?”

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі: “Я ў такім узросьце цяпер, што хочацца асэнсаваць — хто я ёсьць, па-вучонаму кажучы, спазнаць сваю ідэнтычнасьць і неяк пра гэта ўслых заявіць, выказаць нейкі, можа быць, запавет сваім унукам, вучням. За ўсё маё жыцьцё такая са мной адбылася эвалюцыя: калі я ў Сувораўскай вучэльні ўпершыню ў дзясятай главе „Яўгенія Анегіна“ сустрэў слова „шыбалет“ як нейкі вайсковы пароль, то ў сталым узросьце я ўбачыў, што яно азначае нешта большае, найперш — інтэграваную адметнасьць нацыі, народу. І яно набыло для мяне, сапраўды, старазапаветнае гучаньне”.

Аксак: “Уся праўда хаваецца ў дробязях,” — пішаце вы. Гэтых дробязяў, асабліва дробязяў вашага маленства, пададзеных без аніякага душэўнага надрыву ці шкадаваньня сябе тагачаснага — галоднага, халоднага, недагледжанага — чытач знойдзе на старонках вашай кнігі безьліч. Маё ж чытацкае ўражаньне было проста шокавым ад трох карцінак. Першая — як вас ў лесе абсікалі ваўкі. Другая — што бачылі малыя хлопчыкі, калі мыліся разам са сваімі дарослымі маці ў лазьні. І трэцяя — як вы ледзь ня зьелі кароткі курс гісторыі ВКПБ. Прачытайце фрагмэнт з кнігі”.

Садоўскі: “Можа — пра ваўкоў?.. “Прасоўваюся я па глыбокім сьнезе да баравіны, што перад Саланевічамі, і заўважаю, што справа за мосьцікам як бы нейкія кусты зьявіліся, якіх раней не было, і шаволяцца. Дзіва: ветру ж няма. Падыходжу бліжэй: гайня сабак мітусіцца. Раблю, як трэба: стаю і ня кратаюся. Гэта ў нас ведала кожнае дзіця: калі за табой гоніцца сабака, стань, не махай рукамі і маўчы. Пасьля вайны бегала шмат зьдзічэлых сабак, сярод якіх і нямецкія аўчары. Дык вось стаю і ня дыхаю. Падбягаюць, абнюхваюць і адбягаюць. Але вось адзін стаў каля мяне блізка і пусьціў цёплы струмень на калені. У мяне ногі зрабіліся, як з ваты, і я, здаецца, ушкодзіўся. Потым падбегла яшчэ тры ці чатыры і абцубэсілі мяне з усіх бакоў. І дружна-жвава зьніклі. Стаю мокры, але чамусьці лёгкі, як бы ўверх цягне. Трэба было б дадому вярнуцца: да школы далей, чым да хаты. Але неяк сорамна. Будуць жа сьмяяцца і мянушку дадуць, тыпу „Пецька — сцуль сабачы“. Іду ў школу. Пакуль прыйшоў, штаны зрабіліся як бляшаныя і вельмі сьмярдзяць. Мароз быў, праўда, ня так каб вялікі. У клясе нікога няма. Толькі цяхнічка Тэкля, што грубку топіць. „Пецька, куды гэта ты ўваліўся, што так сьмярдзіш?“ Расказваю. „А маё ты дзіцятка, гэта ж не сабакі, гэта ж ваўкі. Сабачча ж зусім ня так сьмярдзіць!“ А я як зараву. Аж зайшоўся, доўга ня мог спыніцца. Зьдзёрла Тэкля зь мяне ўсё, што зьнізу было, утаптала ў вядро з вадой, каб прапаласкаць, а мне дала кавалак чырвонага лёзунгу з парашутавай тканіны і сваю кажарку. Пажалела, прыціснуўшы да грудзей, што пахлі кіслай капустай, ды сказала лезьці на сухія дровы, складзеныя за печчу…”

Аксак: “Тэкст кнігі стракаціць курсівам. Так вы вылучаеце словы мовы свайго маленства. У мяне ўзьнікла ўражаньне, што вы пішаце пра гэтыя словы амаль з эратычным пачуцьцём, як пра каханых жанчынаў, зь якімі ўжо немагчымыя новыя сустрэчы…”

Садоўскі: “Гэта нейкі напамін пра ўміручага, які ня вернецца. І тут я б хацеў узгадаць верш Тургенева, які ён напісаў па-нямецку: „Жыцьцё праходзіць, і нічога не вяртаецца“. Як чалавек малады, то думае: усё яшчэ будзе, будзе…”

Аксак: “Вы кажаце: усё яшчэ будзе, а на некаторых старонках кнігі сустракаецца гэткае дэ жавю. Я маю на ўвазе расповед пра тое, якім шматмоўным і шматэтнічным на поўначы Беларусі быў той асяродак, дзе вы нарадзіліся. І вы пішаце, што нарадзіліся ў аб’яднанай Эўропе, да якой сьвет прыходзіць толькі цяпер”.

Садоўскі: “Як філёляг я не падзяляю думкі пра нейкую нашу монаэтнічнасьць. Калі я гляджу на сваю вёску дый ня толькі, прыслухоўваюся да беларускіх прозьвішчаў, асабліва да тых, што былі ў нас у Сувораўскай вучэльні з усіх куткоў Беларусі, то я ня бачу нейкай абсалютнай беларускай чысьціні. Паколькі мы знаходзімся на эўрапейскім скрыжаваньні, то ў нас тут было ўсё, і хто нашы аўтахтоны — я ня ведаю”.

Аксак: “Чытаючы вашу кнігу, складваецца ўражаньне, што вам было вельмі цяжка пакінуць нейкі сьціслы варыянт гэтай кнігі, і што ў вас засталося шмат за яе вокладкамі…”

Садоўскі: “Паколькі я называю свае запісы вэртыкальнымі, то вось гэтая штодзённая праўда, дзе я сябе не прыхарошваю, а наадварот — распранаю і паказваю, як я свае слабасьці пераадольваў, дзе грашыў, але зла нікому не рабіў, таму шмат прыводжу дэталяў, якія ў Эўропе называюцца „штодзённая гісторыя“. У дэталях хаваецца нешта літаратурнае, а ў рэфлексіях — ужо нейкае абагульненьне. Часам я сам гляджу, што ў рэфлексіі напісаўся адзін сказ, зь якога можна рабіць цэлы трактат. Калі будзе відаць, што людзям гэта цікава і я сапраўды нешта сказаў, што да мяне не было сказана іншымі, то нешта яшчэ напішацца, відаць”.

АЎТАР І ТВОР

Сяргей Законьнікаў: “Я хацеў бы сустрэцца зь Янкам Купалам”

“Вершы Сяргея Законьнікава зь беларускім характарам, а гэта значыць — яны глыбінныя і задушэўныя, сьціплыя, але не ніцачолыя, яны прызнаюць толькі існае і сапраўднае і не прымаюць усё паказное, павярхоўнае”, — напісаў у пасьляслоўі да новай кнігі Сяргея Законьнікава “Дол” народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Кніга выйшла ў выдавецтве “Галіяфы” і толькі што зьявілася на паліцах кнігарняў. Зь яе аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Сяргей, нашыя пісьменьнікі нярэдка скардзяцца, што вельмі цяжка сёньня выдаць кнігу: у дзяржаўных выдавецтвах літаратара правяраюць на ляяльнасьць да ўлады, у недзяржаўных — на наяўнасьць грошай у кашальку. І ўсё ж айчыннае кнігавыданьне не ў заняпадзе. Сведчаньне таму — ваша новая кніга паэзіі на паўтысячы старонак. Дык мо ня варта нашым творцам асабліва наракаць на скрутны час — усё ж іх творы сустракаюцца з варштатам Скарыны?”

Сяргей Законьнікаў
Сяргей Законьнікаў: “Наракаць на час ніколі ня трэба. У любым часе людзі павінны заставацца людзьмі. Вядома ж, лепш за ўсё самому быць фундатарам уласных кніг. Але ж так не ўдаецца. І таму я вельмі ўдзячны сябрам (тутэйшым і замежным), якія мне дапамагаюць. Я шчасьлівы, што ў мяне выйшлі кнігі ў Балгарыі і Польшчы, што мае вершы друкуюцца ў Нямеччыне. У мяне, на шчасьце, няма ізаляванасьці ад чытача. Тым больш тут, у Беларусі. Я часта сустракаюся зь людзьмі, ежджу па ўсёй Беларусі. Дарэчы, адна з маіх кніжак выйшла ў Вялейцы — дзякуючы намаганьням віляйчанаў. А кнігу „Дол“ мне захацелася зрабіць незвычайнай. Я даўно выношваў такі праект: даць зрэз паэтычным словам пэўнага адрэзку часу. І мне ўдалося гэта зрабіць: у „Доле“ адлюстравная ў вершах наша найноўшая гісторыя, так, як чалавек дыхае, як у яго б’ецца сэрца”.

Скобла: “Перад тым, як зайсьці ў студыю, вы сказалі, што асабліва чакаў вашу кнігу, чакаў амаль зь нецярплівасьцю аўтара, наш слынны навуковец Барыс Кіт. Чаму так? І ці паслалі вы ўжо сваю кнігу Кіту ў Нямеччыну?”

Законьнікаў: “Гэтая кніга якраз і пачалася з таго, што мне вельмі хацелася зрабіць падарунак Барысу Ўладзімеравічу Кіту, якога я вельмі люблю. Я зь ім пасябраваў толькі ў канцы 90-х гадоў, і ён мне стаў настолькі блізкім, што, відаць, няма такога дня, каб я пра яго не ўспамінаў. Пра Барыса Кіта я напісаў паэму „Per aspera ad astra“. Празь церні да зор — гэта мэтафара ўсяго нашага беларускага жыцьця. Мы бачым, як наша Беларусь прарываецца празь церні да зор. Кнігу Кіту я, вядома ж, паслаў першаму. Але пакуль адказу ад яго няма. Відаць, яшчэ не атрымаў”.

Скобла: “Адказным за выпуск вашай кнігі ў выдавецтве „Галіяфы“ быў Уладзімер Гніламёдаў — адзін з актывістаў прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў. У чым выявілася ягоная „адказнасьць“?”

Законьнікаў: “Нярэдка бывае, што той, хто бярэ на сябе адказнасьць за кнігу, насамрэч аніякай адказнасьці не нясе. А часам і не чытае яе. Я ня ведаю, ці чытаў маю кнігу Ўладзімер Гніламёдаў. Нейкія намёкі адносна зьместу кнігі з боку выдавецтва былі. Але я іх хуценька адпрэчыў тым, што ўсе вершы друкаваліся ў пэрыёдыцы. І няважна — у дзяржаўнай ці апазыцыйнай. Бо ”Народная воля” мае гэткую ж ліцэнзію, як ”Зьвязда” ці тое самае “Полымя”.

Скобла: “Вы — прыхільнік традыцыйнага верша. І для мяне ў кнізе былі нечаканкаю ўсходнія чатырохрадкоўі — рубаі. Чаму вы вырашылі аддаць даніну ўлюбёнаму жанру Амара Хаяма?”

Законьнікаў: “Мой унук Францішак неяк сказаў: „Дзядуля, не пішы доўгіх вершаў“. Ён убачыў нейкія мае вершы ў чытанках і спалохаўся, што давядзецца вучыць іх напамяць. Я пасьмяяўся, але пасьля тае размовы пачаў пісаць кароткія вершы пад назвай „кропелькі“ — яны таксама ёсьць у кнізе. А рубаі… Я не бяруся вызначыць, удалыя яны ці ня ўдалыя. Проста захацелася паспрабаваць. І я паспрабаваў”.

Скобла: “У вашай кнізе нямала прысьвячэньняў людзям, якіх ужо няма сярод нас: Васілю Быкаву, Аляксею Пысіну, Яўгеніі Янішчыц. А каб была такая магчымасьць, зь якім пісьменьнікам, які даўно пакінуў гэты сьвет, вы б хацелі сустрэцца і паразмаўляць пра нешта вельмі істотнае?”

Законьнікаў: “Я хацеў бы сустрэцца зь Янкам Купалам. Для мяне ён застаецца загадкай. Зь імем Купалы мы ідзем па жыцьці, пачынаючы зь дзіцячага садка. І тым ня менш, ён для мяне застаецца таямніцаю і як паэт, і як чалавек. Я б спытаўся ў Купалы, ці бачым мы, беларускія пісьменьнікі, сутнасьць нашага народу? Я б хацеў, каб Купала глянуў на ўсё тое, што робіцца ў Беларусі сёньня. Але, з другога боку, мне б не хацелася прыносіць Купалу горыч. Таму што яму і пры ягоным жыцьці хапіла і прадажніцтва, і здрады, і цемрашальства, якія і тады тварыліся рукамі саміх жа беларусаў”.

СЯРГЕЙ ЗАКОНЬНІКАЎ. З НОВАЙ КНІГІ “ДОЛ”

Між Варшавай і Масквой

Кожны, як дзяды вучылі,
Мае кут найкрэўны, свой…
Братка, дзе ж твая Айчына?
Між Варшавай і Масквой…

Гэта “між” залезла ў косьці,
Пакуляла ўсё ўверх дном.
Правяць баль у хаце госьці,
Гаспадар жа — пад сталом.

Перарэзаў дрот іржавы
Беларусі дух жывы —
Хтось прастуе да Варшавы,
Хтось шыбуе да Масквы.

Раскацілася дарога —
Ільняной зямлі сувой.
Доля ж, дадзеная Богам,
Зарастае крапівой…

Я стаю, гарбаты горам,
З пасівелай галавой…
Вецер сьвішча над прасторай
Між Варшавай і Масквой.


Пысін

Нельга прыручыць навек натхненьне,
А яму спрыяў ласкава Бог.
Нават неўтаймоўнае імгненне
Ён спыніць сваёй уладай мог.

Удалечыні ад звад сталіцы,
Ад пустой багемнай мітусьні
Намывала сэрца, як крыніца,
Залацінкі вечнай дабрыні.

Мудры маг у пінжачку куртатым
Высьпеліў загадку не адну.
Слова разам зь ім спраўляла сьвята,
Набывала сілу і цану.

Час ляціць… Паэты не зьвяліся,
Каб ступіць да славы на кілім…
А пэрыфэрыйны геній Пысін
Будзе незаступлены нікім.


* * *

Калі б не каханьне,
То гэты сьвет
Ня меў бы сэнсу і плёну…
Сьвечка бяз полымя -
Проста прадмет:
Не-а-ду-шаў-лё-ны.
Зайздрасьць

Надзяліў лёс паэта
I зрокам,
I слыхам,
Толькі сьмеласьць ня даў,
Каб ісьці без дарог.
Ён за сябрам ступаў
I ў патыліцу дыхаў,
А наперад прарвацца ня мог.

Ён пісаў апантана някепскія вершы,
Нібы сплочваў за тайную зайздрасьць даўгі,
Ды адважны і шчыры аказваўся першым,
Гэты — зь вечнай аглядкай — другім.

Ён стаяў без сьлязы ля труны сябруковай,
Ашаломлены быў -
Аж мароз па сьпіне.
I сарваліся з вуснаў няўцямныя словы:
“Ты і тут апярэдзіў мяне…”


КРЫТЫКА

Сюжэты Адама Станкевіча

Адам Станкевіч. Выбранае. Укладаньне, прадмова і камэнтар Уладзімера Конана. Менск: Кнігазбор, 2008. Наклад 1000 асобн, 360 стар.

Сёлета адбылося доўгачаканае: выйшлі два зборнікі твораў ксяндза Адама Станкевіча — рыма-каталіцкага сьвятара, гісторыка хрысьціянства ў Беларусі, хрысьціянскага і нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыка літаратуры і крытыка, выдаўца, палітычнага дзеяча. Першы — ёмісты, больш за тысячу старонак — том, укладзены гісторыкамі Андрэем Вашкевічам і Алесем Пашкеічам, я пакуль што ня бачыў. Другі — больш сьціплы — зборнік, укладзены доктарам філязофіі Ўладзімерам Конанам і выдадзены ў сэрыі “Беларускі кнігазбор”, я і пагартаў, і пачытаў, хоць, па праўдзе сказаўшы, новымі для мяне былі толькі прамова пасла Адама Станкевіча ў асьветнай камісіі Сойму Польскае Рэспублікі ды ягоныя казаньні.

Назваўшы Адама Станкевіча сьвятаром, гісторыкам, крытыкам, выдаўцом і палітычным дзеячам, я наўмысна прапусьціў яшчэ два ягоныя амплюа: пэдагог (ксёндз Адам быў прэфэктам Віленскае беларускае гімназіі) і публіцыст. Шкада, што ў зборніку, укладзеным доктарам Конанам, адсутнічае публіцыстыка.

Будучыя аўтары гісторыі Царквы ў Беларусі і Беларускай каталіцкай энцыкляпэдыі (выданьняў, якіх у нас пакуль што няма, але якія павінны быць, калі мы культурны народ), ведама ж, ня раз зьвернуцца і да асобы ксяндза Адама Станкевіча, і да ягоных твораў. Маю тут на ўвазе перш-наперш ягоную трылёгію: “Родная мова ў сьвятынях”, “Беларускі хрысьціянскі рух” і ”Хрысьціянства і беларускі народ”. На жаль, другая з гэтых працаў у кнігазбораўскім томе адсутнічае.

Думалася, што ў томе будуць шырока прадстаўлены працы з гісторыі Беларусі і беларускае культуры, прысьвечаныя Кастусю Каліноўскаму, Францішку Багушэвічу, Браніславу Эпімах-Шыпілу, Войцеху Магнушэўскаму, Паўлюку Багрыму, Міхалу Баброўскаму, Казімеру Сваяку. Калі свае працы пра Каліноўскага і Багушэвіча ксёндз Станкевіч згадвае ў манаграфіі “Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня” і ў пэўнай меры грунтуецца на іх, дык брашуры “Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла…”, “Магнушэўскі. Паўлюк Багрым. Баброўскі…”, “Казімер Сваяк: нарысы ягонай ідэалёгіі”, а таксама “З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка…” стаяць асобна.

Матэрыялы гэтых працаў (што праўда, ня згадваючы імя ксяндза Станкевіча) у паваенны час выкарыстаў не адзін бээсэсэраўскі гісторык беларускае літаратуры і грамадзкае думкі. Я некалі пісаў, што для таго, каб у больш-менш здавальняючай меры паказаць багацьце заходнебеларускай эстэтычнай думкі, неабходна выдаць адпаведныя працы Антона Луцкевіча, Адама Станкевіча ды Ўладзімера Самойлы. Большасьць такіх твораў Луцкевіча выйшла. Кнігу Ўладзімера Самойлы невядома ці хутка прычакаем. На жаль, кнігазбораўскі том Адама Станкевіча нашых спадзяваньняў не апраўдаў.

У прадмове да зборніка доктар Уладзімер Конан у пэўнай меры камэнтуе працы Адама Станкевіча “Вітаўт Вялікі і беларусы”, а таксама “Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песьня”, аднак саміх працаў у кнізе няма. Хочацца спадзявацца, што гэты ды іншыя дэфіцыты кнігазбораўскага тому ксяндза Адама Станкевіча кампэнсаваны ў зборніку, падрыхтаваным Андрэем Вашкевічам і Алесем Пашкевічам.

Кнігазбораўскі том Адама Станкевіча адрасаваны ня толькі прафэсійным гісторыкам і багасловам. Таму ўсякая недакладнасьць, дапушчаная аўтарам, мела быць адзначанаю ў камэнтарах. Шкада, што пэўныя недакладнасьці, якія маюцца ў працы “Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня”, у камэнтарах не адзначаныя. Асабліва гэта тычыцца пачатку XX стагодзьдзя. Недакладнасьці дапушчаны і таму, што ў Адама Станкевіча не было пад рукой належных аб’ектыўных матэрыялаў, і таму, што гэты аўтар, як і многія зь людзей, быў тэндэнцыйны ды вёў палеміку са сваім галоўным апанэнтам — Антонам Луцкевічам.

Наагул жа, супастаўленьне поглядаў ксяндза Станкевіча і Антона Луцкевіча на адных і тых самых людзей, на адны і тыя самыя зьявы й працэсы ў беларускай гісторыі дае, па-мойму, цікавы матэрыял для гісторыка беларускай гістарыяграфіі. Як, скажам, і супастаўленьне поглядаў Адама Станкевіча ды Яна Станкевіча на асобу Вітаўта Вялікага. Або, скажам, гісторыка літаратуры ня можа не зацікавіць пытаньне пра агульнае і адрознае ў падыходзе да вытокаў творчасьці Адама Міцкевіча, які быў выкладзены ў працы доктара Станіслава Станкевіча і ў рэцэнзіі на гэтую працу Адама Станкевіча. А тая дыскусія, што ўзьнікла ў Заходняй Беларусі вакол асобы і творчасьці Казіміра Сваяка і ўдзельнікам якое быў Адам Станкевіч? Таксама сюжэт.

Гісторыя заходнебеларускай думкі вельмі багатая. I выпушчаны ў сэрыі “Беларускі кнігазбор” том выбраных твораў ксяндза Адама Станкевіча дае нашым сучасьнікам магчымасьць у пэўнай меры гэта асэнсаваць.

Анатоль Сідарэвіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG