Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бацькі дзяржаўнасьці Беларусі” на працоўным стале


Перакідны каляндар «Бацькі беларускай дзяржаўнасьці»

Перакідны каляндар «Бацькі беларускай дзяржаўнасьці»

Выйшаў з друку беларускі перакідны настольны каляндар на 2009 год “Бацькі дзяржаўнасьці Беларусі”.


Ён прысьвечаны дзеячам Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама юбілейным угодкам БНР.
Адной з адметнасьцяў сталася тое, што каляндар выдадзены на асабістыя сродкі выдаўца.

Каляндар зьмяшчае партрэты і кароткія біяграфічныя зьвесткі aпра дзеячаў БНР, якія найбольш прычыніліся да стварэньня беларускай дзяржаўнасьці. Гэта Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Раман Скірмунт, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя. Кансультантамі сталіся гісторыкі Ўладзімер Арлоў, Алег Гардзіенка, Міхась Чарняўскі, мовазнаўца Зьміцер Саўка ды іншыя. А ініцыятарам ідэі і выдаўцом — студэнт і грамадзкі актывіст Алесь Мазанік.

Алесь Мазанік
“Мне хочацца паказаць, што і звычайныя людзі здольныя штосьці рабіць, не прывязваючыся да нейкіх партыяў ці інвэстыцыяў. Я таксама шмат ведаю нашай моладзі, якая вельмі блага ведае гісторыю. Таму мы абмеркавалі з нашымі кансультантамі канцэпцыю календара і вырашылі зрабіць з аднаго боку — выявы, а зь іншага боку — каляндар, каб гэтая праца мела адукацыйны характар”.

Каляндар у гонар 90-х угодкаў утварэньня БНР сёлета выдала таксама грамадзкая арганізацыя “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Новае выданьне дапаўняе раней выкладзеныя зьвесткі і працягвае папулярызаваць беларускую гістарычную спадчыну, кажа гісторык Алег Гардзіенка:

“Гэты каляндарык мае два вартыя аспэкты: зручны, бо можна паставіць на сыстэмны блёк кампутара ці побач з сабой. А другое, што ён прапагандуе беларушчыну: звычайныя людзі атрымаюць дадатковую магчымасьць даведацца пра БНР. Гэта вельмі добрая справа, якую зрабіў Алесь Мазанік”.

Пад Новы год Алесь Мазанік разам з аднадумцамі плянуюць выдаць таксама кішэнныя каляндарыкі на 2009 год з выявамі тых жа 12 дзеячаў БНР. А перакідны каляндар можна купіць на кніжным кірмашы ў Менску (вуліца Янкі Купалы, 27) і празь сеціва — на сайце www.knihi.net.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG