Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова прадпрымаль­нікаў сёньня страйкавала


Пустыя гандлёвыя рады на Полацкім рынку ў Віцебску

Пустыя гандлёвыя рады на Полацкім рынку ў Віцебску

Сёньня па ўсёй Беларусі прайшлі папераджальныя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Між тым страйк падтрымалі ня ўсе лідэры прадпрымальніцкага руху.


Сёньня па ўсёй Беларусі прайшлі папераджальныя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Удзельнікі выказалі нязгоду зь дзяржаўнай палітыкай, якая, на іх думку, вядзе да вынішчэньня прадпрымальнікаў. Між тым страйк падтрымалі ня ўсе лідэры прадпрымальніцкага руху; некаторыя лічаць, што трэба засяродзіцца на дазволеным менскімі ўладамі мітынгу 15 сьнежня. Ці задаволеныя арганізатары вынікам сёньняшняй акцыі? Меркаваньні выслухаў Ігар Карней.

Віктар Гарбачоў
Паводле аднаго з ініцыятараў агульнанацыянальнага страйку Віктара Гарбачова, у акцыі ўзялі ўдзел да паловы прадпрымальнікаў Беларусі. Найперш людзі пратэстуюць супраць указу Аляксандра Лукашэнкі, згодна зь якім ускладняецца працэдура ўвозу тавараў з Расеі.

Ад 1 студзеня 2009 году пачне дзейнічаць палажэньне, паводле якога скасоўваецца фіксаваны падатак на ўвезены тавар, і трэба будзе афармляць падатак на кожнае найменьне тавару. Паколькі большасьць гандляроў затаварваюцца на расейскіх рынках, дзе афармляць патрэбныя дакумэнты практычна немагчыма, то ад указу пацярпяць сама меней 120 тысяч беларускіх гандляроў, якія будуць вымушаныя спыніць дзейнасьць. Такая пэрспэктыва стала падставай для кампаніі супраціву.

Аляксандар Макаеў
Некаторыя вынікі сёньняшняга страйку падсумоўвае старшыня каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў:

“З буйных гарадоў актыўна страйкуюць Горадня, Віцебск, Берасьце. Зь меншых — Полацак, Наваполацак, Салігорск, Слуцак, Рэчыца, Сьветлагорск. Па Менску сярод рынкаў — самы буйны цэнтар „Ждановічы“. Усе „Сьветы моды“ стаяць, таксама пустыя намёты на плошчы навокал. Не працуе „Ракаўскі кірмаш“, гандлёвы цэнтар „Люстэрка“. Але ёсьць месцы, дзе людзі часткова працуюць ці не працуюць. Дарэчы, учора ўвечары ў адміністрацыі выклікалі кіраўнікоў рынкаў і папярэджвалі: за сабатаж будуць санкцыі супраць прадпрымальнікаў. Сёньня сапраўды хадзілі і правяралі, як хто працуе”.

Тон у агульнанацыянальным страйку задавалі рэгіёны. Расказвае намесьнік кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі незалежных прафсаюзаў з Наваполацку Валеры Шаўчэнка:

“Прадпрымальнікі Полацку і Наваполацку выказалі рашучы пратэст супраць непрымальных умоваў працы, якія прапануюць улады ў 2009 годзе. Сёньня прадпрымальнікі ня выйшлі на працоўныя месцы, рынкі гэтых двух гарадоў не працуюць, а ў шэрагу гандлёвых цэнтраў няма пакупнікоў, якіх яшчэ раней папярэдзілі пра страйк. Гэта папераджальны страйк. І калі ўлады не жадаюць атрымаць шырокамаштабны супраціў, яны павінны пайсьці на саступкі. Частка прадпрымальнікаў мае намер узяць удзел у сталічным маршы 15 сьнежня, але гэтаму ўсяляк супрацьдзейнічаюць мясцовыя ўлады”.

Сёньняшні страйк падтрымалі ня ўсе праваабарончыя прадпрымальніцкія арганізацыі. Прыкладам, аб’яднаньне “Пэрспэктыва” вырашыла сканцэнтравацца на мітынгу 15 сьнежня. Такую пазыцыю падтрымалі і некаторыя іншыя.

Як лічыць Аляксандар Макаеў, адсутнасьць паразуменьня сярод лідэраў прадпрымальніцкага руху — адна з праблемаў, якую неабходна тэрмінова вырашаць. Такія рознагалосьсі ўлады могуць павярнуць на сваю карысьць:

“Натуральна, улады будуць трымаць, як кажуць, руку на пульсе. Але галоўнае для нас зараз — узьняць хвалю салідарнасьці перадусім сярод саміх прадпрымальнікаў. Каб масава бараніць нашы законныя правы. Бо закон на нашым баку і зараз не хапае толькі вось гэтай масавасьці. У Менску больш-менш справы нядрэнныя, тым больш што на мітынг далі дазвол, значыць, можна і трэба прыходзіць. І калі па мітынгу збольшага згода ёсьць, то па страйку сярод лідэраў прадпрымальнікаў згоды дасягнуць не ўдалося. І гэта таксама кепска, бо ўсе павінны разумець: ад усіх цяпер залежыць — будзе гэтая хваля моцная ці зусім нязначная”.

Сымбалічна, што страйк прайшоў у дзень абвяшчэньня Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Сяргей Парсюкевіч да гэтай даты ўганараваны Нацыянальнай прэміяй “За абарону правоў чалавека ў 2008 годзе”. Сёлета Сяргей Парсюкевіч быў затрыманы і пасьля асуджаны да двух з паловай гадоў зьняволеньня за ўдзел менавіта ў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у студзені. Ён лічыць, што сумеснымі намаганьнямі дабіцца ад уладаў захаваньня правоў цалкам магчыма:

Сяргей Парсюкевіч
“Мы ўсё роўна пераможам, гэта адназначна. Дый гэта ўжо бачна па тым, што адбываецца ў краіне. Лукашэнка ж раней ніколі не казаў, што трэба даць большую волю людзям, пачаць лібэралізацыю ў краіне. Зараз пра гэта ён прынамсі гаворыць. Зразумела, што нічога падобнага ня будзе, але такія заявы чуюцца. Яшчэ раз акцэнтую, што раней такога ён не казаў ніколі. Я так мяркую, што надыдзе час, і калі нават ня ўдасца зрушыць яго з гэтай пасады, так скажам, то яму давядзецца падладкоўвацца пад навакольнае жыцьцё. Усё ж у цэнтры Эўропы жывём. Дый людзі ўжо хочуць жыць па-іншаму“.

Адметна, што сёньня ж зьявілася інфармацыя пра тое, што Міністэрства эканомікі прапануе на год працягнуць для індывідуальных прадпрымальнікаў ільготны рэжым увозу тавараў з Расеі. Такую заяву агучыў намесьнік міністра Андрэй Тур. У такім выпадку прынамсі на год прадпрымальнікі змогуць уздыхнуць спакойна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG