Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Баразенка: "Суд яшчэ больш натхніў на палітычную дзейнасьць"


9 сьнежня Цэнтральны суд Менску пакараў апошняга абвінавачанага па cправе 14-ці юнакоў і дзяўчат, якія ўзялі ўдзел у студзеньскай акцыі пратэсту за зьмену эканамічнай палітыкі ў Беларусі. Аляксандар Баразенка быў асуджаны на год абмежаваньня волі без накіраваньня ў выпраўленчую ўстанову. Увечары пасьля вызваленьня з-пад варты Аляксандар Баразенка ўзяў удзел у праграме "Начная Свабода".


Бушлякоў: Найперш, дзякуй вялікі за тое, што пагадзіліся на гэтую размову, нягледзячы на вялікую стому. Выйшаўшы сёньня з суду, вы сказалі пра галоўнае жаданьне -- выспацца. Апошнімі днямі не выпадала паспаць?

Баразенка: Так, не атрымоўвалася, бо былі вельмі вялікія эмоцыі. Было чаканьне прысуду, чаканьне суду ўвогуле, таму проста ня мог спаць.

Бушлякоў: Якога прысуду вы чакалі?

Баразенка: Па праўдзе, я чакаў прысуду больш жорсткага -- я разьлічваў, што будзе два гады, як і маім паплечнікам.

Бушлякоў: У такім разе можна сказаць, што гэты прысуд – у нейкай ступені радасьць? Дарэчы, прысутныя на працэсе сёньня сустрэлі абвяшчэньне прысуду воплескамі. А як вы гэта ўспрынялі?

Баразенка: Не, безумоўна гэта нельга разглядаць як нейкую радасьць, бо калі б прысуд быў справядлівы, то я быў бы апраўданы і ўвогуле не панёс бы ніякага пакараньня.Таму прысуд будзе абскарджаны. Я разглядаю прысуд як больш мяккі, але гэта не зьмяняе яго сутнасьці.

Хто судзьдзя, ня мае значэньня

Бушлякоў: Вас прызналі вінаватым па артыкуле, які прадугледжвае адказнасьць за арганізацыю і рыхтаваньне дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак. Ці былі на працэсе сьведкі, якія пацьвердзілі вашую віну ў арганізацыі такіх дзеяньняў?

Баразенка: Не, ніводны са сьведкаў ня мог пазнаць мяне, ня мог адказаць на пытаньне, ці быў я ўвогуле ўдзельнікам гэтага мітынгу. Відэазапісы таксама не паказалі нічога проціпраўнага з майго боку, з боку маіх сяброў і тых людзей, якія былі на гэтым мітынгу ўвогуле.

Бушлякоў: Ці маеце вы прэтэнзіі да судзьдзі і да таго, як вёўся разгляд вашай справы?

Баразенка: Я маю прэтэнзіі толькі да беларускай судовай сыстэмы, якая не зьяўляецца незалежнай. Хто зьяўляецца судзьдзёй, у такім выпадку ўжо ня мае ніякага значэньня.

Лібэралізацыі не заўважыў

Бушлякоў: Напярэдадні мы гутарылі з вашым паплечнікам, таксама фігурантам "справы 14-ці" Міхасём Пашкевічам. Учора ён быў на судзе і я папрасіў яго параўнаць ваш працэс і працэс у красавіку, калі судзілі іншых фігурантаў "справы 14-ці". Міхась сказаў, што заўважыў пэўныя зьмены, пэўную лібэралізацыю нават у атмасфэры, што была ў судзе. Як вам здаецца, гэта быў троху мякчэйшы працэс, працэс зь невядомым вынікам, ці ўсё тут было абсалютна прадвызначана?

Баразенка: Мне здаецца што вынік быў даўно вядомы. Проста больш мяккі прысуд можна растлумачыць тым, што вельмі шмат часу прайшло, і гэта б выглядала вельмі сьмешна, калі б яны спрабавалі знаходзіць доказы маёй віны. Мне здаецца, што атмасфэра не была больш лібэральнай, чым у мінулых працэсах. Напрыклад, у першы дзень судзьдзя і прадстаўнікі канвою пайшлі на правакацыю і запусьцілі поўную залю нейкіх невядомых студэнтаў і не жадалі нават пускаць маіх родных, ня кажучы ўжо пра прэсу і сяброў.

Бушлякоў: Аляксандар, вы студэнт Уроцлаўкага ўнівэрсытэту. Што цяпер будзе з вашым навучаньнем там?

Баразенка:
Зараз я не магу адказаць на гэтае пытаньне. Але вышэйшую адукацыю я ў любым выпадку атрымаю. Дзе гэта адбудзецца -- у Беларусі, у Польшчы ці ў іншай краіне, я не магу зараз адказаць.

Бушлякоў: Ці бачыце сябе ў палітычнай актыўнасьці?

Баразенка: Так, безумоўна. Гэты суд яшчэ больш мяне натхніў на палітычную дзейнасьць, на далейшую барацьбу, і як мінімум год у мяне ёсьць, каб рэалізаваць сябе.

Бушлякоў: Пакуль што рэалізаваць менавіта ў гэтай палітычнай актыўнасьці?

Баразенка: Так, бо ніякіх умоў для вучобы ў мяне цяпер ня будзе з гэтым прысудам.

Заявы Шумчанкі нічога ня значаць

Бушлякоў:
Лідэр аб'яднаньня "Пэрспэктыва" Анатоль Шумчанка на мінулым тыдні сказаў, што акцыя прадпрымальнікаў, заплянаваная на 15-га сьнежня, пройдзе пад чыста эканамічнымі лёзунгамі. Ён папрасіў палітычныя сілы ня браць удзелу ў гэтай акцыі. Вам не шкада, што вы з Анатолем Шумчанкам былі сёлета ў студзені на той акцыі, якая цяпер для вас абарочваецца абмежаваньнем свабоды?

Баразенка: Судзіць Анатоля я не магу, я ня той чалавек. Але ў той акцыі я быў ня разам з Анатолем, я ішоў туды не для яго, а для беларускага народу, ішоў за свае ідэалы, за свае прынцыпы. Таму яго заявы для мяне нічога ня значаць.

Бушлякоў: Ці гатовыя вы пайсьці на новыя акцыі, каб адстойваць тыя перакананьні, якія вы адстойвалі на акцыі ў студзені?

Баразенка: Безумоўна, я не зьбіраюся спыняцца і буду далей працаваць у гэтым кірунку, так скажам.

Бушлякоў: Што зьбіраецеся рабіць у першыя дні пасьля вызваленьня, апрача таго, што натуральна трэба выспацца?

Баразенка: Трэба сустрэцца зь вялікай колькасьцю людзей і проста падзякаваць ім за падтрымку, за тыя лісты, што даходзілі. Гэта было вельмі адчувальна. Сёньня я, калі выйшаў, быў "на эмоцыях", ня мог знайсьці словаў, таму ў наступныя дні хачу з кожным сустрэцца і асабіста падзякаваць. Ну і безумоўна пабыць зь сям'ёй.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG