Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: ІП страйкуюць, ПУПы гандлююць


На Полацкім кірмашы ў Віцебску пуста.

На Полацкім кірмашы ў Віцебску пуста.

У Віцебску на Полацкім, Смаленскім, Чкалаўскім і Паўднёвым кірмашах, а таксама ў гандлёвым цэнтры “Эвіком” страйк падтрымалі каля 85% прадпрымальнікаў.

Паводле старшыні незарэгістраванага прафсаюзу малога бізнэсу “Разам” і каардынатаркі кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Ірыны Яскевіч, найбольш масава ўдзел у страйку ўзялі прадпрымальнікі Полацкага кірмашу. Там сёньня працавалі ўсяго 12 чалавек – толькі тыя, хто перарэгістраваўся ў якасьці прыватнага ўнітарнага прадпрыемства.

Падобная сытуацыя назіралася таксама на іншых кірмашах: большасьць тых, хто выйшаў на працу, ужо ня ёсьць прыватнымі прадпрымальнікамі.



З усіх наяўных у Віцебску гандлёвых цэнтраў страйк падтрымалі толькі гандляры “Эвікому”. На зачыненых ралетах яны павесілі абвесткі “10.12.2008 – выходны дзень”.

Зрэшты, абвестак пра тое, што прадпрымальнікі страйкуюць, няма ні на адным гандлёвым аб’екце, таму большасьць пакупнікоў проста ня ведае, чаму на кірмашах пуста.

15 сьнежня віцебскія прадстаўнікі малога бізнэсу мяркуюць падтрымаць акцыю пратэсту ў Менску: туды зьбіраюцца сябры прафсаюзу “Пэрспэктыва” ды прадстаўнікі іншых прадпрымальніцкіх грамадзкіх структур.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG