Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўсіх рынках Горадні — “Цэнтральным”, “Паўднёвым”, “Карона” — пераважная большасьць прадпрымальнікаў сёньня cтрайкавала.

На рынку “Цэнтральным” гандлююць толькі садавіной і гароднінай, астатнія месцы пустыя. Побач з зачыненымі ралетамі стаяць прадпрымальнікі й гучна размаўляюць.

Пытаюся — чаму яны вырашылі сёньня страйкаваць?

Спадар: “З Новага году індывідуальны прадпрымальнік пры ўвозе тавару павінен мець увесь пакет дакумэнтаў, як юрыдычная асоба. Зразумела, што на Чаркізаўскім рынку, адкуль мы возім тавар, нам іх ніхто ня дасьць”.

Карэспандэнт: “Я бачу, што страйк падтрымліваюць ня ўсе прадпрымальнікі, некаторыя працуюць...”

Спадарыня: “У нас вельмі разрозьнены народ, замест таго, каб быць усім разам. Нас гэта вельмі абурае: чаму мы ўсе разам ня можам адстаяць сваіх патрабаваньняў...”

Спадар: “Дзясятая частка працуе. Ну што ж, няхай працуюць, гэта іх асабістая справа, хай зарабляюць”.

Некаторыя прадпрымальніцы кажуць, што крызіс ужо адчувальна закрануў прадпрыемствы ў горадзе, а ўлады хочуць загубіць і іхны бізнэс.

Спадарыня: “У многіх сем’ях цяпер мужыкі звальняюцца з заводаў, у нашай сям’і дваіх скарацілі. І што рабіць, толькі на прадпрымальніцтве жыць? А калі яго прыкрыюць, то што нам рабіць, пабірацца?”

Другая спадарыня: “Такія ўмовы ствараюць, што працаваць немагчыма наагул”.

Я падышоў да ралеты, дзе мужчына прадае сантэхніку й будаўнічыя матэрыялы. Пытаюся — чаму ён не падтрымлівае страйку?

Спадар: “Таму што калі ў нас былі праблемы з будматэрыяламі, нас ніхто не падтрымліваў, дык цяпер і я нікога не павінен падтрымліваць...”

Пытаюся мінакоў на рынку: як яны ставяцца да страйку прадпрымальнікаў, ці падтрымліваюць страйкоўцаў?

Спадар: “Я падтрымліваю тых, хто сёньня страйкуе, бо іх ужо загналі ў кут. А калі мы ня будзем у такіх сытуацыях адзін аднаго падтрымліваць, то працягнем ногі”.

Спадарыня: “Купіць за рубель, а прадае за два — дык як такіх падтрымліваць? Я такіх ненавіджу, я б іх павешала ўсіх...”

У іншых гарадах Гарадзеншчыны не страйкавалі. Толькі ў Слоніме паведамілі, што рыхтуюцца да страйку, які адбудзецца 15 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG