Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год Белсату: будзе і калыханка


Тэлеканал “Белсат” адзначае сёньня свае першыя ўгодкі. Ён створаны на базе польскага грамадзкага тэлебачаньня, а пачаў трансьляцыю сваёй гадзіннай праграмы на сатэліце “Astra”.


Цяпер “Белсат” мае больш чым 6-гадзінную праграму на сатэліце “Sirius-4”, што дазволіла значна пашырыць аўдыторыю гледачоў у Беларусі. Перадачы таксама можна пабачыць праз інтэрнэт. Прэсавы сакратар тэлеканалу Сяргей Пялеса адзначыў:

“Ёсьць памылковае перакананьне, часта яно зьяўляецца ў беларускіх мэдыях, што гэта польскі тэлеканал. Гэта такі беларуска-міжнародны праект. Хаця і большая частка сродкаў паходзіць з польскага бюджэту, зацьверджана польскім сэймам. Але адначасова ў праекце задзейнічаны і іншыя краіны, партнэры. Тут я маю на ўвазе найперш Літву, дзе робіцца ток-шоў “Форум”. Перадача ствараецца ў студыях літоўскага тэлебачаньня . Таксама варта сказаць пра ўдзел Нямеччыны і такіх краінаў як Швэцыя, Ірляндыя, Вялікабрытанія. Мы зьяўляемся нетыповым грамадзкім тэлеканалам. Мы некамэрцыйны канал. Фармат грамадзкага тэлебачаньня нам бліжэй за ўсё”.

Да сваіх угодкаў “Белсат” агучыць вынікі першага незалежнага дасьледаваньня адносна распазнавальнасьці брэнду ў Беларусі. Таксама адбудзецца ўручэньне статуэтак “Сябра “Белсату” асобам, якія спрычыніліся да зьяўленьня каналу. І яшчэ ў праграме прэм’ера новага дакумэнтальнага фільму “Вызваленьне” пра лёсы беларускіх палітвязьняў. Паводле Сяргея Пялесы, у наступным годзе “Белсат” прапануе гледачам новыя праекты:

“У наступным годзе мы мяркуем пашырыць нашу прапанову для дзяцей. Альбо гэта будзе мультсэрыял на беларускай мове, альбо гэта будзе нешта кшталту “Калыханкі”. Апроч гэтага будзем імкнуцца пашырыць праграму па гісторыі. Інтэнсіўна працуем над новым гістарычным сэрыялам “Гісторыя пад знакам Пагоні”. Гісторыі аб’ектыўнай, без белых плямаў”.

Пакуль тэлеканал ня мае афіцыйнай акрэдытацыі ў Беларусі і цяпер вядуцца перамовы ў гэтым пытаньні зь беларускім Міністэрствам замежных спраў. Ідэю стварэньня ў Польшчы тэлебачаньня для Беларусі яшчэ раней скрытыкаваў Аляксандар Лукашэнка, які назваў гэты праект “недружалюбным”. У шэрагу журналістаў, якія працуюць у тэлекампаніі “Белсат”, былі праведзены ператрусы.

Аляксей Кароль мяркуе, што тэлеканал “Белсат” вельмі неабходны для гледачоў у Беларусі і ўжо заняў сваю нішу:

Аляксей Кароль
“Гэта канал, які прынцыпова адрозьніваецца ад тых афіцыйных, беларускіх каналаў, але не беларускамоўных, якія ладзяць афіцыйнае тэлебачаньне. І ўжо тым ён карысны:гэта іншы пункт погляду, іншы фармат перадач, гэта большая раскаванасьць. І большая набліжанасьць да стандартаў тэлебачаньня, якое зараз усталявалася ў сьвеце, у свабодных краінах, з полем свабоднай думкі”.

Кожную суботу на Белсаце можна глядзець аналітычную праграму “Свабода на Белсаце”, у якой бяруць удзел супрацоўнікі праскай штаб-кватэры радыё, міжнародныя экспэрты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG