Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАТЭ правядзе апошні матч у сёлетняй Лізе чэмпіёнаў


Футбольны матч Лігі чэмпіёнаў БАТЭ-“Рэал”

Футбольны матч Лігі чэмпіёнаў БАТЭ-“Рэал”

Сёньня футбольная каманда БАТЭ з Барысава правядзе апошнюю сустрэчу ў рамках групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў сэзону 2008-2009. Позна ўвечары ў італьянскім Турыне беларусаў прыме адзін з мацнейшых клюбаў сьвету – “Ювэнтус.


Адзін з самых вядомых беларускіх футбольных арбітраў, судзьдзя міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук лічыць, што і сёньня БАТЭ пакажа відовішчны футбол, хоць сама па сабе сустрэча ні для каго з супэрнікаў істотна значэньня ня мае – месцы ў групе ўжо фактычна разьмеркаваныя:

“З гледзішча падтрыманьня прэстыжу і гульні, якую БАТЭ дэманстравала ў гэтым “лігавым” турніры, думаю, што яны аддадуць усе сілы, каб годна выступіць. Хоць матч, па сутнасьці справы, для БАТЭ нічога не вырашае. Але, тым ня меней, водгукі, якія пайшлі пра іх гульню пасьля групавога этапу, былі надзвычай добрыя. Таму перакананы, што яны пастараюцца згуляць добра. Тым больш, на гэта сьведчыць і вельмі сур’ёзная падрыхтоўка, якую яны перад гэтым матчам праводзілі непасрэдна ў Італіі. Таму ў мяне такое прадчуваньне, што БАТЭ мусіць паказаць добры, зьмястоўны футбол”.

Здадаем, што само па сабе тое, што БАТЭ , па мерках эўрапейскага футболу пазаштатны клюб, патрапіў у асноўны раўнд Лігі чэмпіёнаў, шмат хто ўспрыняў як недарэчнасьць. Беларусам прагназавалі поўны правал з выніковым “нулём” пасьля ўсіх сустрэчаў. Аднак пасьля паразы 0:2 у першым выязным матчы з “Рэалам” у Менску выхаванцы маладога трэнэра Віктара Ганчарэнкі прадэманстравалі футбольны цуд, згуляўшы ўнічыю з італьянскім “Ювэнтусам” – 2:2. Толькі недахоп адпаведнай практыкі ня даў сьвяткаваць перамогу – ужо да 20-й хвіліны беларусы выйгравалі 2:0. Пасьля гэтага была яшчэ адна нічыя ў гасьцявым паядынку з піцерскім “Зэнітам”, што дало падставу меркаваць: БАТЭ пад сілу замахнуцца на выхад у наступную стадыю спаборніцтваў – калі не ў Лізе чэмпіёнаў, то ў Кубку УЭФА .

Аднак супраць рэалій не папрэш. Прывідная трэцяя прыступка пасьля хатніх паразаў ад “Зэніта” і “Рэала” лягічна зьмянілася месцам у падвале табліцы. Але і два ачкі ў актыве – вельмі добры вынік для дэбютанта Лігі чэмпіёнаў. Зазначу, што нават у выпадку перамогі сёньня над “Ювэнтусам” БАТЭ ніяк не палепшыць турнірнае становішча, паколькі нават гіпатэтычных пяці ачкоў ня хопіць, каб узьняцца з апошняга месца. Таму, натуральна, праграму-мінімум беларусы выканалі. Больш амбітныя пляны галоўны трэнэр Віктар Ганчарэнка абяцае рэалізаваць у наступныя гады – прынамсі, ёсьць намер змагацца за пападаньне з групавую стадыю кожны сэзон. Таму цяперашні сыход падаецца адпаведным месцу, якое БАТЭ займае ў эўрапейскай клясыфікацыі.
XS
SM
MD
LG