Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць шанец нажыцца на сусьветным крызісе?


Сусьветны фінансавы крызіс бярэ ў закладнікі ўсё больш народу па ўсім сьвеце. Згортваецца вытворчасьць, банкрутуюць банкі і кампаніі, тысячамі выкідаюць на вуліцы лішніх людзей. Беларусь на гэтым тле пачувае сябе адносна спакойна, хоць цяжкасьці ў розных галінах эканомікі робяцца ўсё больш адчувальнымі. Аднак, канстатуюць экспэрты, горшае для краіны яшчэ наперадзе.

Кіраўніцтва Беларусі намагаецца пераканаць грамадзянаў краіны: сусьветны фінансавы крызіс закранае ўсіх, але беларусаў — у меншай ступені. Аднак нават на афіцыйным узроўні прызнана: тэмпы эканамічнага росту ў І квартале наступнага году зьніжацца да ўзроўню 5% замест заплянаваных 10—12%. Пра гэта сёньня сказаў міністар эканомікі Мікалай Зайчанка. Экс-дэпутат Вярхоўнага Савету і бізнэсовец Генадзь Казлоў лічыць, што спробы суцешыць суграмадзянаў цалкам зразумелыя, аднак досьвед суседзяў сьведчыць — пазьбегнуць наступстваў сусьветнай навалы папросту немагчыма:

“Што ўвогуле значыць — „пакуль нас мінае“? Разрадную стаўку зьменшылі, значыць, аўтаматычна зьменшацца заробкі, зьменшыцца пэнсія, усё астатняе. Гэта адразу ж адаб’ецца на большай частцы насельніцтва, бо ў нас адных пэнсіянэраў па краіне — 25% ад усіх жыхароў. А ўвогуле пік крызісу, які ахапіў увесь сьвет, у нас прыйдзецца на люты-сакавік (узгадаеце яшчэ мае словы).
І так падыдзе, што мала не падасца.
І так падыдзе, што мала не падасца. Паглядзіце, што ўжо адбываецца ва Ўкраіне. Я там часта бываю, і сёньня сытуацыя ў суседзяў — не прывядзі Божа! Невядома яшчэ, чым гэта ўсё скончыцца. Там вельмі складанае становішча, эканоміка на поўным спадзе. У Адэсе ўчора давалі 11 грыўнаў за даляр. Яшчэ на пачатку крызісу курс грыўны да даляра быў 4,65, і вось за месяц — ужо 11. Дый наш рубель таксама валіцца. Нават у абменных пунктах даляр ужо па 2240 прадаюць. Вось такім чынам і на нас сягае”.

Ці можна скарыстаць крызіс ва ўласных інтарэсах? У заходніх СМІ раз-пораз зьяўляюцца артыкулы пра тое, як нейкі суб’ект ня толькі вытрымаў фінансавую блякаду, але і зарабіў на агульнай бядзе немалыя грошы. А што ў Беларусі? Аналітык фінансавага парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова разважае:

— Насамрэч я пакуль нават ня чула, каб у нас пра гэта нешта казалі. Гэта можа быць нават больш філязофскае пытаньне: прыкладам, нейкі банк коштам таго, што астатнія спынілі сваю актыўную дзейнасьць, нечакана заваяваў долю на рынку. Але як гэта будзе на самой справе і ці хопіць у кагосьці канкрэтных сілаў — магу пакуль толькі назіраць. І, напэўна, наўрад ці хто зараз гэта сур’ёзна пракамэнтуе. У спэкулятыўным сэктары рынку, вядома, могуць быць нейкія варыянты. Паглядзім, але нават ня ведаю, шчыра кажучы.

— Ёсьць меркаваньне, што сваёй кульмінацыі крызіс дасягне да вясны. Потым, паводле лёгікі, — паляпшэньне?..

Паводле прагнозаў спэцыялістаў, якія я чула, праявы крызісу будуць увесь наступны год.
— Наконт паляпшэньня, шчыра кажучы, сумняюся. Я чула, што да сакавіка наступствы набудуць крытычныя формы, але гэта не азначае, што да лета ўсё адразу палепшыцца. Увогуле паводле прагнозаў спэцыялістаў, якія я чула, праявы крызісу будуць увесь наступны год, як мінімум. На штосьці вельмі радаснае, мне здаецца, ня варта пакуль разьлічваць.

Дырэктар “Коўчынг-цэнтру”, псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі не такі пэсымістычны адносна пэрспэктывы доўгага “буксаваньня” ва ўмовах сусьветнага крызісу. Ён кажа, што сьвет не ўпершыню перажывае пэрыяд стагнацыі, таму арыентавацца трэба толькі на тое, што пасьля крызісу абавязкова наступае эпоха імклівага эканамічнага росту:

“Адносна пагаршэньня сытуацыі ўвогуле існуе досыць шмат прагнозаў. Вельмі шмат пэсымістычных, але ёсьць і больш аптымістычныя. Паводле некаторых амэрыканскіх прагнозаў, фінансавы рынак ужо дасягнуў свайго „дна“. Звычайна лічыцца, што „фінансавае дно“ дасягаецца за паўгода да моманту, калі спыняецца рэцэсія эканомікі. У прынцыпе, ёсьць нейкі шанец, што летам эканоміка Злучаных Штатаў прыйдзе да нормы. Але фактычна тут вельмі складана прагназаваць, сытуацыя вельмі складаная ў рамках любога крызісу. У дадзеным выпадку адбываецца натуральны ход рэчаў, тут няма нічога такога незвычайнага і нестандартнага. Усё цалкам натуральна — калі адразу будзе апускацца досыць вялікая колькасьць паказьнікаў да мінімальнага ўзроўню, а потым пачнецца рэзкі рост”.

Крызіс па-беларуску мае выразны расейскі акцэнт. Старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фэлікс Чарняўскі падкрэсьлівае: зацыкленасьць практычна ўсёй беларускай эканомікі на рынак суседняй Расеі саслужыла беларусам дрэнную службу.
Ад таго, як здолеюць зарыентавацца ў сытуацыі расейцы, залежыць і пэрспэктыўны дабрабыт беларусаў:
І фактычна ад таго, як здолеюць зарыентавацца ў сытуацыі расейцы, залежыць і пэрспэктыўны дабрабыт беларусаў:

“Паколькі ў нас значную долю — звыш 50% — займае ўсё ж расейскі рынак, а ў Расеі назіраюцца сур’ёзныя наступствы крызісу, то гэта нас кранае. Найперш гэта тычыцца фондавых індэксаў. Адбілася і палітычная сытуацыя на тым, што пачаўся сур’ёзны адток капіталаў з Расеі — найперш капіталу кароткатэрміновага, спэкулятыўнага. Натуральна, усё гэта выклікала складанасьці. А вазьміце паступленьні ад рэалізацыі нафты. Дагэтуль Расея ўсё хвалявалася: такія высокія кошты на нафту, што ня ведаем, куды грошы падзець. Пакутавалі — „як дрэнна!“ Цяпер няхай скажуць, як „добра“: кошты ўпалі і яшчэ далей будуць падаць. Цяжка Расеі з гэтай сытуацыі выходзіць, але праблема ў тым, што гэта наўпрост закранае і наш рынак. Дарэчы, і ў Казахстане досыць складана зь ліквіднасьцю банкаўскай сыстэмы, скарачаецца крэдытаваньне і назіраецца запавольваньне тэмпаў росту. Адпаведна, зьмяншаецца пакупніцкая здольнасьць — у тым ліку меншае попыт і на беларускія тавары”.

Згодна зь міністэрствам эканомікі, у І квартале 2009 году чакаецца зьніжэньне экспарту беларускіх тавараў амаль на 10% у параўнаньні з такім жа пэрыядам 2008-га. Зьніжэньне імпарту ацэньваецца на ўзроўні больш як 11,5%. Аб’ём інвэстыцый у асноўны капітал у І квартале наступнага году можа падвысіцца толькі на 4%. У сувязі з гэтым Міністэрства эканомікі ўнесла ва ўрад прапановы наконт зьмены прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2009 год, які прадугледжваў рост валавога ўнутранага прадукту на 10—12%. Цяпер гаворка пра рост ня болей як 5%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG