Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае індывідуальных прадпрымальнікаў?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 9-га сьнежня.


На 10 і 15 сьнежня рыхтуюцца акцыі пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў. Як зьменіцца іх юрыдычны статус і эканамічнае становішча пасьля Новага году? Навошта ўлады ціснуць на індывідуальных прадпрымальнікаў? Да якіх вынікаў могуць прывесьці прадпрымальніцкія акцыі?

Удзельнікі: старшыня аргкамітэту па стварэньні Асацыяцыі малога і сярэдняга бізнэсу Сяргей Балыкін і старшыня Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менску Алесь Макаеў.


Як зьменіцца юрыдычны статус і эканамічнае становішча ІП?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “К канцу года напружанасьць у дачыненьнях паміж індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП) і ўладамі абвастраецца. Лідэры прадпрымальніцкага руху кажуць пра зьнікненьне ІП пасьля Новага году як сацыяльнага слою. Прадстаўнікі ўладаў цьвердзяць пра стварэньне роўных умоваў для усіх бізнэсоўцаў, дзеля чаго трэба пазбавіць льготаў ІП.

Якія новыя юрыдычныя нормы ўступаюць у дзеяньне з 1 студзеня 2009 году? Як гэта паўплывае на статус ІП? Якія наступствы гэта можа мець?”

Сяргей Балыкін: “Ніякіх новых нормаў няма. Справа ў тым, што норма, якая прадугледжвала магчымасьць ільготнага ўвозу тавараў з Расеі без уплаты мыта і без дакумэнтаў, была часовай. І з 1 студзеня 2009 году яна страчвае сваю сілу.

Тыя ІП, якія займаюцца паслугамі ці працуюць ва ўмовах агульнай сыстэмы падаткаабкладаньня, з Новага году нічога не заўважаць. Таксама нічога ня зьменіцца для тых ІП, якія гандлююць харчовымі таварамі, электронікай ды іншым.

А вось тыя, хто працаваў з уплатай фіксаванага падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ), апынуцца ў цяжкіх умовах. Гэта прыкладна палова з тых 220 тысяч ІП, якія ёсьць у Беларусі. Ім трэба будзе праходзіць поўнае мытнае афармленьне, плаціць мыта, ПДВ паводле пададзеных дакумэнтаў на тавар. Але мець такія дакумэнты вельмі цяжка, амаль немагчыма. Бо іх не дадуць расейскія аптовыя прадаўцы. Але ІП ня спыняць свой бізнэс, а будуць працаваць па шэрых схемах”.


Удар па ІП

Алесь Макаеў
Алесь Макаеў: “У Беларусі пацерпяць каля 600 рынкаў, дзе працуюць ІП. Для іх наступаюць чорныя дні. Бо працаваць на новых умовах ІП будзе немагчыма, нявыгадна. Гэта фактычна забарона на іх дзейнасьць.

Прычым, гэта нявыгадна і для дзяржбюджэту. Вось напрыканцы мінулага году ўлады настойліва падштурхоўвалі ІП пераходзіць у статус прыватнага ўнітарнага прадпрыемства. Дзяржава спадзявалася атрымаць ад гэтага шмат падаткаў. Цяпер высьвятляецца, што ад іх не паступае падаткаў. Яны паказваюць, што пяць месяцаў працуюць у мінус, а толькі на шосты месяц паказваюць маленькі прыбытак.

Ці зьнікнуць рынкі? Не адразу. У Менску ёсьць рынкі, дзе да 40% працоўных — гэта юрыдычныя асобы, у іх працы нічога ня зьменіцца. Плюс тыя ІП, якія працуюць з прадуктамі, электронікай, футрамі. У рэгіёнах сытуацыя горшая. Гэта ўдар ня толькі па ІП, але і па пакупніках, якія страцяць магчымасьць купляць тавары па больш танных цэнах.

Пераход на новыя умовы працы для ІП нерэальны і таму, што ня створаныя адпаведныя ўмовы. Не адбылося спрашчэньня дакумэнтаў на тавар. Калі 100 тысяч ІП прыйдуць на мытню, то яе работа будзе проста паралізаваная. Нават для 10 тысяч ня хопіць мытных складоў. Няма эфэктыўных мэтодык па ліцэнзаваньні й сэртыфікаваньні тавараў”


Якія матывы дзеяньняў уладаў?

Карбалевіч: “Навошта гэта трэба ўладам? Чым ім замінаюць ІП? Навошта іх трэба выжыць? За гэтым стаяць палітычныя матывы, эканамічныя, камэрцыйныя? Чаму іх не пужае ўрастаньне беспрацоўя ў краіне?”

Сяргей Балыкін
Балыкін
: “Рост беспрацоўя ад гэтых захадаў улады не пужае. Бо ў нас беспрацоўнымі лічацца толькі тыя, хто стаіць на ўліку ў цэнтры занятасьці. А ІП туды ня пойдуць. Найперш, яны, хутчэй за ўсё, на гэта ня маюць права. Бо ІП не плацілі грошы ў фонд занятасьці.

Па другое, беспрацоўны, які стаіць на ўліку ў цэнтры занятасьці, атрымоўвае дапамогу ў памеры двух базавых велічынь першыя шэсьць месяцаў, а потым — адну базавую велічыню. Дзеля такіх сьмешных грошай ІП ня пойдуць станавіцца на улік. Таму страта ІП працы на статыстыцы беспрацоўя не адаб’ецца. Уладу гэта не клапоціць, яны для дзяржавы не існуюць”.

Макаеў: “Можна прагназаваць узмацненьне сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве. Каб на яго пайсьці, патрэбна палітычнае рашэньне.

Хачу адзначыць, што да канца мінулага году ІП, у прыватнасьці я, плацілі грошы ў фонд занятасьці. Толькі гэтым годам ІП далі дазвол не плаціць. Напэўна адмыслова, каб цяпер не плаціць дапамогу беспрацоўным ІП. Улады не баяцца ІП, бо інакш яны не ішлі б так напралом, па людзкіх лёсах”.


ІП зьнішчаюць на карысьць гіпэрмаркетаў?

Карбалевіч: “Існуе вэрсія, што за гэтай акцыяй уладаў стаяць лабісты, якія адлюстроўваюць інтарэсы гаспадароў гіпэрмаркетаў?

Макаеў: “Гэты чыньнік дзейнічае, але ён ня самы галоўны. Мы ім не канкурэнты. Яны, напрыклад, атрымліваюць прыбытак 50 мільёнаў даляраў, а ІП — каля 3 мільёнаў”.

Балыкін: “Я не лічу гэтыя дзеяньні замовай гаспадароў гіпэрмаркетаў. Па-першае, гіпэрмаркетаў у нашай краіне фактычна няма. Ёсьць толькі буйныя гандлёвыя цэнтры.

Па-другое, такія моцныя лабісты з сваімі магчымасьцямі маглі б пайсьці па больш простым шляху.
Прычына змаганьня ўладаў з ІП — гэта проста дзяржаўнае глупства.
Яны маглі б пралабіраваць для сябе істотную лібэралізацыю свайго бізнэсу і такім чынам выціснулі б ІП эканамічнымі мэтадамі.

Прычына змаганьня ўладаў з ІП — гэта проста дзяржаўнае глупства, вынік сацыялістычных стэрэатыпаў, якія ёсьць у галовах нашых кіраўнікоў. Калі яны лічаць, што толькі юрыдычная асоба можа быць суб’ектам гаспадараньня, то гэта цяжка выбіць з галавы”.


Акцыі пратэсту

Карбалевіч: “Прадпрымальніцкія арганізацыі рыхтуюць акцыі пратэсту. На 10 сьнежня прызначаны страйк, на 15 сьнежня — шэсьце і мітынг у Менску. Адразу зьвяртае на сябе ўвагу адсутнасьць адзінства ў прадпрымальніцкім руху, розныя арганізацыі ладзяць розныя акцыі.

У пачатку мінулага году дзьве акцыі ІП выдаліся даволі гучнымі, разгонам адной зь іх кіраваў сам міністар унутраных спраў Навумаў. Але безвыніковымі — улады не пайшлі на саступкі. Якія прагнозы можна зрабіць цяпер напярэдадні акцый пратэсту? Які настрой у прадпрымальніцкім асяродзьдзі?”

Макаеў: “Настрой розны. Трэба ўздымаць хвалю салідарнасьці, і яна будзе ўзьнята. Мы маем права на страйкі і мітынгі, калі ўлада парушае закон. І цяпер менавіта так.

Сапраўды, ёсьць праблема паразуменьня паміж лідэрамі прадпрымальніцкага руху. З мітынгам 15 сьнежня існуе больш-менш паразуменьне, а наконт страйку 10 сьнежня яго няма. А на рынках распаўсюджваюцца самыя супярэчлівыя чуткі. Напрыклад такія: ўсе льготы захаваюцца і наступным годам, таму ня трэба пратэставаць”.

Балыкін: “Пэрспэктываў у прадпрымальніцкіх пратэстаў няма. У мінулым буйных акцый ІП не было. Шмат ІП знаходзяцца ў апатыі, яны ня вераць у магчымасьць зьмяніць сытуацыю, імкнуцца прыстасавацца, працаваць па шэрых схемах. Таму я не лічу, што пратэсты будуць масавымі, а ўлады пойдуць на саступкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG