Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У «Бібліятэцы Свабоды» 15-я кніга — «Мой шыбалет» Пятра Садоўскага


12 сьнежня адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. Яе склалі мэмуары першага амбасадара незалежнай Беларусі ў Нямеччыне, дэпутата Вярхоўнага Савету XII скліканьня, мовазнаўцы Пётры Садоўскага.

СПАМПАВАЦЬ КНІГУ Ў ФАРМАЦЕ PDF МОЖНА ТУТ.


Сваімі першымі ўражаньнямі ад кнігі Пятра Садоўскага «Мой шыбалет», якая стала пятнаццатай кнігай выдавецкай сэрыі нашага радыё, дзеліцца знаны беларускі паэт Леанід Дранько-Майсюк.

Леанід Дранько-Майсюк

«Перачытваю і ўсім раю прачытаць кнігу Барыса Пятровіча «Жыць ня страшна», і гэтак жа буду ўсім раіць чытаць кнігу Пётры Садоўскага «Мой шыбалет». Бо ў гэтых кнігах ёсьць адказ на пытаньне — чаму беларус застаецца беларусам, а таксама даступна і сумленна, безь ніякага мэтафарычнага фальшу, разглядаецца праблема — чаму беларус, кажучы словамі Анатоля Вярцінскага, баіцца быць беларусам.

Кніга Пётры Садоўскага «Мой шыбалет» створаная страснай душой. З аднолькавым эмацыйным напалам у ёй вядзецца гаворка і пра сям’ю, і пра ўсю нашу беларускую краіну.

Пётра Садоўскі, выдатны лінгвіст, зьвяртае ўвагу свайго чытача на тое, што сёньня чалавек перастае бачыць слова. Дадам ад сябе: ня бачачы слова, чалавек бачыць і ўспрымае толькі лічбу. Гэта непакоіць Пётру Садоўскага, і такі небясьпечны стан слова непакоіць усіх гуманітарыяў.

Часам незразумела, чаму ў кнізе «Мой шыбалет» сустракаюцца русізмы. Напрыклад, заместа «канюшына» зьяўляецца «клевер», а заместа «вушак» пішацца «касяк». Але гэта тая драбяза, на якую без аніякіх высноваў я проста зьвяртаю ўвагу аўтара.

Спадзяюся, што прыхільнікі беларускага пісьменства ў сваіх гадавых чытацкіх анкетах паставяць кнігу Пётры Садоўскага на першае месца. А калі яны на першае месца паставяць кнігу Барыса Пятровіча «Жыць ня страшна», то сьледам, я ўпэўнены, напішуць: «Пётра Садоўскі. «Мой шыбалет».

XS
SM
MD
LG