Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня на працэс над Аляксандрам Баразенкам зноў прывялі маладзёнаў, якія адмаўляліся кантактаваць з журналістамі і паслухмяна адсядзелі да канца суду. Хто гэтыя людзі і як
паўплывала іх прысутнасьць на палітычны працэс?

Калі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся працэс над Аляксандрам Баразенкам, актывісты “Маладога фронту” зноў, як і ўчора, расьцягнулі плякат “Свабоду Баразенку!” і бел-чырвона-белы сьцяг. Пасталі яны насупраць суду, на другім баку вуліцы Кірава. Падыходжу да актывістаў, якія скандуюць “Жыве Беларусь” і ”Свабоду палітвязьням!” Дарэчы, сёньня зьявілася новая гуканка: “Рэжым — адстой, Алесь — мы з табой!” Пытаюся ў Юлі Міхайлавай пра мэты акцыі.

— Мы прыйшлі, каб падтрымаць Алеся Баразенку, і патрабуем свабоды для яго і рэабілітацыі ды спыненьня крымінальнага перасьледу адносна іншых моладзевых актывістаў.

— Вас жа тут міліцыянты могуць затрымаць, нават зьбіць, што ня раз бывала. Хіба вы не баіцеся?

— Канечне,
Мы не баімся. Алесю значна цяжэй, бо ён за кратамі.
гэта ўсё магчыма, але мы не баімся. Алесю значна цяжэй, бо ён за кратамі.

— Чую, тут сыгналяць аўтамабілі. Яны падтрымліваюць вашу акцыю?

— Мяркую, што так. Падтрымліваюць Аляксандра і нас за тое, што мы стаім, нягледзячы ані на холад, ані на што.

— Як сябе паводзіць міліцыя?

— Учора даходзіла нават да гвалту, а сёньня пакуль не перашкаджаюць. Былі толькі цяжкасьці на ўваходзе ў судовую залю. Там усё было занята.

Маладзёны, якія сёньня запоўнілі судовую залю на працэсе Баразенкі, адмаўляліся кантактаваць з журналістамі і казаць, каго яны прадстаўляюць. Нагадаю, учора ў суд прывялі групу студэнтаў зь Беларускай аграрна-тэхнічнай акадэміі. Кіраваў імі чалавек, які перашкаджаў працаваць журналістам і штурхнуў маці Аляксандра Баразенкі Алену. Пазьней стала вядома прозьвішча гэтага чалавека — гэта нейкі Ўладзімер Цюхай, паводле зьвестак, актывіст БРСМ з Цэнтральнага райкаму гэтай арганізацыі. Я паспрабаваў спраўдзіць гэтыя зьвесткі праз тэлефон, але нічога не атрымалася: нумар Цэнтральнага райкаму БРСМ маўчаў, як і нумар прэсавай службы Цэнтральнага камітэту БРСМ. Сакратар Міхаіл Дзенісенка, які часова ўзначальвае БРСМ, таксама ніводнага разу не падняў слухаўку. Сакратарка мабільны тэлефон свайго начальніка назваць адмовілася:
Я бачыў у вачах разгубленасьць ды сорам.


“Ён на мерапрыемстве, хутка будзе. Нічым вам не магу дапамагчы”.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч таксама правёў дзень на мерапрыемстве — каля Цэнтральнага суду. Дашкевіч бачыў, як падчас перапынку актывісты БРСМ выходзілі з суду пад скандаваньне “Свабоду Баразенку!” “Яны ніяк не адрэагавалі на нашы воклічы, уціснулі галовы ў плечы і пайшлі”, — распавёў Зьміцер Дашкевіч. Пытаюся ў актывіста, што ён мяркуе пра сытуацыю ў БРСМ:

“Зважаючы на тое, што рэакцыі ад іх не было, яны вельмі мала дасьведчаныя ў тым, што адбываецца. Усё ж мяркую, што шмат каму зь іх гэты загад-прымус ісьці на расправу з дэмакратычным актывістам расплюшчыць вочы. Можа, адзін зь іх і быў апантаны, ён быў тут учора, але ў астатніх я бачыў у вачах разгубленасьць ды сорам. Бачна, чаго вартыя заявы пра тое, што ў БРСМ паўмільёна сяброў. Атрымліваецца, што зь іх не знайшлося і 10 чалавек, якія б маглі адстойваць свае пазыцыі”.
XS
SM
MD
LG