Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры прадпрымальнікаў — пра страйк 10 сьнежня


Індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі завяршаюць падрыхтоўку да страйку, мітынгу і шэсьця. Гэтыя акцыі маюць адбыцца ў рэгіёнах і Менску 10 і 15 сьнежня. Што змушае гандляроў ізноў выходзіць на вуліцу?

БАРЫСАЎ

Сёньня ў Барысаве мясцовых прадпрымальнікаў выклікалі ў будынак райвыканкаму на так званую прафіляктычную гутарку. Прысутнічаў і лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў. У паведамленьні для “Свабоды” ён адзначыў:


“Экстранна вывучаецца сытуацыя перад заўтрашнім днём”

“Правяраюцца настроі. Экстранна вывучаецца сытуацыя перад заўтрашнім днём. Прадпрымальнікам заяўляюць: „Ня трэба страйкаваць! Гэта ня мэтад. Мы будзем шукаць завадатараў, будзем разьбірацца зь імі“. Праўда, людзі ўжо стаміліся ад такіх пагрозаў. Яны заяўляюць, што ў іх ёсьць канстытуцыйнае права на працу і яго належыць абараняць”.

Інфармацыю пра намеры беларускіх прадпрымальнікаў наконт страйку 10 сьнежня ўдакладняе адзін з актывістаў на Меншчыне Ігар Леднік:


Кожны вырашае асабіста, ці далучацца да аднадзённага страйку

“Калі гэта аднадзённы страйк, то кожны вырашае асабіста. Ужо была такая практыка: палова гандляроў на рынках працуюць, а іншыя — не.

На думку прадпрымальнікаў, самыя галоўныя акцыі пратэсту адбудуцца пасьля Новага году. “Калі прадпрымальнікаў улада прыцісьне, калі нельга будзе працаваць без дакумэнтаў на кожны тавар. Тады ў грамадзтве будзе вялікая напруга”.

ПІНСК

Лідэр пінскіх прадпрымальнікаў Валеры Васільеў, які зазнаў сёлета чатыры судовыя працэсы за заклікі да страйку, прызнаецца:


“У нас невялікі працэнт людзей, якія гатовыя страйкаваць”

“Колькі я тут часу патраціў, каб хоць неяк іх разварушыць! Ёсьць невялікі працэнт людзей, якія гатовыя нешта рабіць. Яны й цяпер заклікаюць да актыўных дзеяньняў, але асноўная маса паводзіць сябе абыякава. А гэтыя адзінкі нічога ня зробяць”.

МЕНСК

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін выказваецца пра магчымае разьвіцьцё акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў у Беларусі:


“Пакуль гром ня грымне,
прадпрымальнікі ня зьдзівяць актыўнасьцю”

“Прадпрымальнікі, як кажуць, пакуль гром ня грымне, то ні перад кім не перахрысьцяцца. Таму сказаць, што будзе заўтра страйк альбо не, і наколькі ён будзе актыўны, вельмі цяжка. Мяркую, што асноўныя падзеі адбудуцца пасьля Новага году.

Хаця ўжо цяпер мясцовыя ўлады робяць некаторыя захады, каб стварыць уяўленьне, што калі нешта адбудзецца, то гэта ніякі ня страйк, а асобныя прадпрымальнікі ўзялі для сябе выходны”.



Ад Новага году індывідуальным прадпрымальнікам будзе неабходна мець поўны камплект дакумэнтаў на ўвезены тавар і плаціць з гэтага тавару падатак у 18%.

1 студзеня спыняецца дзеяньне пункта ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 285 ад 18 чэрвеня 2005 году, які прадугледжвае выплату прадпрымальнікамі падатку на дададзеную вартасьць пры ўвозе тавараў з Расеі ў цьвёрдых сумах.
XS
SM
MD
LG