Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў гэтыя дні пасьля сьмерці Патрыярха Аляксія Другога ў самой Расеі гучаць хваласьпевы на ягоны адрас, дык мне падаецца, што, як мінімум, з пункту гледжаньня расейцаў яны ў значнай ступені апраўданыя, хаця зь іншага гледзішча ня цалкам.


Кіруючы Царквою ў пераломны час, Аляксій ІІ вырашыў аднавіць, як мінімум, царкоўныя структуры пасьля 70 гадоў камунізму і праграмнага атэізму. Ён вырашыў у першую чаргу аднавіць структуры, а потым удасканальваць Царкву. Ён пачаў адбудоўваць касьцяк Царквы: сетку епархіяў, парафіяў, храмаў, манастыроў і духоўных вучэльняў ва усіх рэгіёнах краіны, каб РПЦ зноў сталася галоўнай канфэсіяй Расеі.

Нешта за нешта



З другога боку, каб вярнуць Царкве адабранае ў яе камуністамі, за права на адраджэньне Царквы, за свабоду дзеяньня і паўторны доступ да паствы, Патрыярху прыйшлося шмат чым ахвяраваць. Каб дасягнуць сваёй мэты ён, відавочна, сьвядома і з прагматычных меркаваньняў пайшоў на кампраміс з дзяржаўнай уладай. Царква, хаця і афіцыйна не займаецца палітыкай, усё ж актыўна падтрымлівала Барыса Ельцына, затым ягонага пераемніка Ўладзімера Пуціна і падаахвочвала галасаваць за Дзьмітрыя Мядзьведзева. Аляксій ІІ выразна падтрымаў нават абедзьве войны ў Чачні, што з рэлігійнага пункту погляду (“шчасьлівыя міратворцы”) цяжка зразумець. Пры Пуціне часта гаварылася нават пра “ сымфонію” Царквы і дзяржавы. З кагэбісцкім мінулым Пуцін раптам пачаў хадзіць у царкву, дэманстраваць сваю рэлігійнасьць і тое самае рэкамэндаваў сваім падначаленым. У выніку прыхільнасьць да праваслаўя і рэлігійных каштоўнасьцяў пачалі дэманстраваць ледзь ня ўсе: ад палітыкаў па публіцыстаў. Гэта стала ледзь не прыкметай патрыятызму, бо і РПЦ і Крэмль паставілі сабе за мэту адбудову велічы Расеі. Гэтую лінію працягвае і Дзьмітры Мядзьведзеў, а ягоная жонка Сьвятлана рэгулярна бывае на імшах і падтрымлівае ўсялякія царкоўныя, дабрачынныя акцыі.

Не пускаць чужых

З пункту погляду Расеі, якая вырашыла ўстаць з каленяў, Аляксій ІІ быў адпаведным чалавекам на адпаведным месцы. Аднак гледзячы з пазыцыі Захаду, лёгка прызнаць яго антыэўрапэйскім, антыэкумэнічным і антылібэральным. Патрыярх не хаваў свайго адмоўнага стаўленьня да Захаду, да лібэральнага, спажывецкага ладу жыцьця, да эўрапейскага рэлігійнага рэлятывізму. Ён лічыў, што Расея павінна пайсьці па іншым шляху вяртаньня да часоў “ сьвятой Русі”. Дзеля гэтага ён блякаваў прыезд у Расею заходніх місіянэраў, дабіўся прызнаньня дзяржавай толькі чатырох “традыцыйных” рэлігіяў і канфэсіяў.

Аляксій ІІ адкінуў прапанову Папы Яна Паўла ІІ аб прымірэньні паміж Ватыканам і РПЦ. Зь гэтай прычыны ніколі не адбыўся візыт Папы ў Расею, бо Крэмль у асобах і Ельцына, і Пуціна не былі супраць такога візыту. Падчас пантыфікату Яна Паўла Другога Маскоўскі Патрыярх увесь час абвінавачваў Ватыкан у агрэсіўным празэлітызьме на тэрыторыі так званага “кананічнага” праваслаўя, якою ён лічыў ня толькі Расею, але таксама Беларусь і Ўкраіну. Не дапамагалі ніякія тлумачэньні, ў прыватнасьці Архіепіскапа Тадэвуша Кандрусевіча, як сказаў, што за 16 гадоў ягонай службы у Расеі, у каталіцтва перайшлі усяго некалькі сот чалавек з праваслаўнымі каранямі. Калі на месца Яна Паўла ІІ быў абраны Бэнэдыкт XVI, у РПЦ уздыхнулі з палёгкаю. Маўляў, кожны будзе лепшы за паляка, аб чым у свой час выразна заявіў “ Свабодзе” выдатны расейскі тэоляг айцец Андрэй Кураеў.

Боязь канкурэнцыі


З другога боку шмат хто лічыць, што непрыязнае стаўленьне Аляксія ІІ да Захаду і каталіцтва не такое ўжо і бескампраміснае. Ён проста разумеў, што, калі ў Расеі каталікі атрымаюць аднолькавыя з праваслаўнымі правы, дык са сваім дынамізмам і арганізаванасьцю яны ў хуткім часе ў рэлігійным сэнсе заваююць Расею. Аляксій ІІ відавочна разумеў, у якім дрэнным стане знаходзіцца расейскае праваслаўе, як дрэнна падрыхтаваныя да сваёй працы сьвятары сьпешна высьвечаныя пасьля пару месяцаў курсаў, каб не пакідаць вакантнымі вернутыя царкве храмы.
У гэтым сэнсе Патрыярх не памыляўся. Праўда, яму удалося аднавіць царкоўныя структуры, толькі не атрымалася з верай. Рэлігійнасьць расейцаў, нават тых, хто быў хрышчаны у царкве, вельмі часта зводзіцца і абмяжоўваецца крыжыкам на грудзях. З дасьледаваньняў вынікае, што хаця прыналежнасьць да праваслаўя дэкляруе 70% расейцаў, аднак толькі 6% зь іх рэгулярна ўдзельнічаюць у царкоўным жыцьці. Толькі 27% вернікаў умеюць назваць хаця б адзін з 10-ці запаветаў, а ўсе дзясяць умеюць пералічыць толькі 2%. Пасты трымаюць меней чым 10% вернікаў, а 21% не памятае, калі прыступаў да Сьвятога Прычасьця ( Эўхарыстыі). Ва умовах рэлігійнай свабоды вернікі ня хлынулі ў храмы, і гэта ня толькі вынік дзесяцігодзьдзяў атэізацыі. Мэнтальна застаючыся ў XIX стагодзьдзі, РПЦ ня здолела стаць душапастырам для народу.

Не атрымалася і са сваімі

Праўда, ён прывёў да прымірэньня з Царквою ў замежжы, але пры гэтым не выканаў асноўнага патрабаваньня з боку замежнай Царквы: пакаяцца ў цесным супрацоўніцтве РПЦ з камуністычным рэжымам. Аляксій ІІ не пасьмеў таксама правесьці люстрацыю у Царкве, але зноў жа з прагматычным меркаваньняў. Ён відавочна разумеў, што калі пайсьці па шляху ачышчэньня, калі б асудзіць супрацоўніцтва з КДБ, то што засталося б з царкоўнай гіерархіі ўключна зь ім самім.

У сэнсе рэальнай сілы і аўтарытэту незразумелыя прэтэнзіі РПЦ на першае месца ва ўсясьветным праваслаўі. Незразумелая і некарэктная фармулёўка аднаго з польскіх выданьняў (Факт), што “ памёр Папа праваслаўя. Маскоўскі Патрыярхат пасьлядоўна адмаўляе Канстантынопальскаму Патрыярху ў праве на ганаровае першынства паводле прынцыпу “Primus inter pares” ( першы сярод роўных). РПЦ паспрачался з Канстантынопалем за кантроль над эстонскай і часткай украінскай цэркваў. Масква (дарэчы, вуснамі цяперашняга дазорца Партыяршага трону Мітрапаліта Кірыла), не прызнае права Ўсяленскага Патрыярха на юрысдыкцыю над тымі цэрквамі ў замежжы, якія засноўвала расейскай Царква. Адным словам, не атрымалася ня толькі з каталікамі, але і са сваімі.
А ўсё ж можа і болей плюсаў?
Усё ж, калі быць справядлівым, дык усьлед за Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам трэба прызнаць, што Аляксію Другому прыйшлося кіраваць Царквою ў нялёгкі час і ён кіраваў ёю найлепей, як умеў і, мабыць, аптымальна ў рэальных умовах. Калі паглыбляюся думкамі ў сытуацыю расейскага праваслаўя, калі спрабую зразумець матывы ягоных дзеяньняў, дык я згодзен з тымі, якія лічаць Аляксія Другога “патрыярхам сярэдзіны”. Гэтак, як непрыхільна ён ставіўся да Захаду і экумэнізму, так і непрыхільна да “чорнасоцінства” і нацыяналізму, хаця такая пазыцыя назіраецца і сярод расейскіх палітыкаў і сярод вышэйшага духавенства.

Улічваючы ўсё разам, можна нават сказаць, што на фоне іншых гіерархаў Аляксій Другі быў патрыярхам найлепшым з магчымых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG