Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зьняволеныя, якія выказвалі праўду, павінны быць на свабодзе”


Суд над Аляксандрам Баразенкам, пахаваньне маскоўскага патрыярха Аляксія ІІ, скасаваньне пэнсійных надбавак для былых сілавікоў, гадавіна нараджэньня Максіма Багдановіча, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


У судзе Цэнтральнага раёну Менску сёньня працягваўся суд над Аляксандрам Баразенкам, фігурантам так званай “справы 14-ці”, якую распачала пракуратура пасьля студзеньскіх акцый прадпрымальнікаў. Камэнтар слухача:

Cпадар: “Гора і грэх міліцыі ў Беларусі, што сябе паводзіць некультурна, немаральна, бязбожна. Грэх і гора так званым сілавым структурам і іх судзьдзям. Калі на судзе чалавечым ударылі Хрыста фізычна і маральна, то Збавіцель не прамаўчаў, даў добры адказ. Няхай будуць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя, якія выказвалі праўду ў Беларусі. Адзін судзьдзя — гэта сам Бог-творца”.

У Маскве адбылася цырымонія пахаваньня патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія ІІ. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Міхась, в. Карпілаўка: “Памёр Аляксій ІІ. Нямала чалавецтва праліла крыві, каб аддзяліць царкву ад дзяржавы. Але яны лезуць пішчом. Катам вы вешаеце ўзнагароды, шануеце як герояў вайны. Вось якія яны”.

Cпадар Яцкевіч: Хачу выказацца з нагоды пахаваньня ў Маскве. Адна справа, калі бласлаўляюць на абарону Айчыны, а другая справа, калі на бойню іншых народаў. Я б на яго месцы баяўся паміраць”.

Слухачы таксама працягваюць абмяркоўваць тэму адмены надбаўкі за званьні для вайсковых пэнсіянэраў, а таксама пэнсіянэраў-міліцыянтаў:

Cпадар: “Я хачу падтрымаць ваеннага пэнсіянэра. Правільна ён кажа, што пэнсія ня можа быць аднолькавай. Пэнсія даецца за тое, хто на што вучыўся. А Лукашэнку даўно трэба ісьці на пэнсію, у адстаўку і гуляць зь дзецьмі ў хакей”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Cпадар Андрэй, Пінск: “Кожны дзень у грамадзкім транспарце нагадваюць пасажырам пра пільнасьць, уважлівасьць, быць асьцярожнымі, калі заўважылі прадметы без нагляду. Гэта ўсё зьвязана з выбухам 3 ліпеня. Гэта сьведчыць пра тое, што ніякіх вынікаў па выбуху няма”.

Генадзь Плавінскі, Глыбокае: “Добра, што Радыё Свабода ахінае маладое хілае дрэўца — тэлеканал “БелСат”, каб лепей чулася жывое беларускае слова. Ураджайных гадкоў табе, “Свабода”!”

Мікола Шаравар, Салігорск: “9 сьнежня спаўняецца 117 гадавіна з дня народзінаў паэта-дэмакрата Максіма Багдановіча, які нам вядомы ня толькі як паэт-лірык, але і як паэт-трыбун. Што толькі значыць ягоны заклік: “Рушым, брацьця, хутчэй у бой, пакідаючы жах”! Яго творчасьці я прысьвяціў акраверш “Муза песьняра”:

Максіму толькі дваццаць пяць,
Адмераў ён з душы гарэньне,
Каб ліры музай дух падняць,
Сьвітальнае зары тварэньне.
І каб была жыцьцём апета
Магічная душа паэта
У час людзкога абурэньня”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG