Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вынік нечытаньня – лянівая мэнтальнасьць і штампаваная сьвядомасьць”


Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі

Сёньня Пётра Садоўскі разважае пра тое, чым абарочваецца нежаданьне сучаснай моладзі чытаць.


– Зараз часта скардзяцца, што дзеці на чытаюць добрых кніжак ці ўвогуле не чытаюць. Бясспрэчна, урокі дабрыні, страчаныя праз “нечытаньне”, цяжка кампэнсаваць гатовым кінапрадуктам на кампутары ці тэлеэкране. Але яшчэ страшнейшая страта – фармаваньне лянівай мэнтальнасьці, загрузка гатовых візуальных і музычных вобразаў у сьвядомасьць. Пры чытаньні кнігі чытач становіцца сам суаўтарам і “бачыць” ды “чуе” падзеі па-свойму. У ім нараджаецца гуманістычны творца. Пры калектыўным чытаньні ўслых людзі суперажываюць разам і становяцца часткай грамадзянскай супольнасьці.

Кнігі сфармавалі мяне як асобу. Уласна кажучы, штодзённая праца, якую можна назваць па-царкоўнаму, послухам, ці па-царкоўна-славянску “послушаніем”, ды чытаньне добрых кніжак былі галоўнымі складнікамі сталеньня. У сваіх нарысах-успамінах я ўзадвую пра пасьляваенную “эпідэмію” чытаньня.

На пачатку 50-х наша маці працавала на чатырох работах: удзень пасьціла калгасных гусей (дакладней, пастухамі былі мы, меншыя дзеці), ноччу старажыла фэрму і калгасны сьвіран зь зернем. Акрамя гэтага, была яшчэ лістаносцам й “ізбачом” (загадчыкам ізбы-чытальні). Ізбой-чытальняй была наша хата. Сюды маці прыносіла газеты, часопісы і даволі шмат кніг. На пачатку 50-х у нас радыё яшчэ не было. Вечарамі пры капцюльцы, або смаркачцы, – так называлі керасынавую лямпу бяз шкла – ці пры “сьветачы”, значыць пры лучыне, чыталі ўслых “Узьнятую цаліну” Шолахава (мне чамусьці помніцца, што гэта было на беларускай мове – можа, пераклад?), “Глыбокую плынь” Шамякіна, апавяданьні Горкага, Якуба Коласа і Зьмітрака Бядулі, нават Матэ Залку (венгерскага пісьменьніка, камандзіра інтэрбрыгады ў Гіспаніі, вядомага як генерал Лукач). У нас у хаце таксама засталіся дзьве вялізныя скрынкі кніжак ад ранейшага пастаяльца-кватаранта, прысланага перад вайной настаўніка, якога звалі Глод Станіслаў Зіноўевіч. Яго нам калгас “паставіў на кватэру”, калі бацька быў на фінскай вайне. Пазьней яго арыштавалі як эсэра. Ад настаўніка засталася скрыня з сур’ёзнымі кнішкамі: некалькі тамоў Брокгаўза і Эфрона, “Жыцьцё Ісуса” (можа, Рэнан?), Заля (я чытаў прозьвішча як Золя з націскамна першым складзе), Бальзак, Меражкоўскі і шмат чаго іншага.

Чытаньне так захапляла ўсіх, што, памятаю, у абед дзяўчаты прыбягалі з калгаснай фермы і працягвалі чытаць партызанскі раман Івана Шамякіна “Глыбокая плынь” пра сям’ю Маеўскіх. У абедзенны перапынак чытальнікам быў я. Мне было тады гадоў дзесяць. Я пачуваў сябе вельмі важным і запамінаў ўсё да драбніцаў. Нават зараз чую, як сьвішча сьнег пад хуткімі лыжамі Жэнькі Лубяна. Партызаншчына была дарагой для мяне тэмай як памяць пра бацьку.

У сувораўскай вучэльні наш афіцэр-выхавальнік, сібірак, маёр Лалецін Андрэй Афанасевіч штодня чытаў нам услых у апошнія паўгадзіны самападрыхтоўкі мастацкія творы. Мы стараліся як мага хутчэй зрабіць заданьні на заўтра і прасілі пачынаць чытаньне. Чыталі ўслых і некаторыя з нас, у каго была добрая дыкцыя. За тры гады, пакуль ён быў нашым афіцэрам-выхавальнікам, мы прачыталі шмат чаго з Горкага, Гаршына, Ганчарова, Ляскова, Чэхава, Караленкі… Больш за ўсё нам падабалася слухаць “Пэдагагічную паэму” Макаранкі. Жыцьцё каляністаў нагадвала наша сувораўскае.

Маці чытала кожную вольную хвіліну. Пасьля вайны акуляры былі вялікай раскошай: іх проста не было дзе замовіць ды купіць. Маці чытала праз вайсковую нямецкую лупу, якую немцы пра адступленьні пакінулі ў хаце разам з картай і курвімэтрам (такое кілямэтражнае калёсіка для вымярэньня адлегласьці на карце). Так і памятаю маці за кніжкай: з доўгім носам і лупай, у белай хустцы. За такі вучоны выгляд мы называлі маці “кузэн Бенэдыкт”, як героя рамана Жуль Вэрна “Пятнаццацігадовы капітан”, выява якога на выдатнай чорна-белай ілюстрацыі, дзе ён у трапічнай панаме разглядае праз лупу муху цэ-цэ, вельмі нагадвала нам нашу маці.
Тэма як бы ня новая. Важна чытаць тое, што табе блізкае паводле натуры, а ня тое, што модна. Ня трэба сябе гвалціць. Я маю на ўвазе толькі мастацкія тэксты, а не навуковыя ды крытычныя. Цікава, што думаюць пра гэта слухачы “Свабоды”, асабліва маладыя.

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Пётра Садоўскі хутка адзначыць 70-годзьдзе. Будучы германіст і першы амбасадар незалежнай Беларусі сем гадоў прабыў у сьценах Менскай сувораўскай вучэльні, “дзе сфармаваліся ўсе вартасьці й комплексы інтэлектуала і рамантыка (цытатата зь ягонай кніжкі, выдадзенай у сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе”). Няўдалыя спробы стаць вайсковым мэдыкам, фінансістам, філёзафам прывялі да посьпехаў у германістыцы і славянскай філялёгіі”. Спадар Садоўскі вядомы сёньня як кандыдат навук, дэпутат нацыянальнага парлямэнту, дыплямат, аўтар шматлікіх публікацыяў… У пятніцу ён прэзэнтуе аўтабіяграфічныя арабэскі “Мой шыбалет”, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода і выдадзеныя зь яго дапамогай.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG