Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі рэалістычным цяпер выглядае атрыманьне крэдыту ад МВФ? На якія крокі гатовы ісьці ўлады дзеля гэтых грошаў?


У панядзелак, 8 сьнежня, у Менск прыбыла місія тэхнічнага садзеяньня ў пытаньнях грашова-крэдытнай палітыкі МВФ. Экспэрты будуць знаходзіцца ў Беларусі да 15 сьнежня, а потым у Менск прыедзе місія МВФ, якая працягне перамовы з прадстаўнікамі ўраду ў пытаньні выдзяленьня Беларусі крэдыту 2 мільярды даляраў. Наколькі рэалістычным выглядае атрыманьне гэтага крэдыту? На якія крокі гатовы ісьці беларускае кіраўніцтва дзеля грошай ад МВФ? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст, экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
“Некаторыя апошнія крокі беларускага ўраду, у прыватнасьці зьніжэньня тарыфнай стаўкі першага разраду – ці сапраўды яны прадыктаваныя МВФ? Калі гэта так, то варта задумацца – на што гатовыя ісьці беларускія ўлады дзеля гэтага крэдыту?”

Аляксандар Чубрык
Чубрык:
“Я б сказаў іначай. Зараз атрымліваецца такая сытуацыя, што беларускае кіраўніцтва мусіць рабіць тыя рэчы, якіх ён ніколі не рабіў раней. У тым ліку замарожваньне заробкаў, некаторыя лібэральныя рэформы, якія ўжо анансуюцца. І урад мусіць гэта рабіць незалежна ад таго, дасьць МВФ грошы альбо не. А цяпер атрымліваецца, што МВФ можа даць грошы за тое, што ўрад і так будзе рабіць у любым выпадку. Някепская сытуацыя – атрымаць яшчэ і грошы за тое, што ты абавязаны зрабіць”

Цыганкоў: “Улады ўвесь час заяўляюць, што не дапусьцяць дэвальвацыі беларускага рубля. Але апошнім часам рубель падае штодня на 3-5 рублёў, за лістапад ён упаў на 3 працэнты. Можа, улады ўжо дэ-факта праводзяць гэтую дэвальвацыю?”

Чубрык: “Так, яна ўжо адбываецца. Тыя 20 працэнтаў дэвальвацыі, якія нібыта патрабуе МВФ, -- гэта найменшае, што можа быць за наступны год. 20 працэнтаў за 2009 год – гэта было б нават вельмі няблага. З наступнага году рубель плянуецца прывязаць да кошыку валют, -- і там суадносіны розных валют (даляр, эўра, расейскі рубель) будуць падабраныя акурат такім чынам, каб беларускі рубель да даляру ўпаў ня больш чым на 20 працэнтаў”

Цыганкоў: “Улічваючы апошнія дзеяньні беларускага ўраду, якія прайшлі пасьля мінулага візыту місіі МВФ, -- наколькі рэалістычным выглядае зараз атрыманьне гэтага крэдыту?”

Чубрык: “Цяпер урад больш падрыхтаваны да тых прапановаў, якія рабіў МВФ падчас мінулага візыту. У нядзелю на ОНТ быў сюжэт пра тое, што рыхтуецца ўказ прэзыдэнта пра лібэралізацыю эканомікі і там сярод іншага, былі тыя пункты, якія – я дакладна ведаю – МВФ уключаў у сьпіс пераменаў. Якія патрэбныя для атрыманьня крэдыту. Відавочна, што беларускія ўлады цяпер больш падрыхтаваныя да візыту місіі і скіраваныя на тое, каб атрымаць гэты крэдыт”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG