Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Міжнародны дзень барацьбы з карупцыяй. Месца Беларусі ў сусьветным рэйтынгу не мяняецца да лепшага. Чаму назіраецца такая стабільнасьць у дзяржаве, дзе ўлады заяўляюць пра сваю нецярпімасьць да карупцыі?

Беларусь за апошнія тры гады фактычна ня зрушыла са сваіх пазыцый: 151-е месца, 150-е, зноў 151-е. Гэта дадзеныя арганізацыі Transparency International. Штогод яна вылічвае індэкс узроўню карупцыі ў дзяржаўным сэктары.
Магчыма, хтосьці не давярае міжнароднай статыстыцы. Але ж і ўнутраныя дасьледаваньні паказваюць – беларусы лічаць карупцыю звыклай справай. Сёлета вясною супрацоўнікі сацыялягічнага цэнтру “Зеркало-Инфо” задалі рэспандэнтам пытаньне: наколькі распаўсюджаны сярод вашых блізкіх, суседзяў, знаёмых хабар? Амаль 70% апытаных адказалі, што такія рэчы ім вядомыя.
Сацыёляг Леанід Міхейчыкаў зьвяртае ўвагу на аўдыторыю дасьледаваньня:
“Гэта ж сярод блізкіх, суседзяў, знаёмых. Гэта ж не наагул у грамадзтве. І я ўжо бачу, як паводзіць сябе мой блізкі – бярэ ён хабар ці дае. То бок гэта вельмі сур’ёзна, калі так пэрсаніфікавана ідзе гаворка”.
Былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка лічыць, што асноўным сродкам барацьбы з карупцыяй стаў страх:
“Барацьба зь ёй ідзе раней, чым ад 1994 году (калі Лукашэнку ўпершыню абралі прэзыдэнтам). Толькі вось вынікі барацьбы ў мяне выклікаюць пэўнае сумненьне – колькі ні змагаюцца, а яе ўсё больш, усё больш высокіх чыноўнікаў уцягваюцца ў карупцыю.
Таму найперш трэба шукаць першапрычыну карупцыі. Страх ніколі ня спыніць карупцыю – адных будуць садзіць у турму, а другія будуць прыходзіць і думаць, што іх гэта не закране. Тут патрэбны іншыя падыходы”.
Аўтар дакладу пра карупцыю ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі – дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Антончык па-ранейшаму ўпэўнены: вытокі карупцыі – у бескантрольнасьці чыноўнікаў. “Што б улады ні казалі, як бы яны ні выступалі й ня ганьбілі карупцыю, яна пачынаецца ад іх”, – цьвердзіць спадар Антончык:
“Трэба, каб была адкрытая сыстэма. Чым больш яна будзе адкрытай, тым больш пасьпяховай будзе барацьба. І яшчэ кантроль грамадзкасьці праз незалежныя мэдыі.
Калі ўсё робіцца ўцёмную, то карупцыя будзе квітнець. Я б сказаў так: чым больш улады ва ўлады, тым больш карупцыі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG