Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 сьнежня пачаўся судовы працэс над Аляксандрам Баразенкам, апошнім у так званай крымінальнай “справе 14-ці“, заведзенай у дачыненьні ўдзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла яшчэ 10 студзеня гэтага году. Аляксандар Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка. Тры апошнія тыдні моладзь ладзіла акцыі пратэсту ля СІЗА нумар адзін. Міліцыянты спачатку жорстка рэагавалі на ініцыятыву моладзі, потым сталі проста назіраць. У той жа час пачасьціліся выпадкі выкліку моладзі ў падатковыя органы, КДБ. Што гэта — лібэралізацыя з боку ўладаў ці новыя формы “працы” так званых “кампэтэнтных органаў” з моладзьдзю?

Падчас акцыяў у падтрымку Аляксандра Баразенкі былі дробныя сутычкі моладзі зь міліцыянтамі. Да прыкладу, 6 сьнежня, калі ўдзельнікі пайшлі ад сьледчага ізалятару на Кастрычніцкую плошчу. Некалькіх чалавек тады затрымалі, потым адпусьцілі. Кася Салаўёва, каардынатарка "Маладога Фронту" па Віцебскай вобласьці, прызнаецца, што ў мэтах самаабароны падрапала твар міліцыянту.

Кася Салаўёва
На думку Касі, “з аднаго боку, пайшла лібэралізацыя, то бок улады ня хочуць канфліктаў. Яны робяць цяпер больш хітра: калі раней разганялі дэманстрацыі, пікетаваньні, саджалі людзей на суткі, то цяпер спрабуюць знайсьці больш разумныя шляхі для таго, каб прэсаваць актывістаў. Я ня думаю, што ў мяне будуць нейкія наступствы з гэтай крымінальнай справай. Гэта лішні канфлікт. Ён цяпер не патрэбны ім”.

Наста Палажанка
Моладзевая актывістка Наста Палажанка, намесьніца старшыні "Маладога Фронту", брала ўдзел ва ўсіх акцыях, у панядзелак таксама знаходзілася каля суду Цэнтральнага раёну, дзе пачынаўся працэс над Аляксандрам Баразенкам. Наста выказала такое меркаваньне наконт паводзінаў уладаў:

“Гэта быў, я ўпэўнена, такі паказальны суд: маўляў, паглядзіце, якая ў нас дэмакратыя, яны патрабуюць свабоды Баразенку, яны выйшлі на вуліцу, выкрыкваюць свае лёзунгі, і мы іх не чапаем, паглядзіце, як у нас усё добра, па-эўрапейску. Маё меркаваньне такое, што ўвогуле цяпер бачная гульня Лукашэнкі з Захадам, з Эўропай. Ніхто ня ведае, чым яна скончыцца і наколькі доўга яна працягнецца. Але гэта ня ёсьць працэс дэмакратызацыі, а жорсткая, эгаістычная гульня зь ягонага боку, дзе ён вышуквае сваю карысьць, а не карысьць для Беларусі”.

Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч перакананы:

“Гэта не азначае, што сытуацыя ў нашай краіне зьмяняецца і мы назіраем нейкую адлігу, канстатуем нейкую лібэралізацыю — не. Рэжым застаецца такім, якім і быў, кантроль за грамадзтвам досыць моцны, тым больш за актывістамі — грамадзкімі і палітычнымі, і ўлады проста баяцца гэты кантроль згубіць”.

Сёньня лідэра “Моладзі БНФ” Франака Вячорку выклікалі ў аддзел фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю — як патлумачылі, дзеля таго, каб ён падаў дэклярацыю пра даходы за 2007 год:

Франак Вячорка
“Я пытаўся, зь якой такой нагоды, тым больш нікога з маіх аднагодкаў не выклікалі. Мне сказалі, маўляў, правяраюць даходы кандыдата ў дэпутаты Вінцука Вячоркі. Я кажу, дык што — у нас закон для людзей адзін, а для кандыдатаў у дэпутаты — іншы? Яны паціснулі плячыма і кажуць, што „получается, что да“. Я атрымліваў увесь год стыпэндыю, зараз паспрабую ўзгадаць, якія мне дарылі падарункі на дзень народзінаў, бо яны мне сказалі пісаць усё, нават падарункі: і боты новыя, і цацкі мяккія… А літаральна пару дзён таму мне тэлефанавалі з ваенкамату і казалі, што ў іх таксама ёсьць сумнеў наконт маёй адтэрміноўкі па гіпэртаніі”.

Год таму Франака Вячорку выключылі з журфаку БДУ быццам бы за акадэмічную непасьпяховасьць. Ён спрабаваў пераздаць экзамэн па літаратуры, незаконнасьць адлічэньня аспрэчыць у судзе, толькі — безвынікова. Грамадзкага актывіста спрабавалі адразу ж забраць у войска, але мэдкамісія дала яму адтэрміноўку па стане здароўя. Цяпер пачаліся іншыя формы прэсінгу. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч тлумачыць:

“Напрыклад, сьпісы на мяжы, пастаянны мытны нагляд пры перасячэньні мяжы, праверкі падатковымі органамі, выклікі ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю. Хапае самых розных мэханізмаў. Тут можна выкарыстоўваць і справы з выбухам, што, дарэчы, і робіцца. Выклікаючы людзей ў якасьці сьведкаў па справах выбухаў, адкатваюць ім там пальцы і заадно цікавяцца пытаньнямі, якія да выбухаў наагул дачыненьня ня маюць, затое маюць дачыненьне да грамадзкай дзейнасьці гэтых людзей. Тое самае і вучоба. Такія больш тонкія мэтады”.

3 сьнежня ў Наваполацку ля клуба “Плястылін” пасьля рок-канцэрту затрымалі старшыню мясцовай суполкі “Моладзі БНФ” Міхася Новікава і сябра арганізацыі Андруся Галавырына. У актывістаў знайшлі некалькі налепак. Нягледзячы на тое, што хлопцы былі абсалютна цьвярозыя, іх адвезьлі ў выцьвярэзнік, дзе пратрымалі ўсю ноч. Доктар запыталася ў міліцыянтаў: “Што рабіць з хлопцамі: яны ж цьвярозыя?”. Міліцыянты загадалі пакінуць іх нанач разам зь п’яніцамі.

Алег Гулак
Старшыня Беларускага Хэльсінскага камітэту Алег Гулак кажа:

“Нездаровая цікавасьць з боку, перш за ўсё, КДБ і такога кшталту спэцслужбаў да моладзевых арганізацыяў захоўваецца, яна ня зьнікла. Працягваецца ціск, людзей выклікаюць, схіляюць да супрацоўніцтва незаконнага — гэта ўсё працягваецца. Насамрэч праблема, па вялікім рахунку, ня вырашаная. Проста крыху зьмянілася рыторыка”.

Франак Вячорка перакананы:

“Такім чынам, сыстэма ня тое, што не эвалюцыянуе — яна проста бярэ на ўзбраеньне клясычны таталітарны ціск. З усіх магчымых інстанцыяў яны нам звоняць, на нас ціснуць, умоўна кажучы, псуюць нам жыцьцё”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG