Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Сурвіла: Нашыя радыёперадачы глушылі


Роўна 50 гадоў таму, 8 сьнежня 1958 году, пачалі выходзіць у эфір беларускія перадачы Гішпанскага нацыянальнага радыё.

Іх распачыналі Віктар Сянькевіч і Янка Сурвіла, пазьней да працы далучылася і жонка Сурвілы Івонка. Перадачы, разьлічаныя найперш на слухачоў у Беларусі, выходзілі цягам сямі гадоў. Сёньня старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла гэтак ацэньвае значнасьць тых радыёперадачаў:

Сурвіла: “Беларускія радыёперадачы з Мадрыду, на маю думку, былі сапраўды ўнікальным здабыткам беларускай эміграцыі і менавіта Рады БНР. Унікальныя ў тым сэнсе, што былі яны абсалютна непадцэнзурныя, вольныя. Перадавалі мы дакладна тое, што трэба было, што ўважалі істотным у тым мамэнце. І сапраўды, занялі былі сваё месца між іншымі народамі, якія мелі свае радыёперадачы ў тым часе з Мадрыду. У Беларусі ня ведаю, у якой ступені яны былі чутныя, бо страшэнна глушыліся. А значыць, уважаліся савецкімі ўладамі ў тым часе за вельмі небясьпечныя. Але калі хтосьці чуў – нават у суседніх краінах, куды яны даходзілі, – дык я думаю, што яны зрабілі сваю справу”.

Ніжэй – урывак пра беларускія перадачы Гішпанскага радыё з кнігі Івонкі Сурвілы “Дарога. Стоўпцы – Капэнгагэн – Парыж – Мадрыд –Атава – Менск”, якая выйшла ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХ1 стагодзьдзе”. Спампаваць кнігу можна тут

Гішпанскія хвалі для беларускага слова


З Гішпаніяй зьвязаныя найбольш шчасьлівыя ўспаміны майго дарослага жыцьця. Прыехала я з мужам Янкам з Парыжу ў Мадрыд 29 жніўня 1959 году, праз тыдзень пасьля нашага шлюбу. У Мадрыдзе ад сьнежня 1958 году Янка вёў разам з сваім сябрам Віцем Сянькевічам штодзённыя беларускія радыёперадачы Гішпанскага нацыянальнага радыё. Уяўляю сабе, што ня лёгка было Янку пакінуць Віцю аднаго, каб ехаць жаніцца ў Парыж, бо нават удваіх працавалі яны ад ранічкі да вечару —рыхтавалі штодня пятнаццаціхвілінную перадачу. І таму Янка моцна сьпяшаўся назад у Мадрыд.

Гэта мне абсалютна не перашкаджала, бо і я была захопленая, што мы мелі беларускія радыёперадачы з Мадрыду, і яны адразу сталіся й для мяне найважнейшай падзеяй нашага супольнага жыцьця. Янку спатрэбілася паўтара году, каб здабыць хвалі. Ягонаму, Віцеваму і майму шчасьцю не было канца, калі нарэшце 8 сьнежня 1958 году беларуская мова прагуча ла першы раз на гішпанскіх хвалях.

Сем наступных гадоў, да 31 траўня 1965 году, мы толькі для іх і жылі. Да канца свайго жыцьця Янка ўважаў, што беларускія радыёперада чы з Мадрыду былі найважнейшым ягоным жыцьцёвым дасягненьнем. Што да Віці Сянькевіча — пазьней слухачы Радыё Свабода будуць ведаць яго як Язэпа Барэйку.


На здымках: Івонка і Янка Сурвілы падчас падрыхтоўкі беларускіх перадачаў Гішпанскага радыё. Мадрыд, 1960-я гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG