Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гарачае кола” камунальнікаў


Жыхар Гомеля Ўладзімер Дабрыдзенеў накіраваў сёньня ў суд пазоў на спагнаньне з жыльлёва-камунальнага прадпрыемства “Савецкае” 5 мільёнаў рублёў маральнай шкоды.

У пазове ён піша:

“Пачынаючы з 2004 году, адказчык не выконвае ўзятых на сябе абавязаньняў забесьпячэньня гарачай вадой жылога памяшканьня, дзе жыву я зь сям’ёй”.

Паводле заяўніка, вада ў кватэру паступае нашмат ніжэйшай тэмпэратуры, чым зацьверджаны ў Беларусі сацыяльны стандарт — плюс 50 градусаў паводле Цэльсія. Трэба 30—40 хвілін спускаць ваду ў каналізацыю, а пасьля ўжо прымаць душ пад цеплаватай вадой.

За 4 гады Уладзимер Дабрыдзенеў зьвярнуўся, па сутнасьці, ва ўсе магчымыя інстанцыі, у якія толькі можна было зьвярнуцца, каб наладзілі нармальнае гарачае водазабесьпячэньне:

Калі пішаш у вышэйшую інстанцыю, там чыноўнікі нічога ня робяць — толькі перасылаюць
заявы
“Я зьвяртаўся ў ЖЭУ-22 па месцы жыхарства, у прадпрыемства “Савецкае”, у адміністрацыю Савецкага раёну, у гарадзкі й абласны выканаўчыя камітэты. Але ўсе мае лісты вяртаюцца назад у ЖЭУ № 22. А тыя — разводзяць рукамі. Замкнёнае кола. Калі пішаш у вышэйшую інстанцыю, там чыноўнікі нічога ня робяць — толькі перасылаюць заявы. Адна карысьць — ставяць заяву на кантроль. Тады ЖЭУ ўключае дадатковыя помпы, павышае тэмпэратуру — і вада ў доме нармальная. Як тэрмін кантролю заявы сыходзіць, камунальнікі адразу ўсё адключаюць — і ўсё становіцца на ранейшае месца. І зноў мне трэба ісьці на новы круг”.

На гэтым “гарачым коле” чаго толькі не пачуў заяўнік ад чыноўнікаў. Напрыклад, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Міхаіл Шышкоў пісаў сёлета ў лютым, што гарачая вада астуджаецца “ў сушыльніку для ручнікоў”. Дырэктар прадпрыемства “Савецкае” ў лісьце заяўляў, што павышаць тэмпэратуру цепланосьбіта “ва ўмовах энэргазьберажэньня немэтазгодна”.

Дарэчы, пазоў спадара Дабрыдзенева да камунальнага прадпрыемства “Савецкае” — другі па ліку. Аналягічны пазоў за невыкананьне сацыяльных стандартаў падаў у суд Савецкага раёну гамяльчук Уладзімер Бутраменка. Ён патрабуе спагнаць з камунальнага прадпрыемства 100 мільёнаў рублёў маральнай шкоды.

Першы раз суд адхіліў пазоў спадара Бутраменкі. Але па скарзе Вярхоўны суд вярнуў справу на новы разгляд. Рашэньне ў раённым судзе пакуль не абвешчана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG