Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс над Аляксандрам Баразенкам паводзінамі ўлады і сілавікоў нагадаў часы да гэтак званай “лібэралізацыі”, калі былі выпушчаныя на волю некаторыя палітвязьні.

Менскі Цэнтральны суд, 40 хвілін да пачатку працэсу. Заходжу ў будынак былога Беларускага ліцэю разам з мужчынамі ў чорных скураных і балёньневых куртках. Відаць, у маім чорным паўпаліто я мала чым адрозьніваюся ад гэтых наведнікаў, якіх зайшло ў суд болей за 20 чалавек.

У вэстыбюлі галоўны зь іх, які зьнешне ад астатніх нічым не адрозьніваецца, дае каманду: “Разьмеркавацца па ўсіх чатырох паверхах, стаць на ўваходзе ў судовую залю”. “Можа, яшчэ на дах верталёт выклікаць?” — жарт аднаго спэцназаўца ў цывільным патанае ў грукаце ног па лесьвіцы.

У судовай залі, дзе будзе праходзіць працэс, ужо болей за 30 юнакоў. Пытаюся, што ведаюць пра Аляксандра Баразенку:

“Не, мы пра яго нічога ня ведаем”.

“Мы прыйшлі самі. А навошта пры нас выкладчык? Проста нам далі магчымасьць прыйсьці паглядзець, як ідзе ў Беларусі суд”.

“Мы з БАТУ, Беларускі аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт. Тэхналёгія лесанарыхтоўкі. А якая ў нас група — якая вам розьніца?”

Выкладчык студэнтаў, які адмовіўся сябе назваць, праз хвіліну паспрабаваў вырваць у мяне лічбавы фотаапарат, на які ішоў запіс інтэрвію. Калі спыніць інтэрвію не ўдалося, выкладчык паклікаў міліцыянта.

“Трэба адабраць фотаапарат і зьнішчыць відэазапіс! Будзе скандал, калі запіс паставяць у інтэрнэце!” — пераконваў міліцыянтаў выкладчык. Аднак ахоўнікі абмежаваліся тым, што выдалілі мяне з суду.

На ганку актывіст Уладзімер Сяргеенка пракамэнтаваў паводзіны міліцыі і тое, што ў суд прывялі студэнтаў .

“Гэта мяне ніколькі не зьдзіўляе. І тое, што ўсё міліцэйскае начальства, столькі амонаўцаў зараз тут. Улада нэрвуецца, баіцца нейкіх дзеяньняў, нейкіх вольнасьцяў з боку моладзі, якая салідарная з Аляксандрам Баразенкам. У іх задача заблякаваць такія выступы, не дазволіць, каб яны мелі розгалас”.

У судовай залі не хапіла месцаў некалькім дзясяткам актывістаў і палітыкаў, якія прыйшлі ў суд, каб падтрымаць Аляксандра Баразенку. Усе тоўпіліся ў калідоры, чакаючы пачатку працэсу. Пытаюся ў Міхася Пашкевіча, аднаго з фігурантаў “справы 14-ці“, чаму, на ягоную думку, студэнты БАТУ ня ведаюць, што судзяць Аляксандра Баразенку:

“Такое, каб моладзьдзю з ВНУ запаўнялі судовыя залі, адбываецца не ўпершыню. На працэс над Аляксандрам Казуліным прыгналі студэнтаў юрфаку. Тое самае было і на нашым працэсе, калі прывялі моладзь з БРСМ. Ім нічога ня кажуць, кажуць толькі, што, маўляў, будуць судзіць нейкіх ворагаў народу. Але, мяркую, тут яны даведаюцца пра Аляксандра. Іншая рэч, якія высновы яны зробяць. Але інфармацыі ў іх будзе дастаткова”.

Сёньня цягам усяго працэсу колькасьць супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным у Цэнтральным судзе і на падыходах да яго ня зьменшылася. Студэнты з БАТУ таксама выседзелі да канца.
XS
SM
MD
LG