Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У найбліжэйшую сераду ў рэгіёнах Беларусі чакаюцца масавыя пратэсты прадпрымальнікаў. Да аднадзённага страйку заклікае арганізацыйны камітэт кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”.

Магілёў

Магілёўскі прадстаўнік грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Сяргей Фамін кажа, што гандляры вырашылі выйсьці 10 сьнежня на працу, аднак тавар прадаваць ня будуць:

Людзі вырашылі выйсьці й не гандляваць
“Адміністрацыі некаторых рынкаў сказалі: хто ня выйдзе гандляваць дзясятага чысла без паважнай прычыны, тых пазбавяць гандлёвых месцаў. Людзі вырашылі выйсьці й не гандляваць, толькі прысутнічаць на працоўным месцы. Яны такім чынам нібыта падтрымалі акцыю пратэсту й выйшлі на працоўныя месцы”.

У Бабруйску прадпрымальнікі на працу 10 сьнежня выходзіць не зьбіраюцца.

“Павінны ўсе ня выйсьці на працу. Я так разумею, і гавораць так усе. А як там атрымаецца, я ня ведаю”, — мяркуе адна з бабруйскіх прадпрымальніц.

Горацкія прадпрымальнікі пра акцыю пратэсту 10 сьнежня амаль нічога ня ведаюць.

“Пра гэта мы краем вуха чулі, але ня ведаем падрабязнасьцяў. Проста чулі такое во: “10-га акцыя”. А што за акцыя — ці гэта прадпрымальнікі, ці яшчэ нешта?...” — паведаміў горацкі прадпрымальнік Віктар Каралькоў.

Полацак

Сёньня сябра Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Валеры Шаўчэнка з Полацку паведаміў “Свабодзе”, што мясцовая ўлада тэрмінова папярэджвае пра прэвэнтыўныя захады, скіраваныя супраць заплянаваных акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў. Спадар Шаўчэнка ўдакладняе:

“Мясцовая ўлада і міліцыя папярэджваюць уладальнікаў маршрутных таксовак, а таксама аўтобусаў, каб не рыхтаваліся да масавых паездак на Марш прадпрымальнікаў 15 сьнежня. А наваполацкая падатковая інспэкцыя ў дзень страйку прадпрымальнікаў 10 сьнежня зьбірае гандляроў з рынкаў нібыта на кансультацыі аб умовах працы”.

Ёсьць намеры і наконт бестэрміновага страйку
Са словаў Валеры Шаўчэнкі, ужо зараз рынкі ў полацкім рэгіёне адчуваюць дэфіцыт імпартных тавараў. Гандляры спыняюць закупы ў Расеі. Незадаволеных большае.

“Вялікая частка прадпрымальнікаў Полацку і Наваполацку рыхтуюцца ўзяць удзел у страйку прадпрымальнікаў. Таксама возьмуць удзел у Маршы прадпрымальнікаў. Вырашана таксама напісаць заявы аб адпачынку ў студзені 2009 году. Ёсьць намеры і наконт бестэрміновага страйку”.

Горадня

Сёньня наш карэспандэнт пацікавіўся меркаваньнем пра плянаваныя акцыі ў аднаго з заснавальнікаў прадпрымальніцкага руху на Гарадзеншчыне, былога палітвязьня Валеры Леванеўскага.

Валеры Леванеўскі лічыць, што падобныя акцыі павінны быць сыстэмнымі, добра падрыхтаванымі:

“Я думаю, што іх праводзяць так абмежавана, не дапускаючы ўдзелу палітычных партый, толькі з адной мэтай — прапіярыць сябе, выпусьціць трохі пары й падкрэсьліць сваю значнасьць. Проста людзі задавальняюць сваё ўнутранае ego, а ні ў якім разе не імкнуцца дасягнуць нечага рэальнага, бо ўсім даўно зразумела, што без вырашэньня палітычных пытаньняў гэтая праблема ніколі ня вырашыцца. Таму я думаю, што ў дадзеным выпадку акцыя праводзіцца дзеля акцыі”.

Без вырашэньня палітычных пытаньняў гэтая праблема ніколі ня вырашыцца
Валеры Леванеўскі дадае, што якраз цяпер патрабуюцца сапраўдныя акцыі, бо, на яго думку, большасьць прадпрымальнікаў да гэтага дасьпела.

Леванеўскі: “Думаю, што эфэкт ад гэтае акцыі будзе вельмі нізкі, я маю на ўвазе — з таго патэнцыялу, які мог бы быць. Таму што цяпер можна падрыхтаваць сур’ёзную буйную акцыю пратэсту, паколькі настроі ў прадпрымальнікаў вельмі пратэстныя”.

Гомель

У Гомелі дробныя бізнэсоўцы ўжо адмаўляюцца ад выплаты падаткаў на наступны год. Пра гэта, у прыватнасьці, паведаміў кіраўнік рады прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку Аляксандар Рубчэня.

Што да папераджальнага страйку, то кожны з дробных гандляроў сам вырашае, браць у ім удзел ці не.

Вось што кажа прадпрымальнік з Прудкоўскага рынку спадар Сяргей:

“Кожны вырашае сам за сябе. У каго ёсьць сумленьне, той ня выйдзе на працу. У каго няма — той будзе працаваць. Асабіста я зьбіраюся адпачываць. А 1 студзеня, калі нічога ня зьменіцца, зьбяруся ды паеду к чортавай маці ў тую ж Расею. Буду там працаваць. Шмат хто ўжо зьехаў у Расею, ва Ўкраіну. Зрэшты, ня важна ўжо, куды зьяжджаць”.

З 1 студзеня 2009 году ў Беларусі пачне дзейнічаць патрабаваньне прэзыдэнцкага ўказу №760, у адпаведнасьці зь якім касуецца фіксаваны падатак на ўвезены тавар. Прадпрымальнікі будуць змушаныя альбо афармляць падатак на кожнае найменьне тавару, выпраўляючы пры гэтым на яго ўсе дакумэнты, альбо спыніць працу. Большасьць тавараў ІП Беларусі закупляюць у Маскве на рынках, дзе ўсе гэтыя дакумэнты афармляць немагчыма. Мінулай зімой у Беларусі адбыліся хваляваньні і акцыі пратэсту ІП у сувязі з увядзеньнем забароны на выкарыстаньне імі найманых працаўнікоў, акрамя блізкіх сваякоў. На рашэньне ўладаў тыя пратэсты не паўплывалі.
XS
SM
MD
LG