Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для дэнансацыі дамовы аб СНД не хапіла двух галасоў


Злева направа: Станіслаў Шушкевіч, Міхаіл Гарбачоў і Барыс Ельцын
Злева направа: Станіслаў Шушкевіч, Міхаіл Гарбачоў і Барыс Ельцын

17 гадоў таму ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі ў Белавескай пушчы тагачасныя кіраўнікі Расеі, Беларусі і Ўкраіны падпісалі пагадненьне аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў (СНД).

Тым самым быў пакладзены канец амаль 70-гадоваму існаваньню СССР, а былыя савецкія рэспублікі атрымалі незалежнасьць. А роўна праз 8 гадоў пасьля падпісаньня знакамітага Белавескага пагадненьня, 8 сьнежня 1999 году, тагачасныя прэзыдэнты Беларусі і Расеі — Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын — падпісалі дамову аб стварэньні так званай Саюзнай дзяржавы.

Старшыня Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Станіслаў Шушкевіч — адзін з трох “белавескіх зуброў”. Ён адзначае, што ў Віскулях кіраўнікі савецкіх рэспублік ад пачатку сабраліся не развальваць Саюз, а вырашыць энэргетычныя праблемы. А запрашэньне наведаць Белавескую пушчу Барыс Ельцын і Леанід Краўчук атрымалі незадоўга да гэтага ў падмаскоўнай урадавай рэзыдэнцыі ў Нова-Агарове:

“Я заўсёды памятаў, што Беларусі пагражае цяжкая зіма. Як толькі бачыў мяне Кебіч, таксама заўсёды ціснуў: у цябе добрыя адносіны зь Ельцыным, запрасі яго ў Беларусь. Арганізуем для яго паляваньне, пераканаем, што ня трэба ісьці рашуча да рынку ў гэтую зіму, бо валюты ў нас няма, купляць нафту і газ няма за што. Я таксама быў перакананы, што трэба нешта рабіць. І кажу: Барыс Мікалаевіч, у вас тут цудоўны краявід, але, ведаеце, таго-сяго ўсё ж няма. А ў нас у Белавескай пушчы можаце ўбачыць тое, чаго нават у Сыбіры ня бачылі (хоць я ніколі там ня быў да гэтага). І ён раптам адказвае: добра, я прыеду. Паляваньне толькі там арганізуйце. Добра, кажу, зробім паляваньне, без праблемаў. Пасьля гэтага адразу кажу Кебічу: рыхтуй, у працоўным парадку ўзгоднім час. Вось і ўзгаднілі. Так мы там і сабраліся”.

Праз два тыдні пасьля сустрэчы ў Віскулях наддзяржаўнае ўтварэньне пад назвай Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў падтрымалі іншыя саюзныя рэспублікі, за выключэньнем Літвы, Латвіі, Эстоніі, а таксама Грузіі, якая ў 1993 да дамовы ўсё ж далучылася, а сёлета, у зьвязку зь нядаўнімі падзеямі ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, пачала працэдуру выхаду з СНД.

Беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў: СНД пераўтварылася ў малаэфэктыўную надбудову, якая нічога не вырашае. Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка ўздымаў пытаньне аб мэтазгоднасьці знаходжаньня ў міждзяржаўным аб’яднаньні, а кіраўніцтва Туркмэністану апошнія гады папросту ігнаруе “эсэндоўскія” саміты. Экс-дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Генадзь Казлоў узгадвае, што ў бытнасьць парлямэнтаром асабіста ініцыяваў дэнансацыю пагадненьняў:
Такую сьвіньню нам усім падклалі, што цяжка было сабе ўявіць....

“Я сам уносіў неаднаразова прапанову (літаральна двух галасоў не хапіла) яшчэ ў 1994 годзе — дэнансаваць дамову аб СНД. Бо такую сьвіньню нам усім падклалі, што цяжка было сабе ўявіць. У дамове аб СНД — і адзіная валюта, і адзіная армія, і адзіная эканамічная прастора… У рэальнасьці нічога няма і ўжо ня будзе бліжэйшым часам. Прафанацыя абсалютная. Таму я тады ў парлямэнт уносіў прапанову яе дэнансаваць. І трэба было нам дэнансаваць і выйсьці. Варта сказаць, што нас, да ўсяго, яшчэ і аблапошылі. Мы такія нявопытныя “апёрышы” ў гэтым сэнсе былі. Нам сказалі: усё — Расея, Украіна Віскулёўскую дамову ратыфікавалі. А аказалася — мы першыя! Мы, беларусы, першыя ратыфікавалі дакумэнт! А ім ужо тады перадалі кадры — вось, беларусы дружненька прагаласавалі... Потым, пасьля нас, Украіна была. І толькі апошняя, між іншым, Расея. Вось так было насамрэч”.

Пры канцы 1990-х лідэры Беларусі і Расеі захапіліся новым праектам, які атрымаў назву Саюзнай дзяржавы. 8 сьнежня 1999 году ў Крамлі Аляксандар Лукашэнка бразнуў аб падлогу фужэр з гарэлкай — “на шчасьце” ў справе рэанімацыі ў мініятуры Савецкага Саюзу. Аднак спробы гэтыя плёну ня мелі, асабліва з прыходам да ўлады ў 2000 годзе Ўладзімера Пуціна. Размовы пра агульную валюту, адзіную дзяржаву і аднолькавыя кошты на паліва і сыравіну засталіся нерэалізаванымі. Зрэшты, цяпер усё больш задаволеных гэтым. Гаворыць вядомы расейскі пісьменьнік Уладзімер Вайновіч:

“Справа ў тым, што калі гавораць наконт нейкіх братэрскіх адносінаў, то яны вельмі сумнеўныя, гэтыя нібыта братэрскія стасункі. Бо шмат у чым, як я гляджу, у галовах усё больш замацоўваецца савецкі падыход да справы і савецкае стаўленьне да дэмакратыі, да свабоды. І хоць Расея намінальна зайшла крыху далей у бок дэмакратыі і грамадзянскіх свабодаў, але ня так далёка, каб гэты шлях аказаўся незваротным. А цяпер гэта вельмі адчуваецца, найперш у адносінах да правоў грамадзянаў. Бо ў дадзеным выпадку галоўнае — рэальна захаваць чалавеку ягоныя правы і свабоды”.

Лідэр расейскага моладзевага супраціву “Абарона” Алег Казлоўскі таксама салідарны з тым, што расейскія ўлады калі што і запазычылі ў беларускага кіраўніцтва, дык перадусім досьвед супрацьстаяньня іншадумству. Аднак гэта ня той выпадак, каб хваліцца міждзяржаўнымі падабенствамі:

“Увогуле ўжо шмат гадоў у Расеі заўважаюць: тое, што адбываецца ў нас, гэта вельмі моцна нагадвае беларускія падзеі. Можа, хіба з той розьніцай, што расейскія ўлады вучацца на вопыце Лукашэнкі і дзейнічаюць крыху танчэй. То бок шмат якія ягоныя памылкі стараюцца не паўтараць. Але ў прынцыпе сытуацыя вельмі падобная, а часьцяком яна як дзьве кроплі вады паўтарае беларускую. Ва ўсялякім выпадку, аналягічныя захады ажыцьцяўляюцца ня толькі ўладамі, але і апазыцыяй, паколькі сытуацыя і ў лягеры апанэнтаў таксама амаль аналягічная”.

Разыходжаньні ў пабудове Саюзнай дзяржавы днямі выявіліся яшчэ вастрэй. Заплянаванае на 1 сьнежня пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету з удзелам прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі адтэрмінаванае на няпэўны час. Расейскі ўрад ухваліў пабудову нафтаправоду ў абыход Беларусі, а беларускае кіраўніцтва напалову падвысіла тарыфы на транзыт нафты праз тэрыторыю Беларусі. За тры тыдні да канца 2008 году так і не падпісаны кантракт на пастаўку беларускім спажыўцам расейскага прыроднага газу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG