Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская газавая пуга ці эўрапейскі пернік?


Эўрапейская ініцыятыва партнэрства і Менск паміж Масквой і Прагай: што пераможа – расейская газавая пуга ці эўрапейскі пернік? Ці падпарадкуецца эканамічны крызыс загадам беларускага прэзыдэнта? Галоўныя падзеі мінулага тыдня вачыма журналістаў і слухчоў Свабоды. Гэты тэмы абмяркоўваюць Аляксандар Лукашук, Юры Дракахруст, Аляксей Знаткевіч, Ян Максімюк і Алена Ціхановіч.

Усходняе партнэрства і вакол яго

Свабода на Белсаце 6.12.2008, Частка 1

Лукашук:
На гэтым тыдні было некалькі надвычай цікавых падзяў, якія будуць разгортвацца далей і мець уплыў на жыцьцё ў Беларусі. Першая – гэта ініцыятыва Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”, якая разам з пяцьцю іншымі краінамі СНД уключае і Беларусь. Апроч палітычнага, гэтая ініцыятыва мае і фінансавае вымярэньне – на працягу двух гадоў Эўразьвяз дасьць 760 мільёнаў эўра дапамогі гэтым краінам. Юры, чым гэтая ініцыятыва адрозьніваецца ад папярэдняй Праграмы палітыкі добрасуседзтва, якая пачала дзейнічаць з 2004 году?

Дракахруст: Так атрымалася, і пра гэта гавораць самі прадстаўнікі Эўракамісіі, што палітыка добрасуседзтва аказалася больш скіраванай на краіны Міжземнаморья – Марокка, Лібію, Альжыр. Зараз вырашылі ўмацаваць усходні “вэктар”.

Азэрбайджану будуць прад’яўляцца больш мяккія патрабаваньні, чым да Беларусі. Груба кажучы, там ёсьць нафта, а ў Беларусі – няма.
Першае, што зьвяртае на сабе увагу ў гэтым новым праекце, гэта тое, што Беларусь разглядаецца асобна ад 5 іншых краінаў. Гэтым пяці новая праграма супрацоўніцтва з Эўропай прапаноўваецца безумоўна, гэта ўжо іх справа – прыняць яе ці не. Беларусі ж для таго, каб быць дапушчанай да гэтага выбару, трэба будзе выканаць пэўныя дадатковыя ўмовы. Як сказала камісар Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр, калі візавыя санкцыі адносна беларускага кіраўніцтва, прыпыненыя ў кастрычніку, будуць скасаваныя ці іх прыпыненьне будзе працягнутае, Лукашэнка можа быць запрошаны на саміт Усходняга партнэрства, які адбудзецца ў красавіку наступнага году ў Празе.

Другі момант – важны энэргетычны складнік эўрапейскай прапановы. Эўразьвяз выступае за стварэньне новых шляхоў транспарціроўкі энэрганосьбітаў з Каўказу і Цэнтральнай Азіі, якія б абыходзілі Расею. У гэтым сэнсе ключавое значэньне мае Азэрбайджан, які знаходзіцца на скрыжаваньні гэтых шляхоў. Новая прапанова Эўразьвязу прадугледжвае, што паглыбленьне супрацоўніцтва магчымае, калі ў краін партнэраў “ёсьць дастатковы рух да дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека”. Але мяркую, што да Азэрбайджану будуць прад’яўляцца больш мяккія патрабаваньні, чым да Беларусі. Груба кажучы, там ёсьць нафта, а ў Беларусі – няма.

Лукашук: Ян, на якія асаблівасьці гэтай новай ініцыятывы Эўразьвязу зьвярнулі ўвагу вы?

Максімюк: У прапанове Ўсходняга партнэрства мне бачыцца перш за ўсё памкненьне Брусэлю адкласьці пытаньне далейшага пашырэньня Эўразьвязу на нейкія 10-20 гадоў ды адначасова пазьбегнуць павароту постсавецкіх краінаў у расейскую зону палітычнага ўплыву. Наколькі гэта магчыма і наколькі ўвогуле так можна ставіць пытаньне — гэта тэма на асобную дыскусію. Але адзін момант тут несумненны: Усходняе партнэрства — гэта спроба суцяшэньня такіх краін, як Украіна і Грузія, ды шанец для такіх краін, як Беларусь. Дакумэнт, абнародаваны на гэтым тыдні, гаворыць пра розныя тэмпы разьвіцьця адносін паміж Эўразьвязам і шасьцю названымі
Нідзе ў гэтым дакумэнце ня згадваецца магчымасьць сяброўства ў ЭЗ для гэтых шасьці
краінаў.
краінамі. І гэта разумна, бо і сёньня відаць, што ня ўсе скарыстаюцца прапановай у роўнай ступені. Таму дакумэнт гаворыць пра розныя этапы і формы супрацоўніцтва на двухбаковых асновах. Спачатку прапануецца падпісаць двухбаковыя дамовы аб асацыяцыі. Потым перайсьці да стварэньня зонаў вольнага гандлю. Як фінальны этап, краіны, якія захочуць прыняць усё — паўтараю, усё — заканадаўства ЭЗ, могуць увайсьці ў супольную рынкавую і візавую прастору з ЭЗ, як гэта маем цяпер у выпадку такіх краін, як Нарвэгія ці Ісьляндыя. Варта падкрэсьліць, што нідзе ў гэтым дакумэнце ня згадваецца магчымасьць сяброўства ў ЭЗ для гэтых шасьці краінаў.

Лукашук: Тым ня менш, мы бачым тут “дарожную карту” пераходу да абсалютна новых адносінаў паміж краінамі ЭЗ і краінамі-суседзямі. Юры, я папрашу вас прааналізаваць сытуацыю зь Беларусьсю. У красавіку Эўразьвяз павінен разгледзіць, наколькі Менск выканаў тыя ўмовы, патрабаваньні, якія былі яму прад’яўленыя ў момант скасаваньня візавых абмежаваньняў. Наколькі высокая імавернасьць таго, што Менск выканае патрабаваньні Эўразьвязу і Аляксандар Лукашэнка зможа прыехаць у Прагу?

Дракахруст: Я б хацеў дадаць некалькі словаў да таго, што сказаў Ян. У мяне склалася ўражаньне, што новая прапанова Эўразьвязу – гэта занадта мала для такіх краін, як Украіна, Малдова і Грузія, якія імкнуцца стаць сябрамі Эўразьвязу, гатовыя выконваць умовы далучэньня да Зьвязу. А ім гавораць – самае шчыльнае збліжэньне, прыняцьце вамі ўсіх умоваў сяброўства, але не самае сяброўства. Але новая прапанова Эўразьвязу – гэта можа быць занадта шмат для Беларусі і Азэрбайджану.

Лукашук: Занадта шмат – з пункту гледжаньня каго?

Дракахруст: З пункту гледжаньня рэжымаў, якія пануюць у гэтых краінах. Гэтыя рэжымы здольныя рабіць пэўныя крокі па лібэралізацыі, але выкананьне ўсіх патрабаваньняў, якімі Эўразьвяз абумоўлівае новае супрацоўніцтва зь ім, для гэтых краінаў азначае карэнную зьмену дзяржаўнага ладу, фактычна, рэвалюцыю. Яны на гэта наўрад ці пойдуць. Беларускія ўлады могуць выканаць папярэднія ўмовы супрацоўніцтва, зрабіць тое, што трэба, каб санкцыі не былі вернутыя: устрымлівацца ад зьяўленьня новых палітвязьняў, зрабіць пэўныя паслабленьні друку і іншыя крокі такога кшталту. Гэтыя патрабаваньні Менск нехлямяжа спрабуе выконваць. Пры дастаткова мяккім стаўленьні да афіцыйнага Менску гэтага можа быць дастаткова, каб візавыя санкцыі з беларускага кіраўніцтва былі зьнятыя, і Лукашэнка ў кампаніі Віктара Юшчанкі ды Ільхама Аліева ўзяў удзел у саміце новага Ўсходняга партнэрства.

Што да далейшага – да прыняцьця ўсіх умоваў гэтага партнэрства, прычым ня толькі ў сфэры дэмакратыі, але і ў сфэры эканомікі, да ператварэньня фактычна ў краіну, якая адпавядае стандартам Эўразьвязу, толькі без уступленьня ў Зьвяз, то тут рух уяўляецца малаімаверным. Аляксандар, вось Вы назвалі лічбу – 760 мільёнаў эўра на 6 краінаў на 2 гады. А тут у Расеі ўсяго за добрыя словы выпрасілі мільярд даляраў. Ці захоча Лукашэнка дэмантаваць дзяржаўны лад за значна меншыя грошы?

Лукашук: Ну, тут размова ідзе ня столькі пра дзяржаўны лад, колькі пра асабістую ўладу, бо зьмена падвышае імавернасьць страты ўлады кіраўніцтвам гэтага рэжыму. Але эўрапейскія прапановы – гэта ня толькі “жывыя” грошы. Скажам, эфэкт ад бясплатных візаў у Эўропу адчула б усё насельніцтва. Ян, а паводле Вашай ацэнкі, як афіцыйны Менск мог бы скарыстацца зь ініцыятывы Эўразьвязу? Мае рацыю Юры, што Менск павінен ці дэмантаваць існы рэжым, ці адкінуць прапановы Брусэлю?

Максімюк: Я і ў самых ружовых марах не дапускаю думкі, што Беларусь пры цяперашнім рэжыме можа стаць ня тое што членам ЭЗ, але і асацыяваным членам, накшталт Ісьляндыі ці Ліхтэнштэйну. Але прапанова Ўсходняга партнэрства настолькі шматузроўневая, што і для лукашэнкаўскай Беларусі ёсьць у ёй шмат прывабнага. Асабліва калі возьмем пад увагу, што гэта адзіная сур’ёзная контрпрапанова на прапанову Масквы ад 2002 году пра ўваходжаньне Беларусі ў Расею гуртам або ў роздраб. Чым можа пакарыстацца Беларусь у гэтай прапанове Ўсходняга партнэрства, не развальваючы, як сказаў Юры, свайго дзяржаўнага ладу?

Па-першае, устанавіць зону свабоднага гандлю з ЭЗ для шмат якіх беларускіх тавараў, якія цяпер ня ідуць туды проста таму, што беларускае заканадаўства, якое аддае кіроўную ролю дзяржаве ў эканоміцы, не адпавядае значна больш лібэральнаму эўрапейскаму заканадаўству.

Па-другое, Беларусь магла б скарыстаць эўрапейскі досьвед у пабудове некаторых дзяржаўных інстытуцый, якія набліжалі б яе да Эўропы: напрыклад, падатковай або мытнай службы.

Беларусь магла б дамовіцца з Эўразьвязам наконт легальнай міграцыі беларускіх
работнікаў
Па-трэцяе, Беларусь магла б дамовіцца з Эўразьвязам наконт легальнай міграцыі беларускіх работнікаў для працы ў краінах Эўразьвязу. Нагадайма, што дамовы на квоты сваіх работнікаў мае зь некаторымі краінамі Зьвязу Ўкраіна. Я ўжо і ня згадваю тут пра паслабленьне візавага рэжыму для некаторых катэгорый грамадзян (бізнэсоўцаў, студэнтаў, навукоўцаў), бо гэта само сабой зразумелае.

І па-чацьвёртае, прапанова заключыць нейкія дамовы з ЭЗ наконт энэргетычнай бясьпекі таксама вартая самага стараннага вывучэньня. Сёньня бясьпецы і стабільнасьці Беларусі пагражаюць ня НАТА-ўскія танкі, а тое, ці ў трубах акажацца дастаткова нафты і газу, каб абагрэць кватэры і падтрымаць працу беларускіх фабрык. Хоць у прапанове Ўсходняга партнэрства, што зразумела, ЭЗ дбае перш за ўсё пра сваю ўласную энэргетычную бясьпеку, але варта усё-ткі паглядзець і папытацца, якія карысьці ад гэтага можа мець і Беларусь.

Скандал вакол зрыву вышэйшага савету саюзнай дзяржавы

Свабода на Белсаце 6.12.2008, Частка 2

Лукашук:
Ян ужо нагадаў пра праблемы і пагрозы, якія насоўваюцца на Беларусь зусім не з Захаду, а з Усходу. Адна з самых таямнічых падзеяў гэтага тыдня – адмена пасяджэньня вышэйшага савету так званай саюзнай дзяржавы і скасаваньнем візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву. Скандалы і канфлікты – неад’емная частка беларуска-расейскага “яднаньня”, яны адбываліся і падчас прэзыдэнцтва Ельцына, і падчас прэзыдэнцтва Пуціна, зараз яны працягваюцца пры прэзыдэнту Расеі Мядзьведзеве. Але гэтым разам была незразумелая подбіўка скандалу. Бакі – афіцыйны Менск і Крэмль – абвінавачвалі адзін аднаго ў зрыве пасяджэньня амаль у аднолькавых словах. Пра што ідзе гандаль? Юры

Дракахруст: Дакладна цяжка сказаць, тым больш, што вы, Аляксандар, маеце рацыю – кожны бок кажа, што, ён, маўляў, хацеў абмеркаваць фундамэнтальныя праблемы, а вось партнэры нешта круцяць і з-за іх ўсё і сарвалася. У прыватнасьці, неназваная крыніца з атачэньня беларускага прэзыдэнта заявіла, што Менск “занепакоены “метаниями” Расеі ў пытаньнях саюзнага будаўніцтва”. Высьветліць, хто куды “метнулся” гэтым разам, не ўяўляецца магчымым, але варта прыгадаць канкрэтныя сюжэты, вакол якіх апошнім часам факусаваліся двухбаковыя адносіны. Гэта пераход Беларусі на расейскі рубель ці як задача-мінімум – перавод на расейскія рублі разьлікаў за энэрганосьбіты, стварэньне сыстэмы супольнай проціпаветранай абароны, нарэшце, прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці грузінскіх аўтаномій Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Усё гэта – прапановы Масквы, ва ўсіх іх яна зацікаўленая значна больш, чым Менск, выкананьне кожнай зь іх у большай ці меншай ступені абмяжоўваюць сувэрэнітэт Беларусі. Ну а Беларусі пажаданьні больш, так бы мовіць, аднастайныя – танныя энэрганосьбіты, крэдыты ... і паболей.

Ня выключана, што і беларускае ўлада рыхтуе грамадзтва і эліту да чарговага канфлікту з саюзьнікам
Так што выглядае, што прычына зрыву – усё ж у тым, што Лукашэнка не захацеў ісьці занадта далёка ў рэалізацыі маскоўскіх праектаў. Ці прынамсі за тую цану, якую прапаноўвала Масква. Я б зьвярнуў увагу на тое, што скандал вакол пераносу тэрміну чарговага пасяджэньня саюзнага савету быў зроблены сьвядома, знарок. У рэшце рэшт, ну ня дзень нараджэньня – не падрыхтавалі сустрэчу зараз, можна правесьці пазьней. Але было пададзена як скандал. Чаму? Ня выключана, што Крэмль такім чынам прывучае сваё грамадзтва і палітычную клясу да таго, што зь Менскам будуць абыходзіцца жорстка, патрабаваць канкрэтных крокаў, а інакш істотна скарачаць дапамогу. У сваю чаргу, ня выключана, што і беларускае ўлада рыхтуе грамадзтва і эліту да чарговага канфлікту з саюзьнікам. Апроч іншага, з боку Лукашэнкі гэта і дэманстрацыя Эўропе, Захаду, што Беларусь – не васал Расеі , а незалежная дзяржава, на якую Масква робіць ціск.

Лукашук: Ян, наперадзе сапраўды сур’ёзны скандал, ці гэтым справа і завершыцца?

Максімюк: Юры пералічыў усе істотныя моманты, якія тэарэтычна маглі б паслужыць зачэпкай для адкладу пасяджэньня ў рамках гэтак званай саюзнай дзяржавы. Каторы зь іх адыграў найважнейшую ролю? Я думаю, ня варта зашмат гадаць, а пачакаць крыху, пакуль Аляксандар Лукашэнка сам ня скажа. Як паказвае практыка, у беларускага прэзыдэнта празь нейкі час пасьля такіх скандалаў ці непаразуменьняў у саюзных адносінах праскоквае фраза ці дзьве, якія і тлумачаць галоўную прычыну чарговага “разрыву”. Масква наогул “трымае маўчаньне” ў такіх сытуацыях, бо ў яе як быццам і стаўка значна меншая ў гэтай псыхалягічнай дуэлі. А Аляксандру Рыгоравічу трэба напружвацца, бо набліжаецца канец году, а дамовы пра цану расейскага газу на наступны год няма. Таму я і чакаю неўзабаве нейкай заявы зь Менску, накіраванай, так бы мовіць, на разьмякчэньне маскоўскага тандэму або, калі хочаце, на нейкую псыхалягічную правакацыю ў адрас Крамля.

Лукашук: Маё наступнае пытаньне – якраз наконт той самай цаны на расейскі газ для Беларусі на 2009 год. Да канца 2008 году засталося менш за месяц. Але кантракту на пастаўкі ў Беларусь расейскага газу і, адпаведна, на ягоны транзыт празь Беларусь дагэтуль няма. Здаецца, што разрыў паміж пазыцыямі запыту бакоў захоўваецца: Менск мяркуе, што цана не павінна перавысіць 140 даляраў за тысячу кубамэтраў, на думку “Газпрому” цана павінна перавысіць адзнаку 200 даляраў за тысячу “кубоў”. Юры, спрэчка ня новая, але як яна вырашыцца сёлета?

Сутыкненьне паміж Масквой і Менскам наконт газавых цэн, уяўляецца даволі імаверным
Дракахруст:
Пакуль гэта нагадвае размову глухіх. Адзін бок кажа – 140 і ня болей, другі – 200 і ня меней. Такі стан быў бы нармальным за паўгода, за тры месяцы да “гадзіны Ч”, але за тры тыдні да канца году – гэта занадта. Нядаўна першы віцэ-прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў паведаміў, што Менск мае намер ініцыяваць перамовы аб зьніжэньні цаны газу з прычыны падзеньня цаны на нафту. У сваю чаргу “Газпром” кажа, што, па-першае, наўпроставай сувязі паміж цэнамі на газ і нафту няма, а па-другое, менавіта на кампэнсацыю росту цаны на газ Беларусь і прасіла і нядаўна атрымала ад Расеі крэдыт у мільярд даляраў. Дык яшчэ і цэны не падвышаць – “Неяк гэта нелягічна”, – кажуць у “Газпроме”. А паводле “Известий”, менавіта жаданьне Лукашэнкі абмеркаваць на саюзным савеце пытаньне пра газавыя цэны і прывяло да зрыву сустрэчы. З улікам таго, што перанос пасяджэньня саюзнага савету быў ператвораны ў скандал, сапраўдны скандал, сутыкненьне паміж Масквой і Менскам наконт газавых цэн, уяўляецца даволі імаверным. Калі пагадненьне падпішуць пад бой крамлёўскіх курантаў, як тое было ў 2006 годзе, гэта будзе яшчэ някепскі варыянт.

Лукашук: Ян, наступае зіма. Як выглядае сытуацыя з расейскім газам у суседзяў Беларусі, напрыклад, ва Ўкраіне і ў краінах Эўразьвязу?

Максімюк: Гэткія сутыкненьні, пра якія сказаў Юры, будуць пастаянным элемэнтам расейска-беларускіх дачыненьняў, пакуль Менск ня будзе ў змозе заплаціць нармальнай, рынкавай цаны за расейскія энэрганосьбіты. Цяпер маем усё яшчэ сытуацыю, у якой Масква выкарыстоўвае ня рынкавы, а прагматычна-палітычны падыход: з багатых бярэ за энэрганосьбіты больш, а зь бедных — менш. Іначай кажучы — з кожнага столькі, колькі ён можа заплаціць. А таму Польшча і Нямеччына, прыкладам, плацяць каля 400 даляраў за 1000 кубамэтраў, балтыйскія краіны — 280 даляраў, Украіна — 180 даляраў, а Беларусь — 128 даляраў. Тут, безумоўна, ёсьць і палітычны момант ў стаўленьні да постсавецкіх дзяржаваў (з Грузіі “Газпром” бярэ 230 даляраў за 1000 кубамэтраў), але прагматычныя меркаваньні, па-мойму, пераважаюць. Бярэцца пад увагу перш за ўсё плацёжаздольнасьць кліента. Значыць, пакуль Беларусь ня стане такой плацёжаздольнай, як Польшча, мы будзем сьведкамі рэгулярных газавых скандалаў, і будзем слухаць зь Менску песеньку са знаёмым рэфрэнам аб тым, як беларусы калісьці гнілі ў акопах і як цяпер ахвотна лягуць пад танкі, каб не дапусьціць ворага да Масквы. Можна абурацца на Маскву, што вось яна закупіла ўвесь туркмэнскі газ на шмат гадоў наперад, каб фактычна стаць амаль манапалістам у пастаўках газу Эўропе з усходняга боку і дыктаваць сваё ўмовы на гэтым рынку, але нельга не пагадзіцца, што на месцы Расеі так бы зрабіла кожная іншая краіна, калі б апынулася ў такой сытуацыі.

Галоўнае за прайшоўшы тыдзень

Свабода на Белсаце 6.12.2008, Частка 3

Лукашук:
Якія навіны, тэмы, асобы і праблемы мінулага тыдня падаліся найбольш важнымі вядучым жывога эфіру Свабоды? Сёньня свае меркаваньні прадставяць Алена Ціхановіч і Аляксей Знаткевіч
Алена, вашы галоўныя падзеі тыдня

=Ціхановіч: Першая асоба – гэта ўжо знаёмы нашых слухачам і гледачам Іван Шэга, былы кандыдат у дэпутаты парлямэнту ад БНФ, які спрабаваў праз суд засьведчыць, што на ягоным участку адбылася маніпуляцыя з галасамі. Другая гісторыя – вяртаньне дадому з нядоўгай эміграцыі Кастуся Раманюка – ён стаў ахвярай злачынцаў і брутальнага крыміналу за мяжой, і на гэтым тыдні яго астанкі былі пахаваны дома.

Знаткевіч: Мае тэмы больш эканамічныя. Гэта – зьніжэньне стаўкі першага разраду на 15% і адпаведна зьніжэньне заробкаў у бюджэтнай сфэры. І другое – гэта зьніжэньне цэнаў на паліва.

Лукашук: Шаноўныя гледачы, мы абяцалі вам вярнуцца да справы Івана Шэгі. Што адбылося, Алена?

Ціхановіч: Я нагадаю, што паводле зьвестак камісіі, за Івана Шэгу на ўчастку № 17 аддаў голас 21 чалавек. А Іван Шэга меў подпісы больш як 60 выбаршчыкаў з гэтага ўчастку, што яны прагаласавалі за яго. Ён спрабаваў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці старшыню гэтай камісіі і сакратара. Былі два судовыя пасяджэньні, ні на адно зь іх прадстаўнікі выбарчай камісіі не прыйшлі. Але нечакана скончылася другое судовае пасяджэньне. Што б вы думалі судзьдзя вырашыла? Яна сказала, што ня будзе слухаць гэтых людзей, якія хацелі даказаць, што яны галасавалі за Шэгу. Яна спаслалася на закон, які патрабуе таямніцы галасаваньня.

Лукашук: Гэта як тайна споведзі.

Ціхановіч: Гэта вельмі добрая паралель, якая дае зразумець, як судзьдзя жангліравала паняткамі закону. Калі чалавек прыйшоў да сьвятара і прызнаўся ў грахах, то сьвятар ня мае права пра гэта сказаць. Але сам чалавек можа ж пакаяцца ў сваіх грахах і публічна. Гэта ягонае права. І тое самае права маюць выбаршчыкі. І людзі ня здолелі ў судзе адстаяць гэтае права.

Лукашук: Аляксей, 15% – скарачэньне заробку для бюджэтнікаў. На кім гэтае рашэньне адбілася?

Знаткевіч: На ўсіх, хто працуе на дзяржаўных пасадах, зьвязаных з бюджэтам. Гэта значная частка беларусаў. Раней важкім аргумэнтам на карысьць “беларускай мадэлі” было якраз тое, што заробкі, і ў бюджэтнай сфэры ў тым ліку, увесь час растуць, хай сабе патроху, хай часам і не даганяюць цэны. Цікава, што гэтая навіна – пастанова ўраду пра зьніжэньне тарыфнай стаўкі першага разраду, не зьявілася ні на сайце ўраду, ні на сайце міністэрства працы і сацыяльнай абароны. На сайце міністэрства працы дагэтуль стаіць папярэдняя пастанова ад 1 лістапада, паводле якой гэтая тарыфная стаўка падвышаецца з 73 тысяч рублёў да 91 тысячы. А цяпер яна зьнізілася з 91 тысячы да 77 тысяч. І вось пра гэта не паведамляецца.

Лукашук: Ёсьць беларуская прымаўка – кепска, што хлеў згарэў, але ж і колькі мышэй там ляснула. Чыноўнікі таксама атрымалі скарачэньне заробку?

Знаткевіч: Так. Але тое, што на 15% зьніжаецца тарыфная стаўка першага разраду, не азначае, што ва ўсіх на 15% зьніжаюцца заробкі. У заробак уваходзяць і дадатковыя выплаты…

Лукашук: Што мы ведаем пра рэакцыю прафсаюзаў?

Знаткевіч: Якая можа быць рэакцыя прафсаюзаў, калі афіцыйны прафсаюз, відаць, афіцыйна не паінфармаваны? А калі афіцыйна не паінфармаваны, то для яго гэтага і не было.

Лукашук: Алена, у якасьці другой тэмы вы назвалі лёс эмігранта з Беларусі Кастуся Раманюка, які прыехаў на заробкі ў Прагу.

Ціхановіч: Жыцьцёвы шлях Кастуся – даволі тыповы. Ён у Беларусі займаўся кампутарным бізнэсам, замучылі праверкамі, штрафамі, ён уцёк ва Ўкраіну, потым у Чэхію, атрымаў палітычны прытулак. І гэтым жа бізнэсам пачаў займацца ў Чэхіі. Паводле яго сяброўкі, зь якой ён жыў у Празе, Кастусь у канцы жніўня адышоў з дому з маніторам, які хацеў прадаць, і на гэтым зьнік. Пазьней былі знойдзеныя астанкі маладога мужчыны у розным месцах Прагі – асобна рука, асобна нага... Экспэртыза пацьвердзіла, што гэта астанкі Кастуся. Гэта, відаць, адзін з найбольш трагічных выпадкаў, як закончылася эміграцыя маладога беларуса.

Лукашук: А злачынцы знойдзеныя?

Свабода, дэмакратыя, свабодны эканамічны рынак, добрыя заробкі, выбар магчымых і немагчымых даброт бываюць толькі і ідэале
Ціхановіч:
Так, знойдзеныя. Але прыклад Кастуся, хай ён даруе нам, гэта пэўны ўрок. Мне здаецца, што некаторыя маладыя беларусы, якія вырашаюць парваць сувязі з радзімай, маюць трохі наіўнае ўяўленьне, як будуць жыць на чужыне. Свабода, дэмакратыя, свабодны эканамічны рынак, добрыя заробкі, выбар магчымых і немагчымых даброт бываюць толькі і ідэале. Заўсёды цяжка прыйсьці да гэтага напрасткі, упісацца ў іншае грамадзтва і стаць яго натуральнай часткай. Адна са сьлізкіх сьцежак тут вядзе ў асяродзьдзе такіх жа эмігрантаў з былога СССР – дзе, з аднаго боку, па першым часе можна чакаць падтрымкі, але, з другога боку, стаць закладнікам тых жа сацыяльных стэрэатыпаў, згустку тых жа сацыяльных пагрозаў і праблемаў, ад якіх чалавек уцякаў. Тое, што ў справе забойства Кастуся затрымалі грамадзянаў краінаў былога СССР, паказвае, што па ўсёй верагоднасьці і наш зямляк стаў ахвярай такой фатальнай памылкі.

Лукашук: Аляксей, у якасьці другой эканамічнай падзеі Вы назвалі не падаражаньне, а патаньненьне.

Знаткевіч: Тое, што можна было б назваць пазытыўным вынікам крызісу для аўтамабілістаў – ад панядзелка ў Беларусі на 10% патаньнелі бэнзін і дызэльнае паліва. Такога ў найноўшай гісторыі яшчэ не было — дагэтуль кошты на паліва толькі расьлі. У гэтым вялікую ролю адыграў вядомы ў Беларусі блогер Яўген Ліпковіч. Некалі ён ладзіў кампанію, каб у продаж вярнулі абястлушчаны кефір, і дамогся свайго. А апошнія месяцы ён тэлефанаваў у "Белнафтахім" і дабіваўся адказу, чаму ў Беларусі цэны на паліва растуць, у той час як у іншых, у тым ліку суседніх краінах, яны зьмяншаюцца ў сувязі з падзеньнем цэнаў на нафту. Невядома, у якой ступені тут вялікая роля Яўгена Ліпковіча, але тут відаць, якую дадатковую моц можа даць актывісту-адзіночку Інтэрнэт, калі праблема сапраўды хвалюе людзей. Раней чыноўнік мог проста “паслаць” такога просьбіта без аргумэнтаў, але цяпер усё гэтае “пасыланьне” адразу трансьлюецца, як у нейкім reality-show, і за гэтым могуць назіраць усе і далучацца да ціску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG