Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Пашкевіч: “Садоўскі схаваў у акулярах відэакамэру”


Алесь Пашкевіч

Алесь Пашкевіч

Прэзэнтацыя кнігі Пётры Садоўскага “Мой шыбалет” адбудзецца 12 сьнежня. А сёньня мы прадстаўляем першыя чытацкія водгукі на новую кнігу. Слова старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесю Пашкевічу.


“У кантэксьце сучаснай мэмуарыстыкі гэтая кніга, як мне падаецца, надзвычайная. Спадар Пётра цытуе выказваньне Бальзака: “Мала быць чалавекам, трэба быць сыстэмай”. Гэтыя словы цалкам датычныя і шаноўнага мэмуарыста.

Сам аўтар вызначыў жанр як аўтабіяграфічныя арабэскі (а арабэскі — гэта ці фантастычны арнамэнт, ці невялікі музычны твор), аднак асабіста мне пасьля прачытаньня гэтае кнігі ўявілася, што жанравае яе вызначэньне магло б заняць асобную старонку. Часткай — гэта навукова-філязофскія нарысы, часткай — паэма ў прозе, часткай — лёсавая баляда, часткай — навуковае ці паліталягічнае апісаньне. Таму я хачу павіншаваць усіх беларускіх чытачоў з тым, што яны атрымаюць пад адной вокладкай шчырыя, пранікнёныя, прачулыя развагі і пра свой лёс, і пра мінулае, і пра сучаснае, а таксама па-мастацку зроблены тэкст.

Спадар Садоўскі ня толькі інтэлігентна выпісвае свой лёс, але і палемізуе зь іншымі мэмуарыстамі пра найважнейшыя падзеі палітычнага і грамадзкага жыцьця.

Чытаючы тэкст, мне ў некаторых выпадках здавалася, што спадар пісьменьнік, спадар Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Пётра Садоўскі ў акулярах недзе прыхаваў мініфотаапарат ці відэакамэру. Бо настолькі некаторыя эпізоды выпісаныя і з моўнага пляну вельмі сакавіта, і з фактурнага, зрокавага чытачу вельмі выразна выяўляюцца. Таму — гэта яшчэ, можа, і фотамэмуары, і відэамэмуары.

Можна толькі зьдзіўляцца насычанасьці і арабэскавасьці кнігі Пётры Садоўскага “Мой шыбалет”.

XS
SM
MD
LG