Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыляціць у Маскву для ўдзелу ў пахаваньні патрыярха Аляксія ІІ.

Пахаваньне патрыярха Аляксія ІІ адбудзецца 9 сьнежня. Інфармацыі аб удзеле кіраўніка Беларусі ў пахаваньні ў прэзыдэнцкай прэс-службе пакуль не падаюць. Кіраўнік прэс-службы Маскоўскай патрыярхіі, сьвятар Уладзімір Вігілянскі сказаў:

“Я чуў тое, што ён возьме ўдзел. Я чуў пра тое, што ён меў намер быць на адпяваньні”.

Якія яшчэ кіраўнікі краінаў возьмуць удзел у цырымоніі?

“Цяпер удакладняецца гэтае пытаньне. І паводле папярэдніх зьвестак, возьмуць удзел яшчэ й іншыя кіраўнікі краінаў”.

Расейскі прэзыдэнт выдаў указ аб адмене забаўляльных мерапрыемстваў і перадач у дзень пахаваньня патрыярха Аляксія ІІ. Кіраўнік Беларусі выказаў спачуваньні з нагоды сьмерці патрыярха, аднак аналягічнага ўказу ён не падпісаў. Паводле палітоляга Ігара Лялькова, гэта цалкам нармальна:

“Патрыярх Маскоўскі Аляксій ІІ усё ж ня быў дзяржаўным дзеячам Беларусі ці наогул нейкім беларускім значным дзеячам. Усё ж Аляксій ёсьць грамадзянінам іншай краіны. І тут гэта цалкам нармальна. Калі б Лукашэнка гэта зрабіў, то гэта быў бы сыгнал, што ён хоча неяк дадаткова залагодзіць Маскву”.

Ці ўдасца Аляксандру Лукашэнку скарыстаць паездку на пахаваньне для перамоваў з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым? Нагадаем, што заплянаваны на 1 сьнежня візыт у Маскву быў сарваны з-за спрэчак паміж Крамлём і афіцыйным Менскам адносна парадку дня пасяджэньня “Вышэйшага дзяржсавету саюзу Беларусі і Расеі”. Пакуль на інтэрнэт-сайце расейскага прэзыдэнта зьмешчана паведамленьне пра афіцыйны візыт у Маскву прэзыдэнта Аргентыны. На 9 сьнежня заплянаваныя расейска-аргентынскія перамовы. Інфармацыі адносна плянаваных сустрэчаў з Аляксандрам Лукашэнкам няма.

Прэсавы сакратар Паўла Барадзіна Іван Макушок паведаміў, што пасяджэньне саюзнага савету міністраў заплянавана на другую палову сьнежня. А дата пасяджэньня Вышэйшага дзяржсавету пакуль ня вызначана. Аднак, калі Аляксандар Лукашэнка зьявіцца ў Маскве, то, паводле палітоляга Ігара Лялькова, ён скарыстае магчымасьць пагаварыць з расейскім кіраўніцтвам:

“Лёс даў Лукашэнку нейкі такі дадатковы шанец паразумецца з расейскім кіраўніцтвам у зьвязку з пахаваньнем. Я думаю, размова, якая будзе, гэта размова пра грошы, пра кошт на газ для Беларусі ў наступным годзе. Я ня думаю, што Лукашэнка яшчэ раз рызыкне падымаць вельмі далёкасяжныя праекты, якія ён хацеў падняць 1 сьнежня. Будуць больш прыземленыя размовы. Пра тое, што трэба Расеі зрабіць, каб эканамічны стан свайго найбліжэйшага саюзьніка паспрабаваць хаця б мінімальна стабілізаваць”.

10 сьнежня сынод Расейскай праваслаўнай царквы вызначыць дату памеснага сабору, на якім будзе абраны 16-ы Маскоўскі патрыярх. Адзін з патэнцыйных прэтэндэнтаў на гэтую пасаду – мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG