Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 гадоў таму ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі лідэры Беларусі, Расеі і Ўкраіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук падпісалі пагадненьне пра ўтварэньне Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Савецкага Саюзу ня стала. Ці шкадуюць беларусы пра развал некалі вялікай і магутнай дзяржавы?

Сацыёлягі зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў падаюць такія лічбы: калі 15 гадоў таму 55% былі за аднаўленьне СССР, а 22% -- супраць, то сёлета за аднаўленьне Савецкага Саюзу выступаюць 36%, 51% -- супраць. Нават прадстаўнікі старэйшага пакаленьня разумеюць, што аднаўленьне Саюзу нерэальна. Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян выказаў такое меркаваньне:

“Нябожчыка нельга вярнуць да жыцьця, але можна на яго магіле збудаваць добры помнік, і толькі. Шкадаваць, што няма Савецкага Саюзу – неразумна. Трэба думаць аб тым, як будаваць новы саюзны будынак, як нам стварыць новы саюз славянскіх народаў. Аб гэтым я думаю і працую над гэтай праблемай. Будаваць новую саюзную дзяржаву трэба ня толькі з Расеяй, але і з усёй Украінай і з усімі славянамі”.

Сяргей Касьцян патлумачыў, што, натуральна, Юшчанка зь Цімашэнкай наўрад ці, а ўкраінскі народ – за славянскае адзінства. І ня толькі ўкраінцы. Сяргей Касьцян узгадаў:

“Яшчэ ў 1848 годзе на першым зьезьдзе славян у Празе Францішак Палацкі, чэскі прафэсар, напісаў Канстытуцыю фэдэральнай славянскай дзяржавы. Калі яе чытаеш, здаецца, што толькі ўчора ён яе напісаў”.

І зноў зьвернемся да сацыялягічных дасьледаваньняў. На пытаньне “Калі б вам давялося выбіраць паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз, што б вы абралі?” За аб’яднаньне з Расеяй – 48%, за Эўразьвяз – 31%. Маладое пакаленьне абірае Эўропу. Сябра “Эўрапейскай Беларусі” Паліна Кур’яновіч кажа:

“Яшчэ са сваім выбарам Беларусь ня вызначылася. Яна мітусіцца – то ў Расею, то ў Эўропу. Цяпер яна больш з Эўропай супрацоўнічае, але невядома, ці надоўга гэта. Можа, Расея пальчыкам пакліча... Мы лічым, што Беларусь павінна ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз. З Расеяй – гэта не варыянт. З Расеяй гэта будзе новы Савецкі Саюз. Калі ўступім у Расею – згубім незалежнасьць. А Эўропа гарантуе і захаваньне незалежнасьці, і цывілізацыю”.

Калі б заўтра адбыўся рэфэрэндум аб уступленьні ў Эўразьвяз, за прагаласавалі б 36% рэспандэнтаў НІСЭПД, супраць – 39%. Ну а пра Савецкі Саюз маладое пакаленьне беларусаў ведае няшмат. Паліна Кур’яновіч:

“Ой, ну, Савецкі Саюз, як мне мама расказвала, гэта вечныя чэргі ў пустыя крамы. Ніхто з маіх знаёмых дарослых людзей ня хочуць вярнуць Савецкі Саюз. У тым ліку, і мае бацькі. Канечне, былі там і свае плюсы, але гэта такі мізэр у параўнаньні з усім астатнім”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG