Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зойме мітрапаліт Філарэт кіроўную пасаду ў РПЦ?


Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт
Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт
Сынод Расейскай праваслаўнай царквы на сёньняшнім пасяджэньні абмяркуе магчымую дату пахаваньня патрыярха Аляксія II — 9 сьнежня. Таксама сінод абярэ трымальніка пасаду РПЦ. Новы ж патрыярх будзе абраны памесным саборам цягам шасьці месяцаў. Якія шансы заняць гэтыя пасады ў Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта?

Мітрапаліт Філарэт прыляцеў у Маскву з Аўстрыі, дзе ён знаходзіўся на лекаваньні. Ён сярод сямі сталых сяброў сіноду, якія ёсьць прэтэндэнтамі на трымальніка пасаду РПЦ. Трымальнік пасаду будзе кіраваць царквой да памеснага сабору, калі абяруць новага патрыярха. Мітрапаліт Філарэт у 80-я гады ўзначальваў аддзел зьнешніх царкоўных стасункаў Маскоўскага патрыярхату. Пра шансы быць абраным на адну з пасадаў прадстаўнік Беларускага экзархату, архімандрыт Аляксей Шынкевіч сказаў:

“У яго такія ж шанцы, як і ў астатніх. Тут не ідзе размова пра тое, каб той ці іншы архірэй, які нам вядомы, стаў патрыярхам. Найперш гэта будзе вырашаць увесь архірэйскі сабор. І мы спадзяемся, што будзе абраны той патрыярх, які патрэбны менавіта сёньня праваслаўнай царкве, якая вельмі хутка і поўна разьвіваецца. Мы спадзяемся, што будзе абраны патрыярх маладога ўзросту, вельмі актыўны, адукаваны. Які глыбока ведае жыцьцё як на кананічнай тэрыторыі царквы, так і добра ведае жыцьцё хрысьціянскага сьвету”.

На пытаньне, ці будзе Беларуская праваслаўная царква неяк ініцыяваць вылучэньне 73-гадовага мітрапаліта Філарэта і падтрымліваць яго ў гэтым, айцец Аляксей адзначыў:

“Спэцыяльна ніякай падтрымкі ня будзе. Гэтага няма ў статуце аб кіраваньні РПЦ. Справа ў тым, што кожная эпархія мае права ініцыяваць таго ці іншага кандыдата. І гэта будзе залежыць ад рашэньня, ад выбару ўсіх архірэяў. Менавіта так адбываецца абраньне патрыярха”.

Кандыдат філязофскіх навук Алесь Анціпенка лічыць малаверагодным абраньне мітрапаліта Філарэта на адну з кіроўных пасадаў РПЦ:

“Мне падаецца, што супраць узрост, некаторыя праблемы і, думаю, што ёсьць папросту больш актыўныя людзі, якія абазначылі сваю пазыцыю, як такую больш пранацыяналістычна-расейскую. Скажам, з элемэнтамі шавінізму. Таму Філарэт мае найменшыя шанцы заняць гэтую пасаду. Мы папрсоту зьяўляемся зараз сьведкамі чарговай хвалі росту расейскага шавінізму. Таму ў гэтай хвалі і будзе адбывацца абраньне новага патрыярха”.

Адносна значэньня дзейнасьці патрыярха Аляксія ІІ, спадар Анціпенка адзначыў:

“Патрыярх і тыя, хто за ім стаялі, былі заўсёды супраць хоць якой нацыяналізацыі царквы. І, безумоўна, імкнуліся захаваць такую маналітнасьць РПЦ як інструмэнту ўладнага ўплыву. Таму зусім невыпадкова, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка заўсёды знаходзіў паразуменьне ў праваслаўных колах. Бо яго прарасейскія арыентацыі супадалі з галоўнай магістральнай лініяй РПЦ за межамі Расеі”.

Кіраўнік Беларусі выказаў спачуваньні з нагоды сьмерці патрыярха. Ён адзначыў, што для яго падтрымка Аляксія ІІ “заўсёды была апорай”. Паводле кіарўніка прэс-службы прэзыдэнта Паўла Лёгкага, пакуль ня вызначана, ці паедзе Аляксандар Лукашэнка на пахаваньне патрыярха:

“Пакуль мы павінны пачуць, якія рашэньні прыме сьвяшчэнны сынод. Калі прыйдзе час, мы вам паведамім”.

У праваслаўных храмах у Беларусі адбыліся паніхіды. А ў Менскай эпархіяльнай управе вернікі пакідаюць запісы ў адмысловай кнізе памяці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG