Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведкі і сьледчыя наведалі Курапаты


Павалены крыж у Курапатах

Павалены крыж у Курапатах

Актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Макаў і Алег Сьвірыдаў сёньня выяжджалі ва ўрочышча Курапаты разам са сьледчымі бараўлянскай міліцыі. Сьледчыя патлумачылі, што ў рамках крымінальнай справы, якую распачалі паводле артыкулу 344 (наўмыснае пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў), будзе пазьней праводзіцца сьледчы экспэрымэнт.

Сёньня ж у сьветлы час сутак ім неабходна было зафіксаваць тыя кропкі, на якіх падчас экспэрымэнту будуць знаходзіцца Алег Сьвірыдаў і Алесь Макаў, каб праверыць іх паказаньні.

Затрыманыя актвістамі дзецюкі
1 лістапада напярэдадні правядзеньня шэсьця на Дзяды, позна ўвечары Алесь і Алег знаходзіліся на мэмарыяльным комплексе Курапаты, згодна з графікам дзяжурства, складзеным актывістамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Яны апавялі, што ўбачылі двух падлеткаў, якія білі нагамі па крыжах і тыя валіліся на зямлю. Макаў і Сьвірыдаў затрымалі хлопцаў і выклікалі міліцыю.

Акты вандалізму ў Курапатах адбываліся некалькі разоў. Толькі так званую “лаву Клінтана”, памятны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, руйнавалі 12 разоў.

Прыканцы 2005 году невядомыя апаганілі фашысцкай свастыкай крыжы й абраз Маці Божай Курапацкай. Летась напярэдадні Дзядоў зламалі Крыж Пакуты.

Менская раённая пракуратура распачынала па фактах вандалізму крымінальныя справы, але злачынцаў ніколі не знаходзілі.

Падлеткі маюць статус падазраваных у крымінальнай справе. Сёньня іх не прывозілі ў Курапаты.

Алесь Макаў распавёў “Свабодзе”:

“Ніякіх пытаньняў не задавалі. Папросту яшчэ раз упершыню на месцы падзеяў распавёў, што адбывалася тады, 1 лістапада, каб была прывязка да мясцовасьці. Я распавёў пра тое дзе хто ў той час знаходзіўся, адкуль мы іх убачылі і дзе затрымалі.

Далей будзе сьледчы экспэрымэнт, галоўная задача якога — высьветліць, наколькі мы маглі бачыць, і ці была магчымасьць таго, што нехта іншы зрабіў тое, што было зроблена”.

Сьледчая Бараўлянскай міліцыі Алена Хільчук, якая вядзе гэтую справу, паведаміла, што пасьля сьледчага экспэрымэнту, які мае адбыцца ў цёмны час сутак, вызначыцца — прад’яўляць абвінавачаньне і накіроўваць справу ў суд, ці — скасаваць яе з-за адсутнасьці доказаў віны падазраваных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG