Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура папярэджвае за супрацоўніцтва зь ”Белсатам”


Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі

Гомельскі актывіст стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Кастусь Жукоўскі атрымаў пісьмовае папярэджаньне з пракуратуры Веткаўскага раёну. У ім сказана пра недапушчальнасьць супрацоўніцтва зь беларускім спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”, які ажыцьцяўляе вяшчаньне з тэрыторыі Польшчы.

Кастусь Жукоўскі лічыць, што гэта наўпрост зьвязана зь нядаўняй выбарчай кампаніяй у парлямэнт, калі ён, будучы кандыдатам у дэпутаты, разам са сваёй ініцыятыўнай групай імкнуўся дапамагчы пагарэльцам зь вёскі Тумарын Веткаўскага раёну:

“Гэта, канечне, зьвязана з выбарчай кампаніяй. Калі падчас выбараў згарэла вёска Тумарын, я прыцягваў людзей, тэлефанаваў і сам здымаў. Я ж быў кандыдат у дэпутаты. У райвыканкаме здымаў галоўных чыноўнікаў — прыходзіў і здымаў. І ўсё гэта перадаваў, і ня толькі на „Белсат“. І скаргі пісаў, калі выгарала вёска. Мусіць, іх раззлавала, што іх „адцягнулі“ за гэта”.

Пракурор Веткаўскага раёну Раман Герасімаў патлумачыў нашаму радыё, што спадару Жукоўскаму вынесена не пакараньне, а толькі афіцыйнае папярэджаньне. Бо ў пракуратуру паскардзіўся старшыня райсавету Яўген Чаванькоў, які фігураваў у сюжэце тэлеканалу “Белсат”.

Герасімаў: “Сутнасьць у тым, што ён (Чаванькоў) не даваў якога-колечы інтэрвію наагул. І ў нас ёсьць наконт гэтага адпаведныя зьвесткі. А яго выкарысталі як чалавека, які нібыта даваў інтэрвію, і спаслаліся на ягоныя словы”.

Карэспандэнт: “На словы Жукоўскага ці старшыні?”

Герасімаў: “На словы старшыні. Таму ён і зьвярнуўся, што інтэрвію не даваў, а яго выкарысталі — як быццам ён расказаў у інтэрвію пра нешта. З мэтаю недапушчэньня падобных фактаў і абвяшчаецца папярэджаньне.

Чалавека папярэдзілі афіцыйна, што адміністрацыйным кодэксам прадугледжана адказнасьць за вось гэтую дзейнасьць ад імя нейкіх каналаў ці іншых сродкаў масавай інфармацыі, якія не акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь у Міністэрстве замежных спраў”.

Сам спадар Жукоўскі даслаў у пракуратуру ліст з патрабаваньнем выбачыцца перад ім за вынесенае папярэджаньне:

“Паводле Канстытуцыі я маю права зьбіраць інфармацыю й перадаваць яе, каму хачу й колькі хачу. Абы гэта не парушала дзяржаўнай таямніцы”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG