Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гарызанталь” судзіцца зь Міністэрствам юстыцыі


Вярхоўны суд Беларусі сёньня ня вынес вэрдыкту па скарзе заснавальнікаў грамадзкага аб’яднаньня “Гарызанталь” да міністэрства юстыцыі. Спачатку прадстаўнік Генэральнай пракуратуры на працэсе папрасіў зрабіць перапынак для вывучэньня новых дакумэнтаў. А потым судзьдзяЖукоўская, якая вядзе гэту справу, вырашыла выслухаць шэраг сьведак.

“Гарызанталь” аб’ядноўвае левыя сілы, апазыцыйныя да дзейнай беларускай улады. Яе старшыня Сяргей Калякін пераконваў суд: “Міністэрства юстыцыі адмаўляе „Гарызанталі“ ў рэгістрацыі толькі на падставе ўласных меркаваньняў, а не рэальных фактаў”.

Кансультант міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон бараніў сваё бачаньне сытуацыі: арганізатары ўстаноўчага сходу нарабілі памылак.

У выніку суду давялося разьбіраць шэраг канкрэтных сытуацыяў. Для прыкладу, такую. Удзельнік устаноўчага сходу, асьпірант Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы Аляксей Елісееў запісаў свой адрас: Менск, Маскоўская, 15. Спадар Харытон зрабіў праверку. І высьветліў, што малады чалавек жыве ў інтэрнаце. Прадстаўнік міністэрства лічыць: Елісееў павінен быў у рэгістрацыйным сьпісе напісаць яшчэ і нумар свайго пакоя. Аляксей паказаў у судзе пашпарт са штампам аб прапісцы. На ім значыцца толькі нумар дому, а нумару пакоя няма.

Сяргей Калякін
Камэнтуючы сёньняшняе паседжаньне, Сяргей Калякін падкрэсьліў:
Я перакананы, што існуе загад міністэрству не рэгістраваць новыя палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі дэмакратычнага кірунку.
“Міністэрства юстыцыі невыпадкова чапляецца за падобныя дробныя рэчы”.

“Я перакананы, што існуе загад міністэрству не рэгістраваць новыя палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі дэмакратычнага кірунку. Таму тыя дадзеныя, якія сёньня выкладаў на працэсе прадстаўнік гэтага міністэрства, па-першае, не адпавядаюць рэчаіснасьці. А па-другое, зьдзіўляе пазыцыя міністэрства: яно павінна дапамагаць грамадзянам рэалізаваць іх канстытуцыйнае права. А яно дзейнічае наадварот. І ў выніку замест прававой дзяржавы мы маем бюракратычную”.

Сяргей Калякін кажа, што такой абсурднай сытуацыі ён ужо даўно ня бачыў. Таму яму вельмі цікава:

“Ці зноў суд заплюшчыць вочы і будзе прымаць тое рашэньне, якое яму загадаюць, ці ўсё ж ён будзе кіравацца заканадаўствам, здаровым сэнсам наагул?”

Наступнае паседжаньне суду адбудзецца ў аўторак, 9 сьнежня а 14-й гадзіне.

XS
SM
MD
LG