Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Атрымліваецца, што жыву ў бяспраўным калгасе”


Агляд тэлефанаваньняў на ”Свабоду” за 5 сьнежня, пятніцу.


Павелічэньне надбаўкі за званьні для вайсковых пэнсіянэраў і пэнсіянэраў-міліцыянтаў, уведзенае два месяцы таму, зараз адмененае. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Пётр Сьцяпанавіч: “Лукашэнка не адзін раз заяўляў, што ў Беларусі ніякага крызісу няма. У пацьверджаньне гэтых словаў усім тым, хто носіць і насіў пагоны, было дабаўлена да заробку, і прытым нямала. Я ваенны пэнсіянэр. Маёр. Мая пэнсія — 770 тысяч рублёў. У лістападзе атрымаў 1070 тысяч. Было дабаўлена 300 тысяч. У сьнежні атрымаў 770 тысяч. Каб я жыў у прававой дзяржаве, атрымліваў бы надалей пэнсію з надбаўкай. А так атрымліваецца, што жыву ў бяспраўным калгасе. І старшыня калгасу можа даць каня ўзараць агарод, а заўтра ня даць. Не разумею, навошта ўвогуле было гарадзіць гэты плот, каб яго празь месяц разбураць?”

Спадар, Смаргонь: “Я лічу, што вайскоўцам і мянтоўскім пэнсіянэрам увогуле ня трэба даваць ніякае пэнсіі. Адны прапілі ўсё ў войску, другія пражылі ўсё жыцьцё на хабарах. Я ведаю, пра што кажу”.

Зьміцер, Лагойск: “Гэтыя міліцыянты, вайскоўцы нядрэнныя грошы зарабляюць — 200-300 даляраў. А што рабіць простым людзям, якія жывуць на 150 даляраў, а 60 трэба заплаціць за паслугі? Хай яны пра гэтых падумаюць. Я б так адказаў: багатыя таксама плачуць”.

Cпадарыня: “Гэтыя людзі атрымліваюць добрую пэнсію, не такую, як мы, шараговыя пэнсіянэры. Калі вось у мяне вышэйшая адукацыя, я цяпер атрымліваю пэнсію 400 тысяч рублёў. А яны — значна больш. І тым болей гэтыя людзі не абдзеленыя павагай з боку ўладаў. Калі мы гаворым пра крызіс, то трэба пачынаць прэзыдэнту з сваёй вэртыкалі, у прыватнасьці з вышэйшых эшалёнаў улады. Зьменшыць ім аклады, паменшыць прэміі і скарачаць адміністрацыйны апарат, асабліва сілавыя структуры, якія трымаюць у сваіх шэрагах гэтых неадукаваных маладых людзей, якія толькі і могуць пісаць непісьменныя даносы на маладых апазыцыянэраў і зьбіваць людзей. Трэба ім паменшыць заробкі, і тады нейкая доля эканоміі будзе ў бюджэце”.

***

Тэма фінансавага крызісу — у наступных тэлефанаваньнях:

Спадар: “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт крызісу. Зразумела, што ў краіне будзе зьніжэньне дабрабыту. Турмы нечаму вучаць, галадамор нечаму вучыць, спадзяюся, і крызіс беларусаў нечаму навучыць. Бог паслаў гэты крызіс і шанец паўторны Беларусі на сапраўднае адраджэньне. Грэх гэты шанец не скарыстаць”.

Cпадар: “Сёньня даведаўся пра паніжэньне тарыфнай стаўкі першага разраду на 15 адсоткаў. На пытаньне вашых журналістаў, з чым гэта зьвязана, я б адказаў так: гэта выдаткі рынкавага сацыялізму. Тое, што гэта зьвязана з глябальным крызісам, — ня веру, таму што прэзыдэнт заяўляў, што нас крызіс не закране. Прэзыдэнту трэба верыць”.

Cпадарыня: “Пачуўшы ўчора „бацькава“ патрабаваньне прадаць куды заўгодна тавары са складоў, я ўпершыню за апошні час пашкадавала міністраў. Патлумачце мне, калі ласка, як можна навязаць каму-небудзь сваю прадукцыю, тым болей ня лепшае якасьці, калі ў людзей і дзяржаваў насамрэч няма грошай?”

На пытаньне адказвае палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Я ня раіў бы шкадаваць нашых міністраў, бо менавіта яны прымушалі прадпрыемствы рабіць прадукцыю на склад, а не на продаж. Менавіта яны рэгулявалі кошты і зараз не дазваляюць прадпрыемствам прадаваць тое, што яны маюць, бо кошты трэба ўзгадняць. Замест таго, каб захаваць узровень даходаў насельніцтва, міністры дбаюць пра тое, каб арганізаваць схемы па прыватызацыі і дапамагчы буйным лабістам, якія так і не навучыліся выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю”.

***

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Cпадар: “Да якога дажыліся жыцьця! Які клопат пра нас, інвалідаў, пэнсіянэраў! Калі гора-начальнікі забаранілі ўсе шапікі. Па пакецік гарбаты едзь у супэрмаркет спадара Паўлава, таму што шапікі псуюць канфігурацыю гораду. Нахабства, хамства, інакш не назавеш!”

Cпадарыня: “У Тайляндзе ні войска, ні паліцыя не перашкаджалі народнаму руху разабрацца з прэм’ерам і адправіць яго ў адстаўку. А Вярхоўны суд Тайлянда прызнаў выбары сфальсыфікаванымі і прысудзіў прэм’еру адстаўку, а яго партыі — роспуск. Лідэрам беларускай апазыцыі ня шкодзіла б адправіцца па досьвед у Тайлянд”.

Спадар:

“Помню адзін дзянёк,
як падымае Расею Мядзьведзеў, новы канёк-гарбунок.
Ён кажа: трэба каб суды, СМІ, заканадаўчая ўлада былі незалежнымі.
Ён рашае, а хто ў гэтым яму мяшае?
Узор: суд па справе журналісткі Паліткоўскай.
Выканаўцаў знайшлі,
А галоўныя забойцы, як заўжды, у цень адышлі.
Справа кепска ідзе, суд закрыты, няма СМІ на судзе.
Відаць, як першая асоба Мядзьведзеў не такі,
Ён пад лічбай толькі другі.
А першы жыта сее Пуцін ды партыя “Адзіная Расея”.


Фёдар Лашкевіч: “Цяперашнія нашы ўладары, як, прабачце, гной у палонцы, боўтаюцца туды-сюды і ніяк ня вырашаць, да якога ж краю прыстаць, хаця край вядомы і абмеркаваньню не падлягае — Беларусь. Неаднойчы спрабаваў гэтай браціі падабраць азначэньне. Задача, здаецца, простая, але знайсьці адзіна трапнае не ўдавалася. І вось перачытаў „Прамову Мялешкі“. У адным месцы ён піша: „Хоць наша костка, але сабачым мясам абрасла і сьмярдзіць“. Дык вось, аказваецца, азначэньне даўно ёсьць. Сабачае мяса. Пане Мялешка, дзякую, што дапамог. Чатыры стагодзьдзі прайшло пасьля цябе, а колькі ж перабегала і яшчэ бегае сабачага гэтага мяса”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266—39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG