Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гарызанталь" супраць вэртыкалі


Сёньня Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць скаргу заснавальнікаў сацыяльна-патрыятычнага грамадзкага аб'яднаньня «Гарызанталь». Яны незадаволеныя тым, што Міністэрства юстыцыі двойчы адмовіла ім у рэгістрацыі.

Старшыня рады «Гарызанталі» Сяргей Калякін у інтэрвію «Свабодзе» на адмову ў рэгістрацыі грамадзкага аб'яднаньня рэагуе так:
«Тыя прэтэнзіі, якія нам прад’яўляюць, проста па-за межамі здаровага сэнсу. Там нічога няма ад заканадаўства. Вось, напрыклад, такі момант. Мы праводзілі паседжаньне (ўстаноўчы сход) у будынку на 2-й Шостай лініі ў Менску. Спадар Харытон, які вядзе нашу справу ў міністэрстве, быў у гэтым будынку, бачыў памяшканьне, нават палічыў, колькі там месцаў. А пасьля сказаў, што такога будынку ў Менску няма. Няма таму, што ў нейкіх рэгістрацыйных дакумэнтах нібыта няма такога будынку з корпусам №1. Хаця на будынку ёсьць шыльда пра тое, што існуе і першы корпус, і другі. Мы прад'явім фотаздымкі гэтага ўсяго».

Стваральнікі “Гарызанталі” – беларускія левыя, апазыцыйныя да ўладаў. Найперш, гэта сябры Партыі камуністаў Беларускай, а таксама актывісты ліквідаванай Беларускай партыі працы. Сярод кіраўнікоў знаёмыя прозьвішчы: Аляксандар Бухвостаў, Сяргей Калякін, Алена Скрыган...

Свой назоў “Гарызанталь” абрала невыпадкова: яшчэ на першым устаноўчым сходзе было заяўлена, што “Гарызанталь” ствараецца “для актывізацыі палітычнага жыцьця грамадзян, а таксама ў супрацьвагу існуючай у Беларусі вэртыкалі ўлады”.

Алена Скрыган падкрэсьлівае, што 5 сьнежня Вярхоўны суд будзе разглядаць скаргу на другую адмову ў рэгістрацыі “Гарызанталі”:

“І мы ўлічылі ўсе тыя заўвагі, якія зрабіла нам міністэрства мінулы раз. Цяпер у міністэрства няма ніякіх заўваг ні па статуту, ні па графічнаму выяўленьню структур і іх узаемасувязяў.

Але цяпер міністэрству здаецца, што некаторыя людзі, якія ўдзельнічалі ва ўстаноўчым сходзе, нібыта там ня былі, а іх подпісы падробленыя. І здаецца Мін’юсту, што няма такога будынку, у якім мы праводзілі паседжаньне”.

Першы ўстаноўчы сход сацыяльна-патрыятычнага грамадзкага аб’яднаньня “Гарызанталь” прайшоў у Менску сёлета -- у студзені. Другі – у жніўні. На ім прысутнічалі 67 чалавек з усіх абласьцей Беларусі. 23-га кастрычніка заснавальнікі “Гарызанталі” атрымалі пісьмовы адказ з Мін’юсту аб адмове ў рэгістрацыі. Скаргу на гэта рашэньне і будзе разьбіраць сёньня Вярхоўны суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG