Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Ракіцкі: Давайце й мы паглядзім у вочы праўдзе


Госьць “Начной Свабоды” – супрацоўнік нашага радыё, мастацтвазнаўца, тэатральны і кінакрытык Вячаслаў Ракіцкі.

Соўсь: Ад 7 кастрычніка ў эфіры “Белсату” штоаўторка Вячаслаў Ракіцкі ў цыклі “Блізкая гісторыя: іншы погляд” прадстаўляе дакумэнтальныя фільмы пра Беларусь. Усяго ў цыклі дзесяць стужак, у якіх паказаныя падзеі ў Беларусі апошніх дзесяці гадоў. Аўтары фільмаў – пераважна польскія рэжысэры, і таму і ўзьнікае патрэба ў пэўных камэнтарох, закліканых дапамагчы беларускаму гледачу спасьцігнуць аўтарскую задуму. Вячаслаў, паводле якога крытэру вы выбіралі фільмы для перадачы “Блізкая гісторыя”?

Ракіцкі: “Белсат” прапанаваў паглядзець мне болей як 20 фільмаў пра Беларусь, зьнятых польскімі рэжысэрамі за дзесяцігодзьдзе – ад 1996 да 2006 году. Калі я іх паглядзеў, дык зразумеў, што іх нельга не паказаць беларускаму гледачу, таму што ў гэтых фільмах адлюстраваныя ключавыя падзеі найноўшай гісторыі Беларусі. Я зразумеў, што іх можна сыстэматызаваць паводле храналёгіі і ключавых падзеяў. У выніку паўстане праўдзівая палітычная гісторыя Беларусі – ад пачатку прэзыдэнцкага праўленьня (з рэтраспэкцыямі, што гэтаму папярэднічала) і аж да нашых дзён.

Рэфэрэндумы, эканамічныя крызісы, разгоны масавых акцыяў апазыцыі, суды і арышты, турмы, зьнікненьне іншадумцаў, перасьлед незалежных сродкаў масавай інфармацыі – усё фіксавалі камэры польскіх дакумэнталістаў у Беларусі
Рэфэрэндумы, эканамічныя крызісы, разгоны масавых акцыяў апазыцыі, суды і арышты, турмы, зьнікненьне іншадумцаў, перасьлед незалежных сродкаў масавай інфармацыі – усё фіксавалі камэры польскіх дакумэнталістаў у Беларусі. І галоўнае – у гэтых карцінах дасьледаваньне псыхалёгіі людзей у такіх умовах. Паўстае шырокае і глыбокае палатно беларускай гісторыі вачыма творцаў суседняй краіны. Гэта ўнікальны дакумэнтальны і мастацкі даробак. Храналёгія найважнейшых падзеяў палітычнай гісторыі Беларусі, паглыбленьне ў псыхалёгію нацыі і, натуральна, мастацкія вартасьці фільмаў – асноўны крытэр, асноўны прынцып, паводле якога я й пабудаваў цыкль “Блізкая гісторыя: іншы погляд”. Пакуль з болей як двух дзясяткаў фільмаў я выбраў дзесяць. Магчыма, будзе й працяг. Фільмы працягваюць здымацца, цікавасьць да іх у гледачоў таксама ёсьць.

Соўсь
: У аўторак я паглядзела фільм “Жыцьцё цудоўнае” польскага рэжысэра Марка Чункевіча. Завершыцца цыкль у наступны аўторак фільмам беларускага рэжысэра Юр’я Хашчавацкага “Плошча”. Дарэчы, і пачынаўся цыкль на “Белсаце” фільмам таго ж майстра – “Звычайным прэзыдэнтам”. Чаму цыкль польскіх фільмаў вы пачалі і завяршаеце фільмамі Хашчавацкага?

Ракіцкі: Таму што сваім фільмам “Звычайны прэзыдэнт” Юры Хашчавацкі па сутнасьці запачаткаваў цэлы пласт у беларускай і ўсясьветнай кінадакумэнталістыцы пра Беларусь. Гэта фільм, які вельмі глыбока асэнсаваў найважнейшы этап беларускай гісторыі – прыход да ўлады першага прэзыдэнта. Гэты фільм стаў ня толькі фактам кінамастацтва, але й фактам палітычнай гісторыі Беларусі, фактам змаганьня беларускай нацыянальнай інтэлектуальнай эліты супраць дыктатуры, за незалежную і дэмакратычную Беларусь. Фільм стаў легендай: забаронены для паказу на дзяржаўным тэлебачаньні, яго перапісвалі на відэакасэты і дыскі.

Відавочны ўплыў Хашчавацкага на польскіх творцаў. Думаю, што прынцыпова цікава павінна быць для беларусаў, якімі іх бачаць суседзі
Што да “Плошчы”, дык таму, што празь дзесяць гадоў моладзь, у якой укралі галасы на прэзыдэнцкіх выбарах, адваявала ў прэзыдэнта невялічкую тэрыторыю свабоды на плошчы ў самым цэнтры сталіцы. Я падумаў, што гэтымі двума фільмамі можна цікава закальцаваць восем стужак польскіх рэжысэраў з падзеямі, якія адбыліся паміж выбарамі першага прэзыдэнта і падзеямі на Плошчы пасьля чарговых прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Тым болей, што відавочны ўплыў Хашчавацкага на польскіх творцаў. Думаю, што прынцыпова цікава павінна быць для беларусаў, якімі іх бачаць суседзі.

Соўсь: Перад эфірам наш карэспандэнт Ігар Карней зьвязаўся зь Юр’ем Хашчавацкім.

Карней: Спадар Юры, Вячаслаў Ракіцкі адзначае, што ў польскіх дакумэнтальных фільмах пра Беларусь апошняга дзесяцігодзьдзя відавочны ваш уплыў. Ці вы згодныя?

Хашчавацкі
: Я ня ўсе фільмы, пра якія ідзе размова, бачыў. Але шмат з кім з польскіх рэжысэраў знаёмы асабіста. Я бачу, што яны вельмі прафэсійныя людзі. Яны вельмі дакладна разумеюць нашую сытуацыю. Увогуле, я апошнім часам шмат працаваў з Варшавай, Польшчай як рэжысэр, і прадусары мае там, калі я працую для Эўропы. Безумоўна, я ўплываў на іхныя працы, гэтаксама як і яны на мае. Таму што мы, кінэматаграфісты як прафэсіяналы, безумоўна, уплываем адзін на аднаго. Той жа Міраслаў Дэмбіньскі, які зрабіў цудоўны фільм “Урок беларускай мовы”, падарыў мне адну зь яго першых копіяў.

Карней: На ваш погляд, ці могуць замежныя рэжысэры аб’ектыўна адлюстраваць на экране сытуацыю ў Беларусі?

Хашчавацкі: Часам яны могуць быць нават больш аб’ектыўнымі, чым мы самі, бо неабходная пэўная дыстанцыя ад таго, што паказваеш.

Вось прыклад. Адзін з дыпляматаў праз тыдзень, як прыехаў у нашую краіну, кажа мне: “Я не разумею, Юры, чаму вы так крытычна ставіцеся да таго, што адбываецца ў вашай краіне? Тут жа так чыста, тут такі цудоўны народ”. Я паглядзеў на яго і кажу: “Давайце вернемся да нашай размовы праз паўгоду”. Мы сустрэліся празь месяц, і ён кажа мне: “Та-ак, Юры Іосіфавіч, вы мелі рацыю!”

Натуральна, ніводзін рэжысэр ня можа месяц тут сядзець. Ён павінен хутчэй убачыць усю глыбіню драмы, якая тут адбываецца. Ён павінен хутка ўбачыць сутнасьць. Ня толькі чыстыя вуліцы, якія ў нас, дзякуй Богу, чыстыя, ня толькі асьветлены цэнтар гораду, які ў нас, дзякуй Богу, асьветлены, але шкада, што не асьветленыя ўскрайкі. Ён павінен зразумець унутраную сутнасьць нашага жыцьця. Гэта, натуральна, вельмі складана, але, з другога боку, калі гэта моцны прафэсіянал, які можа заглыблена паглядзець на нашае жыцьцё, ён здолее адкінуць нейкія нашыя цяперашнія ўнутраныя праблемкі і ўбачыць галоўнае. А часам здараецца, нават больш дакладна.

Соўсь: Вячаслаў, а на ваш погляд, ці аб’ектыўна замежныя рэжысэры адлюстроўваюць сытуацыю ў Беларусі? І ў чым канкрэтна выяўляецца ўплыў Хашчавацкага на польскіх кінадакумэнталістаў?

Ракіцкі: Найперш пра ўплыў Хашчавацкага. Ён, з майго гледзішча, безумоўны. І ў скіраванасьці фільмаў на дасьледаваньне прыроды беларускай дыктатуры, улучна з псыхалёгіяй чалавека, які дасягнуў нечакана вяршыні ўлады, і псыхалёгіі народу ва ўмовах дыктатуры. Уплыў адчуваецца і ў кінамове аж да цытатаў у паказе Лукашэнкі зь ягонымі шчыраваньнямі, калі ён, гаворачы няпраўду, шчыра верыць, што гэта праўда, ці ў паказе вачэй прэзыдэнта, якія ўвесь час бегаюць у пошуках ворагаў. Далучэньне да досьведу Хашчавацкага выяўляецца і ў жорсткіх мантажных стыках прамоваў Лукашэнкі ці маналёгаў звычайных людзей або палітыкаў з сцэнамі лютых разгонаў дэманстрантаў, кантрастаў прыгожай беларускай прыроды і жахлівай калгаснай рэальнасьці.

Што да аб’ектыўнасьці польскіх рэжысэраў... Ведаеце, мне ўжо некалькі разоў казалі, што, маўляў, палякі наўмысна згушчаюць фарбы, малююць беларускую рэчаіснасьць перадусім чорнымі фарбамі. Катэгарычна з такімі меркаваньнямі я ня згодны. Яны заўважаюць, фіксуюць, пераводзяць у адназначна трактаваныя вобразы, мэтафары тое, да чаго беларусы прывыклі – што іх топчуць п’яніцы ў грамадзкім транспарце, што паўсюль, нават у прысутнасьці жанчын, гучыць расейская брыдкая лаянка...

Прыкладам, у фільме “Раскіданы дом” паказаны дом, які ўрастае ў зямлю, гэтаксама як і людзі гнуцца да зямлі ў набліжэньні сьмерці як збавеньня ад пакутаў. У гэтым жа фільме мы бачым парсюка, які захрас у гноі пасярэдзіне вёскі і ня можа стаць на ногі, гэтаксама як і людзі ніяк ня могуць выкараскацца з рэаліяў спаскуджанай савецкім калгасам вёскі.

мне згадваюцца словы вялікага італьянскага рэжысэра Расэліні, які ў адказ на абвінавачаньні ў бязьлітасным паказе праўды пра вайну казаў, што людзі гэта цярпелі, і, каб гэта не паўтарылася, прыйдзіце і вы ў кінатэатар і мужна паглядзіце. А Элем Клімаў фільм пра Беларусь часу другой усясьветнай вайны так і назваў “Ідзі і глядзі”
У фільме “Беларускі вальс”, які, спадзяюся, мы яшчэ пабачым на “Белсаце”, п’яніца ў вайсковай форме ніяк ня можа падысьці да помніка героям, каб ускласьці кветкі, бо ногі яго не трымаюць. І палякі на гэта зьвяртаюць увагу.

Тут мне згадваюцца словы вялікага італьянскага рэжысэра Расэліні, які ў адказ на абвінавачаньні ў бязьлітасным паказе праўды пра вайну казаў, што людзі гэта цярпелі, і, каб гэта не паўтарылася, прыйдзіце і вы ў кінатэатар і мужна паглядзіце. А Элем Клімаў фільм пра Беларусь часу другой усясьветнай вайны так і назваў “Ідзі і глядзі”.

Дык, сучасныя беларусы, давайце й мы паглядзім у вочы праўдзе, хоць яна й ня вельмі прывабная. Ня вельмі хочацца... Лепш жыць у прыдуманым жыцьці і дзякаваць прэзыдэнту за яго, як гэта робяць людзі ў фільме “Жыцьцё цудоўнае”, ляйтматывам якога стануць скокі на “Славянскім базары” пад пошлыя сьпевы расейскай поп-зоркі Баскава. Расейская культурная (а мо хамская?!) акупацыя Беларусі працягваецца... Вось у такім бачаньні сучаснай Беларусі выяўляецца аб’ектыўнасьць польскіх кінарэжысэраў.

Соўсь: Вячаслаў, а вы самі гледзіце “Белсат”? 10 сьнежня спаўняецца год, як гэты незалежны беларускі тэлеканал выйшаў у эфір. Як ён разьвіваецца?

Ракіцкі: З таго моманту, як я паставіў спадарожнікавую антэну, у маёй кватэры нават атмасфэра зьмянілася. Цяпер вечарамі з тэлепрымача ў мяне гучаць добрая беларуская мова, добрая беларуская рок-музыка. Нарэшце – свая. Нарэшце я магу глядзець аб’ектыўную інфармацыю і незаангажаваную аналітыку. Нарэшце я магу не ўключаць расейскамоўнага беларускага тэлебачаньня, якое перадае ідэалягічна апрацаваныя навіны і дзе нон-стоп скачуць расейская папса і яе беларускія клоны.

Мяне, які таксама свайго часу працаваў на тэлебачаньні, вельмі цешыць безумоўны рост прафэсіяналізму маладых тэлевядоўцаў і рэпартэраў “Белсату”. Яны, якія год таму прыйшлі на тэлебачаньне з малым досьведам працы пры мікрафоне і перад камэрай, умацаваліся ў прафэсіі, акрыялі. Цяпер ёсьць вельмі дакладна і лягічна пабудаваная праграмная сетка, у якой лёгка арыентавацца. А галоўнае, на “Белсаце” шмат добрага дакумэнтальнага кіно, натуральна, ня толькі ў цыклі “Блізкая гісторыя: іншы погляд”.

Соўсь: Мы працягваем тэму дакумэнтальнага кіно. Дзьве беларускія дакумэнтальныя кінастужкі “Журналісты” і “Галерэя Ады” ўзялі ўдзел у найбольшым эўрапейскім фэстывалі дакумэнтальнага кіно ў Амстэрдаме. Аўтары гэтых працаў – незалежныя рэжысэры Алег Дашкевіч і Ўладзімер Колас. Па выніках прагляду праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” ўключыла кінафільм “Журналісты” ў штогадовы міжнародны паказ.

Вячаслаў, як вы мяркуеце, на фоне задэкляраванай беларускім кіраўніцтвам лібэралізацыі тыя дакумэнтальныя фільмы, якія былі прадстаўленыя на кінафэстывалі ў Амстэрдаме, фільмы, якія трансьлююцца на “Белсаце”, ці маюць шанец быць паказанымі на дзяржаўным беларускім тэлебачаньні?

Ракіцкі: Безумоўна, не. Але тут пытаньне крыху ў іншым. Для мяне існуе сёньня ў Беларусі два дакумэнтальныя кіно.

Ёсьць і іншы кінэматограф, які існуе ва ўчорашнім дні, які ідэалягічна абслугоўвае ўладу. Гэта рэжысэры, якія сабраліся пад камандай Замяталіна на студыі “Беларусьфільм”. Пазаўчора яны здымалі фільмы пра КПСС, учора, як была каньюнктура іншая, пра БНР, сёньня пра Лукашэнку..
Адно існуе ў сёньняшнім дні (гэта і Юры Хашчавацкі, і Алег Дашкевіч, і Ўладзімер Колас, і Юры Гарулёў, і Віктар Дашук, і Віктар Асьлюк, і Галіна Адамовіч) – гэта тое новае ў беларускім кіно, якое будзе запатрабаванае і на Захадзе, і на тым жа “Белсаце”, і на дамашніх прайгравальніках.

Ёсьць і іншы кінэматограф, які існуе ва ўчорашнім дні, які ідэалягічна абслугоўвае ўладу. Гэта рэжысэры, якія сабраліся пад камандай Замяталіна на студыі “Беларусьфільм”. Пазаўчора яны здымалі фільмы пра КПСС, учора, як была каньюнктура іншая, пра БНР, сёньня пра Лукашэнку... Гэтае кіно будзе запатрабаванае беларускім тэлебачаньнем, сёньняшнім беларускім рэжымам, але не шырокім гледачом і не прэстыжнымі міжнароднымі фэстывалямі.

Фільмы незалежныя, створаныя дома, на хатняй апаратуры, фільмы, якія фінансуюць заходнія прадусары ці ўнутраныя спонсары, будуць атрымліваць прызы. Фільмы, створаныя за грошы дзяржавы, пад вядзеньнем вялікага цэнзара Замяталіна, ня маюць ніякіх шанцаў.


Вячаслаў Ракіцкі – кандыдат мастацтвазнаўца, тэатральны і кінакрытык, журналіст, пісьменьнік, перакладчык з польскай. Аўтар некалькіх сотняў крытычных артыкулаў пра тэатар і кіно. Адзін з аўтараў акадэмічнага трохтомнага выданьня “Гісторыі беларускага тэатру”.

Нарадзіўся, як сам заўсёды падкрэсьлівае, там, дзе й першы беларускі прафэсійны тэатар Ігната Буйніцкага, – у мястэчку Празарокі на Глыбоччыне. Ягоная бабуля таксама танцавала на вечарынах, якія ладзіў пачынальнік беларускага тэатру. Таму Вячаслаў лічыць, што выбар ягонай прафэсіі наканаваны лёсам. Працаваў акторам і загадчыкам літаратурнай часткі Рэспубліканскага тэатру юнага гледача. Выкладаў гісторыю тэатру і тэорыю драмы ў Акадэміі мастацтваў, Унівэрсытэце культуры і Інстытуце сучасных ведаў.

Пасьля выгнаньня з Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук за, як сам кажа, неразуменьне сацыялістычнага рэалізму і падтрымку нацыяналістычных спэктакляў тыпу “Тутэйшых” у Магілёўскім тэатры Генадзь Бураўкін і Вольга Іпатава запрасілі яго на тэлебачаньне загадчыкам аддзелу літаратуры і мастацтва, вёў гістарычна-культурніцкую праграму “Адраджэньне”. Быў галоўным рэдактарам недзяржаўнага культурніцкага часопісу “Спадчына”, працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм” рэдактарам творчага аб’яднаньня “Дыялёг” Ігара Дабралюбава. Ад 1997 году – аўтар Радыё Свабода. Вядучы праграмаў – спачатку “Неабжытай спадчыны”, а з пачатку стагодзьдзя – “Беларускай Атлянтыды”. Аўтар аднайменнай кнігі. Сябра Беларускага саюзу пісьменьнікаў, Саюзу тэатральных дзеячоў і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG